Фота з Twitter

Фота з Twitter

«!SOS Праца па 15 гадзін на дзень, а тое, чым яны кормяць нас, не стануць ёсць ні свінні, ні сабакі», — напісаў невядомы аўтар. — Яны прымушаюць працаваць нас як скаціну».

Пад тэкстам на жоўтай паперы прачытваюцца лічбы. Хутчэй за ўсё, гэта ідэнтыфікацыйны нумар зняволенага. Amnesty International заяўляе, што гэта мог быць зняволены або зняволеная з турмы Сян Нан (Xiang Nan) у цэнтральнай правінцыі Хубэй.

Ліст праляжаў некалькі гадоў у шафе, пакуль жыхарка графства Ферман у Паўночнай Ірландыі Карэн Вісінска, якая набыла штаны кітайскай вытворчасці, не разглядзела набытую рэч як след. Яна набыла штаны ў 2011 годзе ў краме гандлёвай сеткі Primark. Вярнуўшыся дадому, заўважыла, што маланка зламаная і павесіла рэч у шафу.

Ліст заканчваецца зваротам да міжнароднай супольнасці з заклікам «асудзіць парушэнні правоў чалавека з боку кітайскага ўрада».

«Я была ўзрушаная, калі зразумела, што набытая рэч можа з’яўляцца прадуктам рабскай працы ў кітайскай турме.

Шкада, што я не знайшла гэты ліст раней, і свет даведаўся пра гэта толькі цяпер», — распавяла Карэн Вісінска.

У сваю чаргу, гандлёвая сетка Primark, якая ўжо мела праблемы з пастаўшчыкамі з Азіі, абараняе сваю рэпутацыю. Прадстаўнік сеткі кажа, што дзевяць праверак субпадрадчыкаў у Кітаі нічога не выявілі.

Primark з'яўляецца танным модным брэндам, прадукцыя якога вырабляецца ў Кітаі і Бангладэш.

Вядома, што ў красавіку 2013 года ў Бангладэш, на ўскраіне Дакі, у выніку дапушчаных пры будаўніцтве памылак абрынуўся фабрычны будынак гэтай фірмы, загінула больш за тысячу работнікаў, больш за 2000 атрымалі траўмы. Primark выплаціла $12 млн у выглядзе кампенсацыі і з тых часоў спрабуе аднавіць рэпутацыю.

Выпадкі, калі пакупнікі «атрымлівалі» пасланні з Кітая, не рэдкія.

Так, два кліенты інтэрнэт-крамы ў Суонсі (Уэльс) знайшлі прымацаваныя разам з этыкеткамі пасланні на англійскай мове: «Нас сілай прымушаюць працаваць» і «Зневажальныя умовы рабскай працы». Сумневы, праўда, выклікае тое, што абодва заклікі аб дапамозе былі напісаныя адным і тым жа почыркам, але знойдзеныя ў двух прадметах адзення, вырабленых у вельмі аддаленых адзін ад аднаго месцах Кітая.

У мінулым годзе, CNN адшукаў у Кітаі аўтара яшчэ аднаго адчайнага ліста. Кітайскі зняволены з працоўнага лагера схаваў пасланне ў калядным ўпрыгожванні. Яго ліст у 2011 годзе трапіў да жыхаркі Арэгона (ЗША). Аўтар паслання распавёў журналістам, што быў у той час ужо вызвалены з лагера ў паўночна-ўсходнім Кітаі, куды яго адправілі за прыналежнасць да Фалуньгун.

Журналісты CNN тады так і не змаглі атрымаць доступ у турму Сян Нан (Xiang Nan), з якой быў адпраўлены ліст у каляднай цаццы. Кітайскае Міністэрства юстыцыі толькі пацвердзіла, што такая пенітэнцыярная установа існуе, і ў ёй утрымліваюць 5000 зняволеных.

У кітайскіх лагерах, накшталт ГУЛАГа, утрымліваюць не толькі злачынцаў, але і людзей, нязручных для ўладаў, у тым ліку падпольных хрысціян і членаў забароненай рэлігійнай арганізацыі Фалуньгун.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?