«Правілы «Магічнай мапы» празмерна жорсткія – толькі тры месцы і ніводным больш. Каб адчуць мой душэўны боль пры выбары, толькі абазначу месцы, што не трапілі ў спіс. Гэта раён «залінейны», дзе быў афіцыйна зафіксаваны адзіны ў Беларусі выпадак палтэргейсту напрыканцы існавання СССР,

дзівоснай прыгажосці шухоўская вежа, «барысаўскія Шабаны» – Казіны Рог, дзе і сёння ў цябе лёгка могуць спытаць: «З какова раёна, пацан?», Беразіна з яе хай і даўно страчанымі разваднымі мастамі. Ці нават гарадскі стадыён, дзе сціплы барысаўскі клуб БАТЭ пракладваў сабе дарогу ў Лігу чэмпіёнаў. Чым не магія?» – адзначае аўтар чарговага выпуска «ММ» намеснік галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Зміцер Панкавец.

Паміж ешыботам і могілкамі

Я вучыўся ў сапраўдным ешыбоце. Хаця не так – у будынку, які ўзводзіўся як ешыбот і доўгі час дзейнічаў як месца для вывучэння Талмуда і падрыхтоўкі рабінаў. Пасля яго ператварылі ў жаночую гімназію, на франтон прырабілі пяціканцовую зорку, каб памеціць тэрыторыю. А яшчэ пазней на гэтым месцы адкрылі педагагічны каледж. Там я і вучыўся. Гэта ўсяго пару крокаў ад базару ў Старым горадзе, але зрабіўшы іх, трапляеш нібыта ў паралельны свет.

На ўроках фізкультуры замест практыкаванняў на гнуткасць ці гульні ў выбівалы наша выкладчыца любіла практыкаваць вывад нас на прагулку. Прычым у самае непрывабнае месца горада – так званую Нахалаўку. Кажуць, што многа прышлых людзей назаўсёды губляліся ў лабірынтах вузкіх неасфальтаваных вуліц Нахалаўкі, асабліва падчас традыцыйнага вясновага патопу. Мне заўсёды здавалася, што там жывуць толькі забойцы і распусніцы, карлікі і папрашайкі, вырадкі і вар’яты. Хлопцы там хутка становяцца кліентамі дзіцячага пакоя міліцыі, а дзяўчаты рана даведваюцца пра аборты. А працаваць і тыя, і другія ідуць на блізкую «швейку». Затое ў кожным двары ёсць вішнёвыя дрэвы.

Наш праменад па Нахалаўцы звычайна заканчваўся на старых яўрэйскіх могілках. Месца пахавання вядомых цадзікаў і рабінаў (тут перапахаваныя многія мінскія рабіны). Атмасфернае месца. Летам мясцовыя там смажаць шашлыкі і загараюць. А яшчэ проста пасярод могілак некалі была футбольная пляцоўка. Мне бажыліся, што дзеці гуляюць у футбол проста чарапамі нябожчыкаў. Праўда, на свае вочы я гэтага не бачыў.

Ваколіцы базару

У Барысаве шмат рынкаў і торжышчаў, але толькі адзін людзі называюць базарам, той што ў старой частцы горада. На ўваходзе пільныя цыганкі абавязкова спытаюцца ў цябе: «Золата?» А калі адмоўна пахітаеш галавой, то ўмомант страцяць да цябе цікавасць. Тут жа на ўваходзе сядзелі бабулі, што прадавалі семачкі з маленькіх драўлянах кубачкаў. У іх заўсёды можна было ўзяць жменьку проста так.

А яшчэ была «кропка» мужыка, што гандляваў касетамі NRM, «Нейра Дзюбеля» і «Крамы» – адзіная ў горадзе. У «Міні-кафэ» некалі гатавалі самыя смачныя чабурэкі, абавязкова абгорнутыя ў прапітаную тлушчам паперу. Тут ёсць свае «поле цудаў», невялікая барахолка, дзе можна знайсці любыя нішцякі. А яшчэ тут пахне самаробным хлебам і трэба ўхіляцца ад д’яблавых восаў, якія не кусаюць толькі прадаўцоў ласункамі.

Менш за кіламетр ад базару – некалькі старых закінутых сінагог, праваслаўны сабор, касцёл, а таксама стараверская царква. Вельмі пашыраная легенда кажа, што ў старавераў ёсць абразы са свастыкай. Але яны не пускаюць чужакоў зірнуць на іх.

І ўвогуле тут захаваўся ўнікальны ансамбль будынкаў XIX стагоддзя. Колькі разоў прапаноўвалі зрабіць гэтую частку горада пешаходнай. Усё ніяк, а так шкада! У такім выпадку нашмат лягчэй было б адчуць мінулае горада. Вось домік стаіць цэлым і некранутым, дзе працаваў бардэль мумэ Сэйны, а недалёка прымаў сваіх кліентаў гінеколаг Рыгор Берлін, які ўмеў выклікаць аргазм у сваіх кліентак адным дотыкам. А гэта рэстаран Эдэмскага, у які звозілі найлепшыя прысмакі таго часу. Пакуль пісаў, аж адчуў пах смажанага сома, толькі што злоўленага ў Бярэзіне.

Старабарысаўскі палац

Старабарысаў – гэта не старая частка горада, а вёсачка за кіламетр ад самога Барысава. Да яе можна дабрацца 12-м аўтобусам. Прываблівае падарожнікаў гэтая мясціна закінутым палацам на старажытным гарадзішчы. Некалі гэтая тэрыторыя належала князям Радзівілам, пасля – імператарскаму дому Раманавых. У

1812 годзе тут начаваў Напалеон. Магчыма, дзесьці якраз у гэтых ваколіцах ён пакінуў свае шматлікія скарбы, якія не даюць спакою ўжо некалькім пакаленням барысаўскіх авантурыстаў. Адзін з гандлёвых цэнтраў Барысава, дарэчы, так і называецца – «Клад Напалеона». А ў 1941-м нараду тут праводзіў Адольф Гітлер. Нейкі барысаўскі эпіцэнтр, куды так і цягнула моцных і знакавых постацяў гэтага свету. Выпадковасць ці ўсё ж наканаванне?

За саветамі ў палацы была калгасная кантора. Ад эпохі якой яшчэ засталася шыльдачка з надпісам на дзівоснай трасянцы «заўхоз». Мясцовыя палохаюць, што тут начамі збіраюцца сатаністы і металісты. Я не ведаю, можа, і так. Пакуль жа будынак з кожным годам прыходзіць ва ўсё больш закінуты стан, а статус «ахоўваецца дзяржавай» выглядае пустой фармальнасцю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?