2 ліпеня адбылося ўрачыстае адкрыццё новага будынка музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Апроч Аляксандра Лукашэнкі, у ім прыняў удзел і прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. А з 3 ліпеня экспазіцыю могуць наведаць усе ахвотныя.

фота stanislav-05.livejournal.com

фота stanislav-05.livejournal.com

«Наша Ніва» ўзгадала, што папярэднічала адкрыццю музея.

Гатэль пацясніў музей

Музей Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся ў будынку на Кастрычніцкай плошчы амаль 50 гадоў.

Чым была выклікана неабходнасць яго пераезду? Перад сусветным эканамічным крызісам, які пачаўся ў 2008-м, беларускія ўлады мроілі пра будаўніцтва хмарачосаў у цэнтры Мінска.

9 мая 2008 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №241 «Аб будаўніцтве шматфункцыянальнага гасцінічнага комплекса ў Мінску».

Паводле яго, на Кастрычніцкай плошчы мусіў паўстаць 160-метровы гатэль.

У абыход аўкцыёнаў і падрадных таргоў заказчыкам будаўніцтва прызначаўся кіпрскі афшор «Прудэнка Інвестментс Лтд», звязаны са швейцарскімі бізнэсменамі сірыйскага паходжання Самаві, якія раней былі акцыянерамі «Велкома».

Дарэчы, у наступных рэдакцыях указа «Прудэнка» стала ўзгадвацца як беларуская кампанія.

У адным з пунктаў указа ад выканаўчай улады патрабавалася ўнесці «прапановы аб будаўніцтве за кошт інвестара аб’ектаў, знос (перанос) якіх абумоўлены ўзвядзеннем комплекса». Праектаваны гатэль суседнічаў якраз з музеем Вялікай Айчыннай вайны.

«Перанос» — а фактычна будаўніцтва новага музею — клалася на інвестара, а не беларускі бюджэт. Аднак эканамічны крызіс прымусіў кіпрскіх бізнэсоўцаў адмовіцца ад ранейшага праекту.

На атрыманым участку афшорны «Прудэнка» пабудаваў офісны цэнтр, які заняў аператар мабільнай сувязі «Велком».

А «Кемпінскі» перанеслі да скрыжавання праспекта Незалежнасці і вуліцы Янкі Купалы, дзе будынак для швейцарскага гатэльнага брэнду ўзводзіць бізнэс-структура Юрыя Чыжа.

Грошы збіралі ўсёй краінай

Меркавалася, што кошт будаўніцтва музея складзе 450 мільярдаў рублёў. Аднак колькі рэальна было патрачана і па якім курсе, пакуль не агалошваецца.

Паколькі інвестар грошай не даў, іх давялося браць з бюджэту. Перадусім – гарадскога.

«Будынак музея Вялікай Айчыннай вайны па пр. Пераможцаў» ўзгадваецца ў мінскай інвестыцыйнай праграме год за годам. Вось толькі канкрэтныя лічбы, якія выдзяляліся на аб’ект, у ёй не называюцца. Але не хапала і гэтых аб'ёмаў.

Таму да збору грошай падключылі насельніцтва. Першы канал нават ладзіў дабрачынны марафон. На музей пералічылі і грошы з аднаго з суботнікаў.

Пра плён збору сведчыць ведамасць ахвяраванняў у адным з ВНУ, апублікаваная ў інтэрнэце. Студэнты «добраахвотна» здавалі… роўна па 500 рублёў.

Але былі і энтузіясты.

90-гадовая гомельская бабуля Марыя Сазоненкава ахвяравала на будаўніцтва музея $5600.

І працягвала збіраць грошы на наступную порцыю дапамогі. Што праўда, да адкрыцця музея яна не дажыла.

Спазненне з адкрыццём на чатыры гады

У дзень падпісання ўказа аб выдзяленні зямлі пад «Кемпінскі» Аляксандр Лукашэнка заявіў, што на будаўніцтва музея ВАВ павінна сысці не больш за два гады. Такім чынам, першасны тэрмін здачы аб’екта – 9 мая 2010.

Аднак капсулу з пасланнем нашчадкам урачыста заклалі толькі ў красавіку 2010.

Падчас рэспубліканскага суботніка галоўны архітэктар Мінска Віктар Нікіцін патлумачыў, што будаўніцтва зойме два гады. Значыцца, музей адкрыецца ў 2012?

Не ўсё так проста. Калі прымеркаваная дата прыйшла, яе зноў «адклалі». Спачатку на 2013-ы, пасля – на 2014-ы… Адтэрміноўка нібыта каштавала пасады дырэктару музея Сяргею Азаронку.

У якасці даты адкрыцця называлася і 1 мая 2014 года (да першамаю), і 8 мая 2014 (да адкрыцця чэмпіяната свету).

Аднак канчатковым днём стала 3 ліпеня.

«Рэйхстаг» пад савецкім сцягам

160-метровы гмах на Кастрычніцкай, які так і не быў пабудаваны, праектавалі бельгійцы. Аднак «аб’ёмна-прасторавае і вобразнае рашэнне» сумнеўнай эстэтычнай якасці для іх падрыхтавала творчая майстэрня архітэктара Віктара Крамарэнкі, таго самага, хто стварыў Нацыянальную бібліятэку і чыгуначны вакзал.

І менавіта Крамарэнка стаў архітэктарам новага музея. Да вонкавага выгляду будынка ў грамадскасці былі пытанні. Напрыклад, чаму купал нібыта злізаны з берлінскага Рэйхстага? Крамарэнка выкруціўся: а так і было задумана адразу! Як сімвал перамогі над немцамі…

А для вонкавага падабенства да «ўзяцця Рэйхстага» на флагшток прычапілі яшчэ і гіганцкі савецкі сцяг.

Цана білетаў і час працы

І некалькі словаў даведачнай інфармацыі. Новы музей Вялікай Айчыннай вайны знаходзіцца па адрасе праспект Пераможцаў, 9 і адкрыты штодзень, апроч панядзелка. У аўторак, чацвер, пятніцу і суботу ён працуе з 10 да 18 гадзін, у сераду і нядзелю – з 11 да 19.

У сувязі з пераездам у новы будынак і патрэбай у самаакупляльнасці білеты падаражэлі ў чатыры разы. Цяпер кошт уваходнага квітка складае 40 тысяч рублёў, для школьнікаў і студэнтаў ён удвая таннейшы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?