Дзіўная рэч: дзесяць дзён сядзіш бязвылазна ў інтэрнацкім пакоі пад вартай двух, а часам і трох міліцыянтаў (любы выхад на вуліцу – пад канвоем), вакол – занядбаная беларуская вёска, аточаная лесам, укрытая сьнягамі, і ў цэнтры гэтага адасобленага дрымучага сусьвету – маленькі чорна-белы тэлевізар, які ловіць БТ, АНТ і расейскае ОРТ і па якім вось ужо каторы дзень паказваюць маніфэстацыі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі... Не пакідае ўражаньне: сярод холаду, цемры й прымусу ў гэтым цяпельцы нараджаецца нешта новае. Сьветлае-сьветлае. Цудоўнае.

Кожная раніца пачынаецца зь першым выпускам навінаў, яшчэ зацемна. Сьвітаньне прыходзіць разам зь бела-чорна-белымі азарэньнямі на экране. Камэнтар ня мае значэньня – кадры ясныя як дзень. Здаецца, краіна, што даўно заглыбілася ў змрок забыцьця, у цяжкі сон і нават пачала пахропваць, нечакана ачомалася.

Молісься за тых, хто на плошчы, на сутках, пад крыміналкамі, за выключаных з унівэрсытэтаў і выкліканых у ваенкаматы, за зьбітых у лякарнях, за тых, хто на волі й рыхтуецца выйсьці зноў – і раптам удыхаеш на поўныя грудзі: упершыню за апошнія гады пахне сапраўднай вясной.

Тое, што мне давялося назіраць па тэлевізары за некалькі дзён гарачага сакавіка-2006, нагадала бачанае роўна дзесяць гадоў таму ўжывую: менскую вясну-96. Маніфэстацыі вясны-2006 неспадзявана аказаліся куды больш шматлюднымі, больш арганізаванымі, больш рашучымі за Кастрычніцкую плошчу 2001-га й пратэсты пасьля рэфэрэндуму 2004-га. Насуперак дзясяткам крымінальных справаў, сотням арыштаў, тысячам затрыманьняў, вынішчэньню незалежнай прэсы й папраўкам у кодэксы, беларускія вуліцы 19–25 сакавіка грымотнымі воклічамі канстатавалі гістарычны факт: «Жыве Беларусь!»

Такое й шумавымі гранатамі не заглушыш – рэха даходзіць аж да Малога Сітна.

«Магутны Божа» як пачатак кожнага дня для намётавага мястэчка; малітва на шматтысячнай плошчы; тысячы вернікаў розных канфэсіяў поплеч з заўсёднікамі вулічных акцыяў. Адзіны кандыдат – беларускі патрыёт, які ў дзень галасаваньня моліцца і ў праваслаўным храме, і ў касьцёле, які зьяўляецца на людзях з жонкай і якога прымаюць канцлер Нямеччыны, міністар замежных справаў Францыі, прэзыдэнты Польшчы й Літвы. Агучаная для мільёнаў праграма рэформаў, грунтаваная на прыватнай уласнасьці, інавацыях і мясцовым самакіраваньні. Пасьля ўсяго гэтага, упершыню за колькі часу, адчуваеш пад нагамі краіну!

І ў кампаніі, і пасьля яе муляла вока: рэжым высільваецца, каб абаперціся на гэты ж самы, добра зацьвярдзелы за 15 гадоў, падмурак незалежнасьці. Але бясконцыя закляцьці «За Беларусь!», пустаслоўе пра «государственный суверенитет в союзе с Россией» і «интернациональную белорусскую нацию» сьведчаць: пераадолець мяжу, якая аддзяляе самобытную Беларусь ад адроджанай Беларусі, Лукашэнка ня можа. І, згодна зь непазьбежнай лёгікай гісторыі, гэта зробіць ужо іншы. Не аддадзеная ані Крамлю, ані алігархам маёмасьць, пераключаныя тэлеканалы, апрацаваная па пэрымэтры ўсіх дзяржаўных межаў масавая сьвядомасьць – усё чакае, каб стаць апірышчам сапраўднае Беларусі. І галоўная задача беларускага руху пасьля вясны-2006 – дабрацца да кожнага зь дзесяці мільёнаў беларускіх сэрцаў, каб на грубых і шэрых камянях апошніх дванаццаці гадоў збудаваць нацыянальны дом, напоўніць яго нацыянальнай сьвядомасьцю і нарэшце ўзьняць па-над ім нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг.

Калі 24 гадзіны ў суткі сядзіш у чатырох сьценах зь міліцыянтамі (а яны жартуюць – «гэта ня вас пад варту ўзялі, а нам суткі далі»), бясконца спрачаесься, даводзіш, выкладаеш – пачынаеш разумець, што і тыя ж хлопцы ў форме – ужо не саўковыя жаўнерыкі імпэрыі. Так, яны абараняюць Лукашэнку, бо «трэба парадак», яны супраць Захаду, бо «Штаты хочуць усім кіраваць», а «з Эўропы сюды ідзе бардак, нарката й вычварэньні» – але раз-пораз спрабуюць размаўляць з табою па-беларуску, не супярэчаць, што Пётар І і Сувораў у гісторыі Беларусі – героі адмоўныя, з задавальненьнем слухаюць «Песьні Свабоды» ды згаджаюцца, што трэба адраджаць традыцыі полацкага праваслаўя, а не капіяваць заснаваную на 300 гадоў пазьней Маскву.

У сакавіку 2006-га Беларусь усё-такі адштурхнулася ад дна. Калі пасьля 2001 г. становішча няўхільна пагаршалася, рэпрэсіі былі ўсё больш балючымі, а дэпрэсіі ўсё больш глыбокімі – пачынаючы зь вясны 2006-га сьцятая спружына нацыянальнага руху пачала імкліва выпроствацца. І відавочным доказам гэтаму стала проста д’ябальская гістэрыя рэжыму, бачная кожнаму, у чыёй хаце ідуць БТ і АНТ. Ашалелае галёканьне, сьвіст, ванітоўная хлусьня й рагаты рогат тэлевядучых, «сілавікоў» ды задураных абываталяў, прыпадкі палітычнае эпілепсіі з кожным кадрам, дзе палымнее бел-чырвона-белае, раптоўна агалілі панічны страх апошняе дыктатуры Эўропы перад крыжам на плошчы, перад сьцягам Хрыста, перад нечаканым нацыянальным абуджэньнем. Кругласуткавая вахта нават некалькіх соцень чалавек зь бел-чырвона-белымі сьцягамі ў самым цэнтры сталіцы выклікала эфэкт асінавага кала, з размаху загнанага ў сэрца нячыстага.

Магчыма, сакавіку-2006 не хапіла духу, руху, зуху, каб перамяніць Беларусь адным рыўком. Але пераможны прарыў – празь ператрусы й арышты, праз крывыя люстэркі тэлеэкранаў, праз здушаныя страхам душы – ужо зроблены. Дзясяткі сіценцаў, што галасавалі за Мілінкевіча, заўважалі вусьціш мясцовага начальства й жах сталічнага афіцыёзу, назіралі за камічным міліцэйскім канваяваньнем да прыбіральні небясьпечнага «хіміка» й бачылі бел-чырвона-белыя ўспышкі на паўсьвету, ужо прачулі сваю еднасьць зь дзясяткамі тысячаў менчукоў. Адчулі сябе нацыяй!

Сьвітанак, які мужная моладзь на Кастрычніцкай плошчы штодня сустракала сьпевам «Магутны Божа», зрабіўся сыгналам для ўсёй краіны. Званком будзільніка. Пара ўставаць! Ад самага пачатку дарог у Беларусі рушыла Нацыянальнае Абуджэньне.

в.Малое Сітна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?