Сёння ў Белу-Арызонці адбудзецца першы паўфінальны матч чэмпіянату свету па футболе.

Гаспадары турніра бразільцы прымаюць Германію. Форвард БАТЭ Віталь Радзівонаў выказаў меркаванне, што ў гэтай сустрэчы будзе вызначаны пераможца ўсяго мундыялю.

Бразілія – Германія

Каэфіцыенты букмекераў: Перамога Бразіліі –- 2,70, нічыя — 3,1, перамога Германіі — 2,87.

Пачатак гульні: 23:00.

Суддзя: Марка Радрыгес (Мексіка)

Гісторыя супрацьстаяння: У 2002 годзе гэтыя каманды сышліся ў фінале чэмпіянату свету ў Японіі і Паўднёвай Карэі. Бразілія перамагла 2:0 (абодва галы забіў Раналда, а найлепшым гульцом турніра быў прызнаны нямецкі брамнік Олівер Кан). Ці змогуць немцы ўзяць рэванш?

Зорка гаспадароў — Давід Луіз (Бразілія)

27-гадовы абаронца «пентакампеонес» нарадзіўся ў горадзе з прыгожай назвай Дыадэма ў штаце Сан-Паўлу. Апошнія тры сезоны Давід Луіз адгуляў у «Чэлсі», аднак у маі яго выкупіў французскі ПСЖ. Сума ўгоды склала ад 40 да 50 мільёнаў фунтаў стэрленгаў. Гэта самыя вялікія грошы ў гісторыі, якія былі заплачаныя за абаронцу.

Наўрад ці нехта можа назваць Давіда Луіза найлепшым абаронцам у свеце, аднак самым пазітыўным можна. Ён не саромеецца дзяцініцца з фанатамі. Зрэшты, і сам не ўпускае магчымасці сфоткацца з кумірамі дзяцінства, як ён гэта зрабіў з Вальдэрамам. А яшчэ ён танцуе, забаўляецца на трэніроўках. У інтэрнэце можна знайсці сотні «гіфак» з дзівакаватасцямі Луіза.

аднак заўзятараў прыцягваюць ягоныя выхады ў штрафную пляцоўку суперніка. На гэтым чэмпіянаце Давід Луіз забіў ужо два галы.

Гледзячы на прычоску Давіда Луіза, яго часта параўноўваюць з другасным персанажам «Сімпсанаў» Сайдшоу Бобам, які намагаецца забіць Барта Сімпсана. А яшчэ прычоска падобнае да пальмачкі.

 

Зорка гасцей — Матс Хумельс (Германія)

25-гадовы гулец дортмундскай «Барусіі» прынёс перамогу Германіі ў матчы з Францыяй. Хумельс — стоўп абароны Бундэсманшафт. Ён сапраўдны Гулівер — ягоны рост складае 191 сантыметр. Гульня на другім паверсе з’яўляецца ягоным моцным бокам.

Матс — сын футбаліста і журналісткі. Спачатку Хумельса-малодшага найгравалі на пазіцыю цэнтральнага нападаючага, але бацька перавучыў сына на абаронцу. У сям’і праз гэта разгарэўся сапраўдны канфлікт, бо маці Матса, якая шмат гадоў пісала пра футбол, настойвала, каб сын гуляў у паўабароне. Магчыма, праз гэта, а можа і не, але пара развялася.

Хумельс носіць рэдкую бародку, за што яго нярэдка называюць «мушкецёрам». Цяпер за Матса змагаюцца найлепшыя клубы планеты — «Манчэстэр Юнайтэд» і «Барселона».

Матс Хумельс сустракаецца з дзяўчынай Кэці Фішэр. Яе нярэдка называюць самай папулярнай «сяброўкай футбаліста» ў Германіі. Яна ніколі не адмаўляецца ад інтэрв’ю і вельмі вострая на язык. Напрыклад, Крыштыяну Раналду ад яе дасталася за тое, што ў яго на целе няма ніводнай валасінкі. «Вы лічыце, што гэта па-мужчынску? Я лічу, што не». Яшчэ Кэці крытыкуе тутаіроўкі ў футбалістаў.

Прагноз «НН»: Абяскроўленая стратай Неймара Бразілія не зможа перамагчы Германію.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?