Працягваюцца матчы 1/8 фіналу чэмпіянату свету па футболе.

Іспанія, Італія, Англія, Партугалія бясслаўна завяршылі сваё змаганне за медалі чэмпіянату свету. Цяпер усе спадзевы еўрапейскага футбола ўскладаюцца на Германію, Францыю, Нідэрланды ды часткова Бельгію. Што вось хоць гэтыя супердзяржавы не зганьбяць еўрапейскі мундзір.

Францыя – Нігерыя

Каэфіцыенты букмекераў: Перамога Францыі – 1,44, нічыя – 4,0, перамога Нігерыі – 8,00.

Пачатак гульні: 19:00

Гісторыя супрацьстаянняў: Гулялі аднойчы. 2 чэрвеня 2009 у таварыскай сустрэчы Нігерыя выйграла з лікам 1:0.

Зорка матча: Карым Бензэма (Францыя)

26-гадовы нападаючы мадрыдскага «Рэала» набраў на гэтым чэмпіянаце ўжо 6 пунктаў (3 галы + 3 перадачы). Больш толькі ў калумбійцы Хамеса Радрыгеса.

Бензэма нарадзіўся ў французскім Ліёне (у небагатай сям’і, у яго было восем братоў і сясцёр), але паходжанне мае кабільскае. Гэта адзін з берберскіх народаў, што пражывае на поўначы Алжыра. Самы вядомы кабіл – гэта, вядома, славуты французскі футбаліст мінулага Зінэдзін Зідан. Дарэчы, у малога Бензэмы кумірам быў якраз Зідан.

Бензэма – практыкуючы мусальманін. І тут узнікае праблема, бо ў суботу пачаўся месяц Рамадан. А гэта значыць, што вернікі могуць прымаць ежу толькі ў цёмны час сутак. Аднак нібыта дактары і дыетолагі распрацавалі для Бензэмы і іншых французскіх мусульман асаблівы рацыён харчавання, які не мусіць паўплываць на гульню.

Тым не менш, Бензэма не заўсёды вядзе сябе як належны вернік. У 2010 годзе ён разам з Франкам Рыберы трапіў у сэкс-скандал. Французская прастытутка Захія Дэхар прызналася, што абслугоўвала гэтых футбалістаў. Пікантнасці дадаў той факт, што Дехар была тады непаўналетняй. Зрэшты, сам Бензэма адмаўляў гэтыя абвінавачанні.

Германія — Алжыр

Каэфіцыенты букмекераў: Перамога Германіі — 1,3, нічыя — 5,0, перамога Алжыра — 11,0.

Пачатак гульні: 23:00.

Гісторыя супрацьстаянняў: Сустракаліся аднойчы. У групавым раўндзе чэмпіянату свету 1982 года. Сенсацыйна перамог Алжыр — 2:1.

Зорка матча: Томас Мюлер (Германія)

24-гадовы атакуючы паўабаронца «Баварыі» вымушаны гуляць ярка выражанага форварда ў зборнай, бо ў цяперашняй Германіі дэфіцыт форвардаў.

У першай гульні чэмпіянату Мюлер аформіў хет-трык у вароты Партугаліі. І гэта не ўсё. Ён яшчэ справакаваў выдаленне грубіяна Пэпэ. За што атрымаў нелюбоў многіх нейтральных заўзятараў. Пэпэ яшчэ той звер, канечне, але Мюлер падаў надта карцінна.

У самай канцоўцы матча з Ганай Мюлеру разбілі твар. Футбаліст увесь быў у крыві. Але траўма не была істотнай, хоць і вельмі тэлевізійнай. У апошнім матчы групавога раўнда Томас забіў пераможны гол у вароты ЗША.

Мюлер у свой зусім не старым веку мае ўжо 9 галоў у фінальных стадыях чэмпіянатаў свету (чатыры гады таму з пяццю галамі ён быў найлепшым бамбардзірам). Калі справа пойдзе гэтак далей, то рэкорд земляка Міраслава Клозэ можа не ўстаяць.

Мюлер жанаты з мадэлькай Лізэ, з якой да таго сустракаўся два гады.

Цікава, што Томас — гэта чацвёрты футбаліст з прозвішчам Мюлер, які гуляе за зборную Германіі. А з славутым цёзкам Гертам Мюлерам яны маюць адзін і той жа нумар 13.

Прагноз «НН»: Еўрапейцы павінны перамагчы афрыканцаў у асноўны час.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?