Ва Ўкраіне пазнаёміўся з такой цікавай зьявай, як «палітычны таталізатар». Напрыклад, на берагах Дняпра букмэкеры ахвотна пагаджаюцца даць за кожную ўкладзеную грыўну 1 000 даляраў, калі Партыя абароны правоў сэксуальных меншасьцяў «Весілка» набярэ больш за 0,001%. Чаму б такую практыку ня ўвесьці ў Беларусі? Фэльетон Леліка Ушкіна.

Правілы гульні: заклаўшы адзін рубель, вы можаце атрымаць грашовы бонус у прапорцыі, прыведзенай ніжэй, у тым выпадку, калі споўняцца наступныя ўмовы.

1,0000001 рубля за 1 укладзены рубель, калі Ён так і не атрымае візы ў Гаагу.

1,000001 за 1, калі спадара Валера Шчукіна пасьпеюць асудзіць да 26 красавіка за лаянку матам у публічным месцы.

1,0001 за 1, калі цягам наступнага дня шэф КДБ ня здолее выявіць змовы спэцслужбаў Грузіі ў супрацы са шпіёнамі дзяржавы Фіджы.

1,001 за 1, калі у выніку перадачы Расеі 50% маёмасьці «Белтрансгазу» гэта супэрмэгаакцыя ня будзе названа ў афіцыйнай прэсе «геніяльнай праявай элястычнай палітыкі ў вобласьці энэргетычнай бясьпекі з боку беларускага кіраўніцтва».

30 000 рублёў за 1 рубель, калі ніводзін студэнт – удзельнік намётавага мястэчку на плошчы ня будзе адлічаны з ВНУ за вучэбную непасьпяховасьць.

200 000 за 1, калі лідэр гурту «Сябры» найбліжэйшым часам выпусьціць мэга-гіт «Слухай радыё «Свабода».

3 000 000 за 1, калі абсалютна непадкупны і незалежны Вярхоўны суд задаволіць скаргу Мілінкевіча на фальсыфікацыю выбараў.

500 000 000 за 1, калі ў хакейным турніры на прызы прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі пераможа зборная ЗША.

35 000 000 000 за 1, калі «Саўбелка» ў наступны панядзелак выйдзе па-беларуску.

1 000 000 000 000 000 000 000 000 000 000 рублёў за 1, калі нехта з байцоў АМАПу, што зьбівалі людзей, будзе прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці.

Стаўкі на тое, што падчас інаўгурацыі прэзыдэнт хоць раз скажа слова «дэбіл» і «адмарозак», больш не прымаюцца.

Зацьвярджаю: Дырэктар букмэкерскай канторы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?