Выставу «Дзесяць вякоў мастацтва Беларусі», якая праходзіць у Нацыянальным мастацкім музеі з 27 сакавіка, убачылі каля 24 тыс. наведвальнікаў. Аб гэтым сёння на ўрачыстым закрыцці экспазіцыі паведаміў генеральны дырэктар музея Уладзімір Пракапцоў.

Па дадзеных на 7 ліпеня, квіткі на выставу купілі 13.960 гасцей. Яшчэ 10 тыс. пазнаёміліся з ёй падчас акцыі «Ноч музеяў». З першага дня працы ў музеі праведзена 320 экскурсій, а ў кнізе водгукаў пакінута 703 запісы. Да выставы быў распрацаваны каталог (папяровая і электронная версіі) і аўдыягід на трох мовах - беларускай, расейскай і англійскай. Падчас працы экспазіцыі быў прададзены 51 папяровы каталог, 243 каталогі ў электроннай версіі і 531 аўдыягід. Супрацоўнікі музея таксама ўвялі ў эксплуатацыю адмысловую мабільную версію сайта - сістэму QR-кодаў, якая дазваляе з дапамогай мабільнага тэлефона счытваць інфармацыю аб творы. Падчас экспазіцыі наведнікі змаглі ўбачыць пяць канцэртаў і пабываць на чатырох лекцыях на тэму «Мастацкія аб'яднанні Беларусі».

Паводле слоў Уладзіміра Пракапцова, правядзенне экспазіцыі «Дзесяць вякоў мастацтва Беларусі» стала для музея сапраўдным майстар-класам. «Гэта знакавы праект не толькі года, але і дзесяцігоддзя, які даў нам магчымасць вярнуцца да сваіх каранёў», — адзначыў ён. Дарэчы, экспазіцыю збіраюцца прадставіць на II Нацыянальным музейным форуме ў Гомелі ў верасні. Праект ацанілі не толькі ў Беларусі — выставу хочуць бачыць у сябе музейшчыкі Кітая і Польшчы.

Пазнаёміцца з найлепшымі творы нацыянальнага мастацтва ахвотныя яшчэ могуць да 10 ліпеня. Упершыню ў адной выстаўнай прасторы прадстаўлена каля 500 прадметаў ад часоў Візантыі да сучаснасці з 29 музеяў краіны, карпаратыўных фондаў і прыватных калекцый.

Дыяментамі экспазіцыі сталі творы мастакоў з сусветнымі імёнамі, чыя творчасць да гэтага часу не было прадстаўлена ў Беларусі. Упершыню мінчанам паказалі карціну Хаіма Суціна «Ева» (1928) - самы дарагі экспанат. Палатно было набыта на аўкцыёне Sotheby's у Нью-Ёрку за $ 1 млн 860 тыс. Таксама наведнікі ўпершыню змаглі паглядзець кнігу Сімяона Полацкага «Жазло праўлення» 1667 выдання, карціны Марка Шагала, створаныя ў перыяд росквіту творчасці вялікага мастака, а таксама працу Валенція Ваньковіча «Партрэт паэта Тамаша Зана».

Арганізатары праекта — ААТ «Белгазпрамбанк» сумесна з ААТ «Газпром трансгаз Беларусь», Міністэрствам культуры і Нацыянальным мастацкім музеем Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?