У Літве ў нядзелю праходзіць рэферэндум аб забароне на продаж зямлі замежнікам.

Галасаванне на рэферэндуме пачалося а 7-й і скончыцца а 20-й гадзіне. У спісы ўнесена 2 млн. 532 тыс. 355 выбаршчыкаў.

Сейм Літвы абвясціў рэферэндум аб унясенні паправак да Канстытуцыі пасля таго, як было сабрана 300 тыс. подпісаў у падтрымку яго правядзення.

Рэферэндум будзе лічыцца здзейсненым, калі ў ім возьмуць удзел больш за палову грамадзян, якія маюць права голасу і уключаныя у спісы выбаршчыкаў.

Большасць экспертаў мяркуе, што яўка будзе ніжэй.

Ніхто з кіраўнікоў краіны не выказаў падтрымку ініцыятарам рэферэндуму.

Прэзідэнт Даля Грыбаўскайтэ не раскрыла, калі прагаласуе на рэферэндуме аб продажы зямлі замежнікам, але сказала, што выявіць сваю волю. Падчас выбараў пра час і месца галасавання кіраўніка краіны звычайна паведамляецца загадзя. Пасля галасавання звычайна даюцца каментары для СМІ.

Прэм'ер Альгірдас Буткявічус сказаў, што прыйшоў галасаваць, бо хацеў выканаць свой грамадзянскі абавязак, хоць і лічыць, што рэферэндум не адбудзецца, паколькі галасаваць не прыйдзе вялікая частка грамадзян.

«Я выконваю свой грамадзянскі абавязак. Усё ж было сабрана 300.000 подпісаў грамадзян», — сказаў Буткявічус.

Ініцыятары рэферэндуму абвінавачваюць улады і партыі ў тым, што тыя запалохалі людзей, таму і не разлічваюць на высокую яўку на рэферэндуме.

«Некаторыя партыі запалохвалі сваіх членаў, патрабуючы, каб яны не хадзілі галасаваць. Як вядома, і паліцыя пачала расследаванні ў дачыненні да тых, хто падпісаўся за рэферэндум. Паглядзім, спалохаліся людзі ці не», — распавёў кіраўнік Саюза народнікаў, які падтрымлівае рэферэндум, Юлюс Панка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?