22 лістапада (чацьвер), з 12:00 па 14:00 на пытаньні чытачоў сайту www.nn.by у рэжыме рэальнага часу адказваюць палітыкі Вінцук Вячорка, Віктар Івашкевіч і Алесь Міхалевіч.

Вы можаце задаць любое пытаньне адразу тром кандыдатам на пасаду старшыні Партыі БНФ праз акенца камэнтароў на гэтай старонцы.

Нагадаем, што 8—9 сьнежня ў палацы культуры МАЗ пройдзе чарговы справаздачна-выбарчы зьезд ПБНФ. На старшынства ў партыі прэтэндуюць сёньняшні кіраўнік БНФ Вінцук Вячорка, а таксама ягоныя намесьнікі Віктар Івашкевіч і Алесь Міхалевіч.

Вінцук Вячорка нарадзіўся 7 ліпеня 1961 г.

У 1983 г. скончыў філялягічны факультэт БДУ, у 1986 г. асьпірантуру пры Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук. З 1986 выкладаў у Менскім дзяржаўным пэдагагічным інстытуце (цяпер Беларускі дзяржаўны пэдагагічны ўнівэрсытэт). З 1990 г. працаваў выкладчыкам у Беларускім гуманітарным ліцэі, быў намесьнікам рэдактара часопісу «Спадчына». Аўтар абноўленага зводу правілаў клясычнага правапісу беларускай мовы. Быў адным з заснавальнікаў «Майстроўні» (1979-1984 ), ініцыятараў стварэньня «Талакі» (1986-1989).

У 1988 стаў адным з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту за перабудову «Адраджэньне». Два гады (1996-1998) пражыў пад крымінальнай справай за арганізацыю маніфэстацый у абарону і незалежнасьці ў 1996. З 1999 г. – старшыня Партыі БНФ.

Мае трое дзяцей — Радаславу, Франака і Ружану — і ўнука Даніка. Ягоны сын Франак ужо й сам бярэ актыўна ўдзел у палітыцы і грамадзкім жыцьці.

Віктар Івашкевіч нарадзіўся 21 верасьня 1959 г.

Пачынаў працоўны шлях на чыгунцы, дзе адпрацаваў восем гадоў. Скончыў завочна факультэт журналістыкі БДУ (1991). У пачатку 1980‑ых браў актыўны ўдзел у моладзевых арганізацыях «Майстроўня» і «Талака».

З 1997 г. — галоўны рэдактар газэты «Рабочы». У кастрычніку 2002 г. быў асуджаны да двух гадоў абмежаваньня волі за публікацыю артыкулу «Злодзей павінен сядзець у турме», у якім пракуратура ўбачыла паклёп на прэзыдэнта. Адбыў пакараньне ў Баранавічах, працуючы кур’ерам мясцовай газэты «Intex‑press». Намесьнік старшыні Партыі БНФ з 1999 г.

Жанаты, мае сына Стася, які навучаецца ва ўнівэрсытэце ў Чэхіі.

Алесь Міхалевіч нарадзіўся 15 траўня 1975 г.

У ліку першых выпускнікоў закончыў Беларускі гуманітарны ліцэй (1992). Скончыў юрфак Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (1999). Узначальваў Задзіночаньне беларускіх студэнтаў (1995-1999).

Намесьнік старшыні Партыі БНФ з 2003 г. Адзіны з прэтэндэнтаў быў дэпутатам — Пухавіцкага райсавету (2003-2007). Каардынаваў дзейнасьць Асамблеі дэпутатаў мясцовых саветаў.

Жанаты, гадуе дачку Лесю-Стэфанію. Адзіны з прэтэндэнтаў вядзе ўласны жывы дзёньнік.

***

Усе трое далі ці даюць дзецям беларускамоўную адукацыю. Усе трое ня раз арыштоўваліся за беларускую дзейнасьць.

Пытаньне

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0