Следствам па справе аб смерці ў СІЗА № 1 арыштаванага Ігара Пцічкіна атрыманыя доказы сістэматычнага ўжывання ім курыцельных сумесяў, якія ўтрымлівалі наркатычныя і псіхатропныя рэчывы, у 2011—2013 гадах.

Адзін з раённых аддзелаў Следчага камітэта Мінска расследуе крымінальную справу аб псіхатропных рэчывах, па якой Пцічкін апазнаны як збытчык, паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік СК Беларусі Юлія Ганчарова.

Паводле яе слоў, на працягу доўгага часу Пцічкін таксама сістэматычна ўжываў алкаголь. Пра гэта сведчаць матэрыялы справы і звесткі базы дадзеных аб правапарушэннях, згодна з якімі ён пяць разоў кіраваў транспартным сродкам у стане алкагольнага ап'янення. 

Устаноўлена, што праз некалькі дзён знаходжання ў следчым ізалятары ў Пцічкіна сталі праяўляцца і нарастаць прыкметы вострага псіхічнага расстройства, якія праяўляліся ў галюцынацыях, трызненні, адмове ад ежы і піцця, маніі пераследу. Па гэтай прычыне Пцічкін быў шпіталізаваны ў медыцынскую часць ізалятара, дзе праз нейкі час памёр. 

З матэрыялаў крымінальнай справы фактаў прымянення ў дачыненні да Пцічкіна гвалту, фізічнай сілы і спецсродкаў як супрацоўнікамі ізалятара, гэтак і іншымі асобамі ў перыяд знаходжання яго ў СІЗА №1 не праглядаецца, падкрэсліў афіцыйны прадстаўнік СК. 

Пры гэтым Ганчарова зазначыла, што працягваецца расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да медыцынскага персаналу СІЗА аб неналежным выкананні прафесійных абавязкаў, што пацягнулі па неасцярожнасці смерць Пцічкіна.

Прызначаны комплексная камісія, паўторная судова-медыцынская, судова-псіхіятрычная экспертызы і судова-ўрачэбная экспертыза правільнасці выканання прафесійных абавязкаў медыцынскімі работнікамі. Вынікі гэтай экспертызы ўстановяць прычыны псіхічнага расстройства, што ўзніклі ў Пцічкіна, і яго смерці. Будзе вызначана, ці правільна аказвалася медыцынская дапамога медперсаналам следчага ізалятара.

Нагадаем, 15 мая 2013 года суд Заводскага раёна сталіцы прыгаварыў 21-гадовага мінчаніна Ігара Пцічкіна да трох месяцаў адміністрацыйнага арышту

за ўчыненне злачынства, прадугледжанага арт. 417 КК (невыкананне прыгавора суда аб пазбаўленні права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю), за кіраванне транспартным сродкам у перыяд пазбаўлення права ваджэння. 30 ліпеня малады чалавек разам з маці і сястрой прыбыў у Заводскае РУУС сталіцы, адкуль яго адправілі для адбыцця пакарання ў СІЗА № 1. Праз некалькі дзён супрацоўнікі ізалятара паведамілі сваякам, што Пцічкін памёр. Паводле папярэдняй версіі, смерць наступіла ад сардэчнага прыступу.

Версія супрацоўнікаў ізалятара аб смерці зняволенага не пераканала яго сваякоў, і тыя адправіліся на прыём да начальніка СІЗА № 1. Размова з кіраўніцтвам ізалятара і начальнікам санчасткі была запісана на відэа, якое размешчана на праваабарончым сайце www.platformarb.com. На відэазапісе сваякі загінулага не хаваюць сваіх меркаванняў, што ў смерці Ігара замешаныя супрацоўнікі СІЗА, аднак начальнік ізалятара гэта адмаўляе, заяўляючы, што ва ўстанове «нікога не б'юць». Ён мяркуе, што смерць маладога чалавека магла быць звязана з ужываннем алкаголю або наркатычных рэчываў. 

Начальнік санчасці паведаміў, што незадоўга да смерці зняволены стаў праяўляць прыкметы неадэкватных паводзін. Яго давялося перамясціць у медыцынскае аддзяленне ізалятара і зафіксаваць на ложку рамянямі, паколькі ён спрабаваў вырвацца. 

У канцы верасня УСК па Мінску распачало справу па ч. 2 арт. 162 КК у дачыненні да работніка медчасці СІЗА, які падазраецца ў неналежным выкананні прафесійных абавязкаў, што мелі вынікам па неасцярожнасці смерць Пцічкіна. Маці памерлага, прызнаная пацярпелай па гэтай справе, была азнаёмлена з заключэннямі спецыялістаў па шэрагу завершаных экспертыз у пачатку кастрычніка.

У снежні 2013 года крымінальную справу прыняло да вытворчасці галоўнае следчае ўпраўленне СК Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?