Многія чыталі пра Стакгольмскі сіндром – гэта калі закладнікі, якія знаходзяцца ў палоне тэрарыста/дыктатара, пачынаюць апраўдваць дзеянні зладзея. Псіхолагі даводзяць, што чым большы час ахвяры знаходзяцца ў палоне, тым большы адсотак з іх прасякаецца сімпатыяй да свайго катавальніка. Няшчасны беларускі народ, праз 20 год палону і нацыянальнага генацыду, паказаў на днях лепшыя прыклады вышэй названага сіндрому. А спатрэбілася для гэтага ўсяго толькі нічога – галоўнаму тэрарысту, у руках якога яны знаходзяцца два дзесяцігоддзі, прамовіць пару словаў на знікаючай мове ахвяраў. І тут паняслося: свае ўхвальныя водгукі на мову прамовы масава выдалі і засядатыя сацсетак, і нават некаторыя лідэры дэмруху.

Як я, дык нават збянтэжыўся: што робіцца з людзьмі? няўжо так мала трэба, каб самазванец пераўтварыўся ў нацыянальнага героя?

Уявіце сабе зладзея, каторы сядзіць за якое-небудзь злачынства, звязанае з гвалтам над людзьмі. І вось гэты зладзей пачынае ў судзе выступаць на беларускай мове. Што мы скажам: ох які малайчына!? які герой!? свабоду няшчаснаму!? хай йдзе гвалціць далей, абы толькі па-беларуску!? Як вам такі судовы працэс па моўнай прыкмеце? Абсурд? Дык а чаму многім зусім не падаецца абсурдным ухвальваць Лукашэнку, каторы другі раз за дваццаць год (!) узяўся прамовіць на той мове, якую ён сам ці не да ручкі ўжо і давёў –гэта нармальна,захапляцца такім чалавекам пры ягоных справах?

Ці можа дыктатар за адну хвіліну апраўдаўся за тысячы і тысячы збітых, пакалечаных, выкінутых з жыцця патрыётаў? А можа хвіліннаю прамоваю амытая нявінная кроў Захаранкі? а нявінная кроў Ганчара? а нявінная кроў Красоўскага?

Ісус Хрыстос вучыць:«судзіце судом справядлівым» (Яна 7:24). Справядлівы суд – гэта суд паводле ўчынкаў, а не паводле мовы, на якой нехта прамаўляе.

Паслухайце мяне, я сам заўсёды і паўсюль размаўляю толькі па-беларуску. Я па-беларуску размаўляў нават у тых сітуацыях, калі за мову мяне пагражалі «адбіць мазгі», «загнабіць» і разок нават «парэшыць». Я кажу вам гэта не дзеля таго, каб давесьці, што я нейкі там, а дзеля таго, каб пасля гэтых словаў сцвердзіць: мова – гэта не абсалют, на які можна раўняць усё жыццё.

Так, мова – гэта надзвычай важна. Асабіста я лічу хворымі ці псіхічна непаўнацэннымі тых людзей, якія жывуць у Беларусі і «прынцыпова» не размаўляюць па-беларуску. Але такіх закамплексаваных хапае як сярод рэжымнікаў нашых, так і сярод апазіцыі. Я неяк аднаго патрыёта мовы пытаю: «Паслухай, а чаму гэта твае дзеці гавораць па-расейску?» А той мне гэтак, вокам не міргнуўшы гавора: «Дык трэба ж спачатку ўладу ўзяць, а там загавораць». Як вам? Такія людзі, мяркую я, канешне схільны захапляцца любым кіраўніком, які толькі пачне гаварыць на роднай мове і, што яшчэ лепей, іхніх дзяцей прымусіць гаварыць.

І каму давесьці, што ніхто не прымусіць размаўляць маленькіх беларусаў па-беларуску – ні Лукашэнка, ні нават Пазьняк – калі самі бацькі, сваім прыкладам сваіх дзетак не навучаць.

Але, на аграмаднейшы жаль, 90 – 99% патрыётаў мовы маюць смеласьць размаўляць па-беларуску толькі на сваіх працоўных офісах. Па розных жа сацыялагічных дадзеных у Беларусі каля 30% людзей, каторыя выступаюць за адзіную дзяржаўнасць беларускай мовы. (І гэта правільна, бо толькі адзіная дзяржаўнасць дасць беларускай мове роўныя правы з расейскай і выратуе нашую родную ад знікнення.) Дык вы ўявіце сабе, каб заўтра ўсе гэтыя людзі пачалі гаварыць па-беларуску: паўсюль – і на офісах,і ў сем’ях, і на вуліцы! У адно імгненне, цягам адных толькі сутак Беларусь сталася б беларускаю!! Аднак жа не, 90% патрыётаў лічаць за лепшае і прасьцейшае прагнуцца пад «хісткі сьвет» і размаўляць па-расейску – размаўляць па-расейску ды чакаць беларускамоўнага дыктатара, які навяжа Беларусі беларускасць.

Вось у чым бяда многіх – у нас няправільная іерархія каштоўнасцяў. Я давожу: мова – гэта не самы першы ў свеце арыетыр. Самы першы ў свеце арыентыр – гэта Праўда. Што такое праўда? – паўторыць нехта ўслед за Пілатам. «Я шлях, праўда і жыццё» – настойвае Ісус Хрыстос (Яна 14:6). І калі б мы спрабавалі трымацца Яго, гэтай Праўды, мы б ніколі не судзілі паводле мовы, але толькі судом справядлівым.

Рускамоўны хрысціянін мне ў мільён разоў бліжэй беларускамоўнага паганца. Рускамоўны шматдзетны тата мне ў мільён разоў бліжэй беларускамоўнага прадаўжальніка сэксуальнай рэвалюцыі. Рускамоўны змагар за Праўду мне бясконца бліжэй самазванца, які раз на дзесяць год чытае з паперкі па-беларуску.

Гэта цверджу я, штодня і паўсюль беларускамоўны, Праўда – яна першая, а мова – другая. Я прагну ўсім сэрцам і за гэта малюся, каб яны заўсёды былі разам. Але менавіта ў такой пасьлядоўнасьці: Праўда і мова.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?