Прачытаў, што памёр Норман Мэйлер, шкада, і дзякуй яму за тое, што ён, мабыць, адзіны амэрыканскі пісьменьнік, які жыў у нашым Горадзе-героі, вывучаў яго, бачыў, як той абуджаецца ад правінцыйнай летаргіі, спрабуе мулкім языком вымаўляць беларускія словы. Ясна: ён ня мог не ўяўляць, як па гэтых вуліцах хадзіў калісьці сам Лі Харві Освальд — герой яго будучай дакумэнтальнай кнігі. Пагатоў, ён выкарыстоўвае менскія назвы і прозьвішчы ў сваім творы.

Мэйлер прыяжджаў у 1993-м. Кніга “Гісторыя Освальда” выйшла праз два гады. Аляксандар Лукашук зрабіў на падставе перакладу яе “менскай часткі” сэрыю перадачаў для чытальнай залі Радыё Свабода. У 1997-м я апынўся ў Празе і нават са сваімі калегамі ў студыі начытваў па ролях урыўкі зь перакладу. Я усьведамляў унікальнасьць матэрыялу, які, хай не ў станоўчым сэнсе, хай выпадкова, але зьвязваў беларусаў з амэрыканцамі.

А.Лукашук пісаў: былі зьвесткі, што амэрыканскаму пісьменьніку прыносілі архіўныя матэрыялы ў клюб Дзяржынскага. Карацей, ён працаваў не ў саміх архівах. Няхай. У любым разе гэта было прыкметай адкрытасьці краіны. Прыкра, ніякавата, калі форткі зноўку, як у савецкіх цягніках дагэтуль — навечна замкнёныя “на зіму”. Хаця халодная вайна, здаецца, прыпынілася і нават пачалося пацяпленьне клімату…

Так, сапраўды, ідэальнейшага матэрыялу для кнігі цяжка было ўявіць. Норман Мэйлер выкарыстаў гэтую магчымасьць. Ён пачынае выглядаць сёньня як сапраўдны зубр, хай бізон, амэрыканскай прозы, ягоны твар — нібы высечаны ў скале, як галовы амэрыканскіх прэзыдэнтаў у горнай камлызе. Я бяру набыты нядаўна раман Мэйлера 1984 году: “Ведаеце, мне часам думаецца, што ўсе мы падобныя да радыёстанцый і некаторыя гісторыі катэгарычна нельга выпускаць у эфір”.

Пра Освальда я ведаў прынамсі вельмі даўно, зрэшты ў нашым доме была кніга. Было надзвычай цікава: ён, ня ён? У школьныя гады — таямніца накшталт: чаму Скарына друкаваў свае кнігі ня ў будучай сталіцы БССР? Нічога дзіўнага: пасьля першых двух клясаў (я ўжываю ў мужчынскім родзе) я на беларускай тэрыторыі ў школе больш не вучыўся. А з Освальдам сапраўды ўзьнікалі пытаньні — ці хадзіў ён набярэжнай Сьвіслачы? А дзе ж яму яшчэ было хадзіць? Мабыць, бываў у цырку, у кавярні “Вясна”?

Наш палкоўнік ня піў гарэлкі. Рэдкасьць у Савецкай арміі. Затое ў яго была кніжная шафка: Норман Мэйлер “Голыя і мёртвыя” — таўсты раман старонак на 600 мінімум. Іўлін Во, памятаецца. Стос “Иностранной Литературы”, зь якой я сутыкнуўся тады ўпершыню. Раман Мэйлера пра вайну на Ціхім акіяне мяне ўразіў незвычайнасьцю зьместу. Вялікае ўражаньне зрабіў сваёй формай “Чалавек-скрынка”. Пасьля я набыў кнігу “Як напісаць апавяданьне”.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?