Да мужчыны з амнезіяй, якога знайшлі ў Гомельскай вобласці, вярнулася памяць. Нагадаем, невядомага без дакументаў знайшлі 31 ліпеня ў Нараўлянскім раёне.
Ён не памятаў нават свайго імя. Паводле яго слоў, некалькі дзён ён ішоў па лесе, пакуль не выйшаў да населенага пункта. Тры месяцы лекары спрабавалі вярнуць яму памяць, а міліцыя — высветліць асобу.
Некалькі дзён назад незнаёмец нечакана пачаў успамінаць мінулае. Спачатку назваў імя сына, а затым узгадаў, што яго самога завуць Сяргей Нюхцілін, і што жыў ён у падмаскоўным горадзе Пушкіна. Па гэтых дадзеных адшукалі яго бацькоў.
Яны адразу ж прыехалі ў Гомель, каб забраць сына, і распавялі, што Сяргей служыў у падмаскоўнай міліцыі. Чатыры гады назад сышоў на працу і бясследна знік. Шматгадовыя пошукі не давалі вынікаў.
Цяпер памяць да Сяргея паступова вяртаецца. Але дзе ён быў усе гэтыя гады, і прычыны дзіўнай амнезіі — пакуль застаюцца загадкай.