19 лістапада ў Мінску ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адкрылася выстава «Выданні віленскіх друкарняў XVI — першай чвэрці XX стагоддзя». Выстава арганізавана аддзелам рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ сумесна з бібліятэкай Літоўскай акадэміі навук, што прадставіла 41 выданне.

Як паведаміў БелаПАН загадчык аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ Аляксандр Стэфановіч, у экспазіцыі дэманструецца 121 выданне на царкоўнаславянскай, беларускай, рускай, лацінскай і польскай мовах. Паводле яго слоў, выстава ўваскрашае вехі гісторыі беларускай нацыянальнай культуры, для якой характэрна цярпімасць да іншадумства і розных вераў.

«Пра гэта сведчаць выданні розных друкарняў, у тым ліку праваслаўнай брацкай, каталіцкага ордэна піяраў, іезуіцкай акадэміі і грэка‑каталіцкай (уніяцкай)», — сказаў А.Стэфановіч.

Паводле яго слоў, адкрывае выставу Евангелле напрастольнае, надрукаванае Пятром Мсціслаўцам у друкарні Мамонічаў у 1575 годзе. Віленскія выданні XIX — пачатку XX стагоддзя прадстаўлены прадукцыяй друкарняў шэрагу вядомых выдаўцоў, у тым ліку Абеля Сыркіна, Антонія Марціноўскага, Адама Кіркора, Юзафа Завадскага і Марціна Кухты. «Памятныя кніжкі Віленскай губерні» 1850—1911 гадоў змяшчаюць гісторыка‑статыстычныя нарысы, апісанні гарадоў, мястэчкаў і вёсак, а таксама матэрыялы аб даўніне з інфармацыяй па гісторыі і культуры Беларусі і Літвы.

Як зазначыў А.Стэфановіч, кожная з кніг мае сваю ўласную гісторыю, што прасочваецца па надпісах былых уладальнікаў і экслібрысах, якія захаваліся на старонках выданняў.

«На іх можна ўбачыць экслібрыс Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў, штамп бібліятэкі ксяндза Адама Станкевіча і ўладальніцкі запіс класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага», — сказаў А.Стэфановіч.

Выстава будзе працаваць да 22 лістапада.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0