16.11.2007 / 20:56

У Мазыры на мітынгу супраць адмены льготаў затрымалі 25 школьнікаў 2

Усіх іх трымаюць у міліцыі. Міліцэйскае кіраўніцтва патрабуе назваць арганізатараў акцыі.

У Мазыры Гомельскай вобласьці 25 чалавек, большасьць зь якіх навучэнцы гарадзкіх школаў, знаходзяцца ў пастарунку міліцыі.

Міліцыянты затрымалі спачатку 14 школьнікаў, а потым яшчэ 10 каля цэнтральнай плошчы Мазыра – плошчы Леніна. У затрыманых знайшлі расьцяжку: «Не – скасаваньню льготаў!».

Усіх трымаюць у актавай залі будынку міліцыі. Школьнікаў фатаграфуюць і бяруць у іх адбіткі пальцаў. Міліцыянты складаюць на затрыманых пратаколы за ўдзел у несанкцыянаванай вулічнай акцыі. Пры гэтым, у парушэньне дзейнага заканадаўства, да непаўналетніх не выклікаюць бацькоў.

Мясцовы праваабаронца Сяргей Лапушка паведаміў «Свабодзе», што яго не дапусьцілі у памяшканьне, дзе знаходзяцца затрыманыя, нягледзячы на іх просьбы. Вядома, што ў міліцыю выклікалі дырэктараў школ, вучні якіх намагаліся ладзіць вулічную акцыю.

Паводле нормаў заканадаўства, міліцыянты мусілі адпусьціць затрыманых пад падпіску бацькоў праз гадзіну ад моманту затрыманьня, бо яны зьяўляюцца непаўналетнімі. Але ўсіх трымаюць у міліцыі. Міліцэйскае кіраўніцтва патрабуе назваць арганізатараў акцыі падлеткаў.

Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
а дзе яшчэ адзін школьнік? / Адказаць
17.11.2007 / 00:58
а арганізатар вядома хто - на карламарла38 ён
0
udzelnik / Адказаць
19.11.2007 / 11:23
16.11.07. – ЗАТРЫМАЛІ 23 ЧАЛАВЕКІ ЗА ЎДЗЕЛ Ў МІТЫНГУ ЯКОГА НЕ БЫЛО Шчэ да пачатку акцыі пратэсту мы вырашылі пайсці на плошчу, ды пастаяць побач, паглядзець як збіраецца народ(нас было 7). З сабою мы мелі 4-ры транспаранты. Якія схавалі на яліну, што стаяла побач. Потым да нас пад’ехала машына, з якой выйшлі “людзі ў чорным”, адзін з іх паказаў пасведчане, здаецца гэта было КДБ. У нас запыталі што мы тут робім, мы сказалі: “вось збіраемся пайсці ў парк”. Потым да нас падыйшлі шчэ трое чалавек, якія з’яўляліся нашымі знаёмымі.“Людзі ў чорным” перапісалі нашыя дадзеныя і сказалі што зараз адпусцяць нас гуляць. Але пад’ехала машына, з якой выйшаў грозны міліцыянт, які сказаў каб нас пасадзілі па 5 чалавек ў адну легкавую машыну. Нас завезлі ў міліцыю, дзе сказалі што праз гадзіну нас адпусцяць. Прайшло некалькі хвілінаў, і ў актавую залю прывялі чатыры чалавекі, потым шчэ восем і так сама нейкага паўналетняга хлопца, які праходзіў па плошчы. Мы сказалі што яны абавязаныя выклікаць бацькоў, і яны сказалі што зараз вызавуць, і чамусці выклікалі дырэктароў і завучаў школ. Ў бальшыні няўдалых “мітынгоўшчыкаў” былі доўгія косы, і дырэктары, завучы, нейкі пьяны дзядзька – усе разам казалі што іх трэба пастрыгці. А падпалкоўнік Гвоздзь, калі сабраў у кабінеце дзяцей з бацькамі параўноўваў “мітынгоўшчыкаў” з бамжамі, а таксама з сатаністамі, бо ў іх былі доўгія косы. Таксама даволі часта ў яго праскакваў мангола-татарскі лексікон. У тым жа кабінеце таварыш Гвоздзь казаў бацькам, што іхнім дзецям арганізатар акцыі даў 5000р, а яму за арганізацыю акцыі далі 500$, пры гэтым яны нават ня ведалі хто арганізаваў мітынг, якога не было. Таксама таварыш Гвоздзь сказаў, што ўсім удельнікам мітынгу датуць штраф 900000р,а таму хто назаве імя арганізатара нічога не зробяць, але як можна даць штраф за ўдзел у мітынгу, калі мітынгу не было? Але бацькі спужаліся давай казаць дзецям, каб сказалі хто гэта. Але ніхто не сказаў, мабыць ніхто й ня ведаў.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру