30.06.2014 / 15:44

Пяць фактаў пра Лілію Ананіч: пісала вершы, падпісвала папярэджанні незалежным выданнямі 13

Сёння Лілія Ананіч была прызначаная міністрам інфармацыі, замяніўшы на гэтай пасадзе Алега Праляскоўскага. «НН» сабрала цікавыя факты пра чыноўніцу.

У Міністэрстве інфармацыі ад моманту яго стварэння

Ліліі Ананіч (дзявочае прозвішча Яцэвіч) 54 гады. Яна родам з маленькай вёсачкі Леванова Барысаўскага раёна. Нарадзілася ў сям’і настаўнікаў. Мама выкладала беларускую мову, а тата – гісторык, дырэктар школы.

Скончыла журфак БДУ. Па размеркаванні яе адправілі фотакарэспандэнтам у мінскую раёнку «Шлях камунізму». Па спецыяльнасці яна працавала ўсяго два гады. Адтуль перабралася ў навукова-даследчы інстытут сродкаў аўтаматызацыі.

Працавала ў Дзяржаўным камітэце па друку. Калі ў 2001 годзе ўтварылася Міністэрства інфармацыі, то Ананіч адразу ж прызначылі намеснікам міністра. На гэтай пасадзе яна перасядзела трох міністраў – Падгайнага, Русакевіча і Праляскоўскага. «Я ганаруся словам чыноўнік», - кажа яна.

Вершы і беларускамоўная гімназія для сына

Пра мужа Лілія Ананіч казала, што ён фізік. «У той час гэта было класічнае спалучэнне фізіка і лірыка». Пра лірыка яна сказала невыпадкова, бо ў маладосці сама пісала вершы і нават друкавалася.

«Вершы ўжо не пішуцца і жалю з гэтай нагоды няма – кажу шчыра». У Ананіч двое дзяцей – сын і дачка. Прычым вядома, што сын вучыўся ў беларускамоўнай гімназіі з гуманітарным ухілам. А вось дачка пасля двух курсаў вучобы ў БДУ перавялася ў МГУ на факультэт журналістыкі, які і скончыла.

Падпісала акт аб ліквідацыі выдавецтва «Логвінаў»

Лілія Ананіч унесеная ў «чорны спіс» чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Еўрасаюза, пад нумарам 110.

У час дзейнасці Ліліі Ананіч у Міністэрстве з падпісных каталогаў «Белпошты» і шапікаў «Белсаюздрука» выкідвалі незалежныя выданні. Нярэдка папярэджанні падпісваліся непасрэдна спн.Ананіч. Напрыклад, часопісу Arche, баранавіцкай газеце Intex-press, «Брестской газете», «Новаму часу» і іншым.

У верасні летась Лілія Ананіч падпісала апавяшчэнне аб спыненні дзейнасці выдавецтва «Логвінаў» за выданне альбома «Прэс-фота Беларусі-2011».

Высокапатрыятычная журналістыка

Лілія Ананіч чалавек даволі публічны. Рэдка ўпускае магчымасці выступіць з прамовай, хоць часам ад яе і можна пачуць перлы кшталту: «Паважаныя журналісты, пакіньце мяне адзін на адзін з тым мерапрыемствам, на якое я прыйшла».

Частымі з’яўляюцца яе развагі аб ролі журналістаў у сучасным грамадстве. «Маральная чысціня журналіста – самыя галоўныя лекі ад любой жаўцізны», - сказала яна пару тыдняў таму. На думку Ананіч, беларускія СМІ павінны сёння прадэманстраваць прыклад «высокапатрыятычнай журналістыкі».

Мабыць, яе жыццёвы прынцып у дачыненні да СМІ можна ўкласці ў фразу: «СМІ – гэта не чацвёртая ўлада, а партнёры ўлады». А крытычныя матэрыялы, на яе погляд, павінны несці канструктыўны характар і вылучаць канкрэтныя прапановы.

Не мяккі кіраўнік

На сённяшні дзень толькі дзве жанчыны займаюць міністэрскія пасады – гэта Лілія Ананіч і міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна.

У адным з інтэрв’ю ў Ананіч папыталіся, ці не бачыць яна дыскрымінацыю жанчын у Беларусі: «Зараз, здаецца, ужо і не чуваць размоваў, быццам бы ў нас дыскрымінацыя жанчын, або няўвагу да вылучэння жанчын на кіруючыя пасады. Практыка апошніх гадоў сведчыць: шмат яркіх, таленавітых жанчын працуе ў кожнай галіне народнай гаспадаркі».

«Не назвала б сябе мяккім кіраўніком. І гэта лічу хутчэй сваім дасягненнем, а не недахопам», - прызнавалася новы міністр інфармацыі.

Зміцер Панкавец

0
ranen / Адказаць
30.06.2014 / 16:14
«СМІ – гэта не чацвёртая ўлада, а партнёры ўлады» Она в школе училась?! Обществоведение проходила? Кто ей засорил мозги?! P.S. Когда у власти люди не знающие элементарного... получается Лукашенколенд.
0
? / Адказаць
30.06.2014 / 16:21
Курачку рабу напiсала?
0
ккп / Адказаць
30.06.2014 / 16:57
Бывае так, што някепскі чалавек трапляе ў кепскую кампанію і робіцца часткай амаральнай сістэмы - я бы так ахарактарызаваў тое, што адбылося з Ліліяй Ананіч. У канцы 80-х гадоў, падчас працы ў НДІ сродкаў аўтаматызацыі, памятаю яе вельмі добрае стаўленьне да актыўных носьбітаў беларускай мовы, у тым ліку і асабіста да мяне. Тады, сярод іншых абавязкаў, яна вяла радыёжурнал (назаву гэта так) нашага прадпрыемства і імкнулася, каб частка радыёперадач вялася па-беларуску - сьпецыяльна запрашала дзеля ўдзелу беларускамоў- ных работнікаў прадпрыемства. У перадачах, паміж іншай інфармацыі, распавядалася пра гісторыю адрадженьня беларускай мовы 20-х гадоў, пра важнасьць беларускай мовы дзеля беларусаў - адчувалася, што Лілія Ананіч любіць родную мову і імкнецца пашырыць яе ўжытак.. На той час я б характарызаваў Лілію Ананіч як Адраджэнку (ад добрага слова "Адраджэньне"). Ну а потым адбылося тое, што адбылося.
Паказаць усе каментары/ 13 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру