Пра тое, што на канале «БелМузТВ» штонядзелю будзе выходзіць праграма пра альтэрнатыўных беларускіх музыкаў, сёння паведаміла БелаПАН прадзюсерка канала, спявачка Аляксандра Гайдук. Спадарыня Гайдук казала, што ўдзел у праграме возьме, да прыкладу, гурт N.R.M., а яго гітарыст Піт Паўлаў нават абяцаў прадаставіць кліпы для трансляцыі. Аднак Піт Паўлаў навіну пра існаванне праграмы пачуў ад журналіста Рацыі:
Не ведаю, адкуль у вас інфармацыя, але я пра гэта нічога не чуў.
Піт Паўлаў кажа, што свае кліпы на «БелМузТВ» ён даваць не адмаўляецца. Музыка нават зацікаўлены ў тым, каб яго творы прысутнічалі ў эфіры. Аднак эфэктыўнасьць ад гэтага, па словах Паўлава, будзе мінімальнай.
Нават калі я два разы пакажу па тэлебачанні свой кліп, то гэта будзе пазначаць, што я два разы паказаў па тэлебачанні свой кліп.
Піт Паўлаў кажа, што кіраўніцтва музычных каналаў Беларусі не надта зацікаўленая ў супрацы з беларускімі альтэрнатыўнымі музыкамі. Іх кліпы ставяць у эфір толькі тады, калі больш паказваць няма чаго. З другога боку, не варта забывацца на прэсінг уладаў у дачыненні да некаторых гуртоў. У выніку гэтага любая ініцыятыва тэлевізійшчыкаў будзе сканчацца там, дзе пачынаюцца забароны.