У панядзелак, 19 лістапада, у Дэтройце памёр грамадзкі дзеяч Язэп Сажыч.

Язэп Сажыч нарадзіўся 5 верасьня 1917 г. у Гарадэчні, што на Наваградчыне. Зь лета 1944 г. на эміграцыі. Быў адным з арганізатараў беларускага жыцьця ў Дэтройце, быў адным з заснавальнікаў парафіі сьв. Духа Беларускай аўтакефальнай царквы ў гэтым горадзе. Узначальваў мясцовы аддзел Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня.

Ад 1982 г. па 1997 г. узначальваў Раду БНР. У 1993 г. як старшыня Рады БНР прыяжджаў у Менск.

Пра пахаваньне стане вядома пазьней, але помнік сабе — па амэрыканскай традыцыі — Язэп Сажыч паставіў пасьля сьмерці сваёй жонкі Барбары Сажыч-Мазуры, якая пахавана на беларускіх могілках у Іст-Брансьвіку (Нью-Джэрзі, ЗША).

Тут друкуюцца ўспаміны Язэпа Сажыча, што былі зьмешчаныя ў кнізе А. Адзінца Паваенная эміграцыя: скрыжаваньні лёсаў

Ул. інф.

***

СПРАВУ СВАЮ МЫ РАБІЛІ ШЧЫРА, САМААДДАНА, САМААХВЯРНА

Зусім гадка стала — ужо пад «дзевяностку» падыходжу. Фізычна я вельмі слабы, але, дзякуй Богу, мазгаўня трохі працуе. Не прапіў поўнасьцю (сьмяецца). У кантакце зь іншымі беларусамі, цікаўлюся падзеямі, чытаю нашы газэты («Беларуса», «Нашу Ніву»), хачу яшчэ нешта зрабіць для Бацькаўшчыны. Гэтым і трымаемся. Мяне, Барыса Рагулю і Ўладзімера Набагеза мая нябожчыца жонка колісь назвала «трыма беларускімі мушкецёрамі». Надта падобны ў нас лёс: усе з Наваградзкай акругі, скончылі адну гімназію, потым сталі афіцэрамі і, урэшце, — дактарамі. Да гэтых часоў разам трымаемся. Хаця Барыс, на жаль, ужо зусім слабы . Нябожчык Аляксандар Стагановіч — пасол у польскім Сойме — ахрысьціў нас «наваградзкай мафіяй». З трох «мафіёзі» я — найстарэйшы…

Ляжу часта ў ложку, і ўспаміны ў галаве страшэнна круцяцца: хоць кнігу выдавай. Мушу імі з Вамі падзяліцца.

Нарадзіўся 5 верасьня 1917 г. у вёсцы Гарадэчна. Гадаваўся ў страшэннай беднаце: бацька памёр, калі мне было два годзікі (мамачка расказвала, што ён любіў мяне больш за ўсё на сьвеце), і маленькі хлопчык мусіў зрабіцца гаспадаром — араць, касіць. У сем-восем гадоў я стаў у хаце лідэрам: як скажу, так і мусіць быць! Калі мама злавалася, называла мяне «праклятым бальшавіком». «Чырвоных», як і палякаў, ніколі не паважала.

Мая маці, Вера Дарашэвіч, была для бацькі Сымона, які вярнуўся з заробкаў у ЗША, другой жонкай. Калі памерла першая, на бацькавых руках засталіся трое дзетак. А мамачка, зусім маладая тады жанчына, да шлюбу працавала ў Гарадэчна ў цёткі. Была яна чалавекам амаль непісьменным, але вельмі інтэлігентным, разумным.

Братка, ты не ўяўляеш, як мы з мамачкай любілі адно аднаго. Ужо апынуўшыся на вайне, перад апошняй атакай быў упэўнены, што мяне заб’юць. Сьмерці не баяўся, страшыўся аднаго: што мама не перажыве страты сыночка...

***

Калі споўнілася 14 гадоў, здарылася падзея, якая моцна паўплывала на мой лёс. Кашу ля рэчкі сена, пад’яжджае брычка з войтам Сокалам: «Хадзі вучыцца, ты здольны хлопец». Я кажу: «Дык гэта грошай вялікіх каштуе». А ён: «Нічога, я ведаю дырэктара Ціханоўскага, прыходзь да мяне ў гміну». Войт мне выпісаў пасьведчаньне, перахрысьціў і кажа: «Сынку, хадзі вучыся, але не давярай ніякай савецкай прапагандзе!» Пасьля таго як зачынілі беларускую гімназію, перайшоў у наваградзкую польскую гімназію, плаціў толькі 25 працэнтаў ад сумы. Я быў найбяднейшы з усіх хлопцаў. За гады навучаньня ў гімназіях не знайшоў магчымасьці купіць аніводнай кнігі — пазычаў у багацейшых сяброў. Гімназія мела лінгвістычную скіраванасьць, шмат вучылі на памяць. Я перапісваў на паперку і, ідучы дадому (дзесяць кілямэтраў штодня), вучыў на памяць. І цяпер шмат лацінскамоўных твораў памятаю. Здараецца, як пачнем з Набагезам дэкляраваць па чарзе...

Відавочна, таму, што ў дзяцінстве галадаў, цяпер магу ні ў чым сабе ні адмаўляць: хачу — ем сала, хачу — селядзец. Уявіце: дзесяць гадоў пешшу хадзіў з Гарадэчна ў Наваградак і назад. А гэта дзесяць кілямэтраў кожны дзень. Чатыры кілямэтры ішоў босы, а пад горад надзяваў чаравічкі, вось так, братка. На прыгарадку жылі Мазуры — бацькі маёй жонкі. Матка яе была стараверка, зь сям’і Кашталянавых, паходзіла ад вялікіх расейскіх магнатаў. І калі я пачаў сустракацца зь яе дачкой Варай, яна казала: «Што, я аддам сваю дачку за гэтага батрака? Што ў яго за гены?»

У гімназіі я быў неблагім матэматыкам, хацеў ісьці на інжынэра. І тут у Наваградак прысылаюць маладых украінскіх сьвятароў, што скончылі ў Варшаве тэалёгію. Быў такі сьвятар Скрыпнік, ён мяне ўвесь час апякаў. Аднойчы ён кажа мне: «Ну што думаеш рабіць далей?» Паступаць ва ўнівэрсытэт было не па сілах фінансава. Скрыпнік націскаў, каб я ішоў на тэалёгію: «Вам, беларусам, патрэбны адукаваныя патрыёты-сьвятары». Рэлігію я паважаў, але разам з тым страшна любіў войска. Вучыцца вайсковай справе? Але ж куды цябе палякі прапусьцяць?..

***

Пачалася Другая сусьветная вайна. На фронце я зрабіўся героем: кідалі ў цяжкія абставіны, і я неяк зь іх вылазіў. Камандзір дывізіі, таксама беларус, Мікалай Болтуць называў мяне «беларускім ільвом». Пяць разоў хадзіў у атаку — быў камандзірам левага флянгу. У час апошняй атакі паднімаю пісталет і крычу: «Хлопцы, за мною!» А кулямёт як трахне — добра мяне прасёк. Ляжу, гляджу на рану і думаю: усё, заб’юць немцы. Аказалася, што яны добра ратавалі афіцэраў, — адразу мяне паднялі зь зямлі і адвезьлі ў амбулянс. Нямецкі маёр, малады хірург, зрабіў рэнтген, пагладзіў па галаве і кажа: «Юнге, ты шчасьлівы! Косьць не закранута, мы цябе вылечым». Лячылі мяне ў вялікім ваенным шпіталі ў Лодзі.

Якраз тады саветы дамовіліся з Гітлерам: Нямеччына выпускае дадому беларусаў і ўкраінцаў, а СССР — г. зв. «фольксдойчаў», палякаў нямецкага паходжаньня. Я скарыстаў гэтую магчымасьць, уцёк са шпіталю і пайшоў дадому, у Гарадэчна.

Нашая хатка стаяла на цэнтральнай вуліцы. Стаіць мая мамачка, прыглядаецца да хлопцаў у шынялёх. Падыходзіць да яе адзін, з суседняй вёскі: «Што, бабушка, сынка чакаеш? Выбачай, сам бачыў — палёг твой сынок у баі». Божачкі, а я ж адзін сынок у мамачкі.

Наша сям’я належала да наваградзкага сабору сьвятога Мікалая, настаяцелям там быў Мікалай Гарбацэвіч. Я добра яго ведаў, нават кадзіла падаваў. Мамачка, канешне, адразу пабегла да яго. Зрабілі па мне вялікую паніхіду, усе плакалі, сьпяваў хор — пра гэта я пазьней даведаўся. І вось прабіраюся агародамі да дому, а мамачка стаіць і набірае ў калодзежы ваду. Убачыла мяне і адразу ж, самлеўшы, упала: «Дзеці, глядзіце, што робіцца!» Думала, што прывіда ўбачыла.

Ужо ў Нямеччыне я спаткаў беларускага дзеяча Васіля Плескача, які ў францускай зоне акупацыі працаваў дырэктарам польскай школы. У 1948 г. у яго нарадзіўся сын, і Васіль папрасіў, каб я стаў хросным бацькам. Прыяжджаю на хрэсьбіны ў Швэнінген. Гляджу — Гарбацэвіч, божачкі ты мой! Той вочы вытарашчыў, падбег да мяне, цалуе і кажа: «Выбачай, родненькі. Я ж паніхіду па табе ўжо справіў. Вер, доўгім будзе тваё жыцьцё». Я асабіста прасіў Быкава апісаць гэты выпадак, аднак спадар Васіль адказаў: «Выбачай, даражэнькі, я не магу апісаць тое, што сам не перажыў».

***

Вярнуўся ў Гарадэчна. І тут сустракаю аднаго са сваіх таварышаў па гімназіі, а ён быў камсамольцам: «Юзік, хавайся. Табе тут ня месца. Уцякай!» Выпісаў пасьведчаньне, у якім было сказана наступнае: «Сажич Иосиф Семенович, бедняк, направляется на учебу». І я паехаў у Львоў, праціснуўся ва ўнівэрсытэт, на ўлікова-эканамічны факультэт. Зрабіў тры сэмэстры, стаў выдатнікам. Між іншага, у Львове ў тыя часы апынулася шмат беларусаў: пасьля таго як Вільню аддалі літоўцам, Віленскі ўнівэрсытэт перавялі на літоўскую мову. Па-расейску ў Львове ніхто не размаўляў — расейцаў галічане не шанавалі. Калі прыехаў ва Львоў, на нацыяналізм не «хварэў». І мае калегі-студэнты, адданыя галіцкія патрыёты, уцягнулі мяне ў «бандэраўцы». Я сваімі вачыма бачыў, як на Галоўным рынку Львова было аб’яўлена аб стварэньні незалежнай дзяржавы, самаўраду . Якая весялосьць пачалася, якое сьвята! А калі немцы заявілі, што Галіцыя — гэта частка Аўстрыі, — галічане пайшлі ў падпольле. Была ўтворана Ўкраінская паўстанчая армія, якая змагалася і з камуністамі, і з фашыстамі. Я таксама быў зьвязаны з гэтай арганізацыяй, зьяўляўся камандзірам у адной зь вёсак. Потым мне далі харчовую краму, і ў Беларусь я паехаў самы апошні, бо мусіў забясьпечваць харчамі ўсіх хто ад’яжджаў.

Слухай, браток, нацыяналістам я стаў менавіта ў Львове. Калі жылі пад палякамі, пра незалежнасьць і ня марылі: нейкія правы, аўтаномія і ўсё. А ў сяле пад Львовам бачу: дзяўчаты выцягваюць з-пад куфраў нацыянальныя «жоўта-блакітныя» сьцягі, усе сьпяваюць, сьвяткуюць — нацыянальны ўздым калясальны. Божа, думаю, а ў нас што?.. Украінцы мяне пытаюць, якія сьцяг і гімн у Беларусі, а я чырванею — ня ведаю... Нават вусаты селянін-украінец, калі пачуў адказ, адкуль я прыехаў, сказаў: «Дык ты ж ліцьвін!» Гэта мяне страшэнна ўзварушыла.

***

Але мусіў вярнуцца ў Наваградак, дзе ўсё апанавалі палякі, якія здавалі беларусаў немцам: ён, ён і ён — камуністы, і справа скончана... Стаўленьне немцаў да нас было рознае: шмат было і добрага, і благога. Напрыклад, галоўны камісар Вільгельм Кубэ зрабіўся сябрам беларусаў, стараўся нам дапамагчы. Велізарная праблема крылася ў тым, што ня ведалі, каму давяраць, а каму — не. Сярод нас, беларускіх нацыяналістаў, былі людзі, завэрбаваныя саветамі. Таму паводзіць сябе трэба было надта асьцярожна. Лічу, што галоўным лідэрам беларусаў тых часоў, нашым правадыром, быў Радаслаў Астроўскі — здольны, адукаваны, рашучы, сапраўдны шляхціч. Я быў на яго пахаваньні ў ЗША, аддаў апошнюю даніну павагі гэтаму выдатнаму дзеячу.

Ратаваць суайчыньнікаў ад немцаў і палякаў стаў на Наваградчыне Барыс Рагуля, які вырваўся з палону і засеў у гебітскамісарыяце. Барыс, як спаткаў мяне, адразу прапанаваў: будзеш камісарам паліцыі па цэлай Наваградзкай акрузе. Але, пабыўшы ў Львове, я адрэзаў: «Ніякага супрацоўніцтва зь немцамі! Дай мне войска — пайду ў войска».

Рагуля ўвесь час недзе матаўся: то ў Менск паедзе, то ў Вільню. Жылі мы ў адной хаце, і аднойчы ноччу, а другой гадзіне, прылятае Барыс, запальвае сьвятло і кідае мне пачак папер: «На табе тваё войска!» Тады немцы далі дазвол утварыць Самаахову: адчынялася афіцэрская школа перашкаленьня ў Менску, у кожнай акрузе — падафіцэрскія школы і ў кожным раёне — батальёны. Да самай раніцы сьвяткавалі падзею: выпілі, браток ты мой, добра.

Мяне прызначылі камандзірам падафіцэрскай школы ў Наваградку. Пад маім кіраўніцтвам было чалавек дзьвесьце. Немцы паглядзелі, зь якой адданасьцю хлопцы вучыліся, і спалохаліся. Выдалі загад, паводле якога гэтыя кадры мусілі выкарыстоўвацца для дапаможных аддзелаў. Напрыклад, была створана лясная самаахова. Раптам мяне ў Менск выклікае Франц Кушаль і інфармуе, што немцы даюць дазвол утварыць чыгуначны батальён. Цікава, што Кушаль мяне спаткаў ужо ў чыгуначнай уніформе. У ранзе палкоўніка мяне тады сустрэў князь Сьвятаполк-Мірскі . Я быў супраць гэтай працы, аднак мне адказалі: «Сажыч, вы ёсьць афіцэр, таму — ніякіх дыскусій». Я мусіў узяць 50 хлопцаў са сваёй школы ў Наваградку і ехаць у Ліду. Батальён ня быў беларускай ваеннай адзінкай: я цягам шасьці месяцаў школіў жаўнераў, і пасьля іх накіроўвалі на ахову станцый. Мы мелі кулямёты, гранаты, вострую зброю. Нас апранулі ў сінюю нямецкую чыгуначную ўніформу, на шапках была нашыта «Пагоня», а на каўнярах — ярылаўскія крыжы.

Аднойчы на адной са станцыяў здарыўся такі інцыдэнт: жаўнер Слонімскі абяззброіў немцаў, забраў колькі хлопцаў і пайшоў у чырвоную партызанку. Двое хлопцаў, якія баяліся нямецкага расстрэлу, прыбеглі да мяне, і я іх накіраваў у Нямеччыну. А Слонімскі паехаў у тыл, бульбу абіраць.

***

Калі Барыс Рагуля арганізаваў у Наваградку швадрон, я туды ня трапіў: мяне накіроўвалі з аднаго месца ў другое: Маладзечна, Стоўбцы... У кожным я меў па 200—300 хлопцаў для вучобы. У суме я перашколіў каля 2500 жаўнераў.

Браток, ты б ведаў, як мяне любілі хлопцы! Чаму? Бо ўмеў расказваць: сяду ды пачну апавядаць пра свае ваенныя прыгоды, а маладыя жаўнеры ажно раты параскрываюць.

Гадаваў іх у патрыятычным рэчышчы, рабіў заклікі хапаць зброю і бараніць Бацькаўшчыну. Мала хто ведае, што я зьяўляюся аўтарам некалькіх знакамітых вайсковых песень, падбіраў да іх мэлёдыі. Пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, з «Пагонямі» мае хлопцы маршыравалі і сьпявалі патрыятычныя песьні. Лішнім будзе казаць, што размаўлялі мы толькі па-беларуску. А цяпер хтосьці ўяўляе сабе, каб лейтэнант беларускай арміі загаварыў на роднай мове?.. Дарэчы, я вывез з Баранавічаў апошні цягнік, а зь ім — 300 чалавек. Усе палескія станцыі ўжо пазаймалі саветы.

На ІІ Усебеларускім кангрэсе ў Менску я меў ахоўныя функцыі: з двума пісталетамі, гранатамі дзяжурыў на бальконе. Туды мяне асабіста направіў Усевалад Родзька. Калі б здарыўся нейкі сабатаж ці з савецкага, ці зь нямецкага боку, я быў гатовы страляць ці кідаць у злачынцаў гранаты.

***

За мяжой закінулі нас ажно ў Саарбрукен, што знаходзіўся ў францускай зоне акупацыі. Родзька, які кіраваў Беларускай Незалежніцкай Партыяй, гэты вялікі кансьпіратар, даў мне загад перайсьці да французаў. Раптам у Саарбрукен прыяжджае маёр Барыс Рагуля й забірае мяне ў Бэрлін, адкуль мы накіраваліся ва Ўсходнюю Прусію. Там быў ужо створаны беларускі дэсантны батальён «Дальвіц».

Колькі я там спаткаў знаёмых хлопцаў — не пералічыць! Кажу Рагулю: «Я ж нічога ў гэтай справе не разумею». На што генэрал Міхал Вітушка, які пры сустрэчы па-бацькоўску мяне расцалаваў, адказаў: «Не хвалюйся. Я ўсе вазьму на сябе».

Дарэчы, дэсантаваць у Беларусь мусіў Рагуля, аднак ён ужо меў сям’ю. Па адной з вэрсіяў, у 1944-м дэсантаваў Вітушка, які нібыта быў забіты ў баі з савецкім войскам. Паводле іншых, яму ўдалося схавацца дзесьці на Захадзе. Апынуўшыся зноў у Бэрліне, тры дні сядзеў у начальніка галоўнага ваеннага ўпраўленьня БЦР Канстанціна Езавітава, рабіў справаздачы. Потым Рагуля засунуў мяне ў Баварыю, дзе я зрабіўся камандзірам афіцэрскай школы. Працую, адказна раблю справу — і раптам немцы прысылаюць нейкага свайго афіцэра, які мусіў пераняць мае функцыі. Хлопцы распачалі бунт, а мяне пасадзілі пад хатні арышт і хацелі расстраляць. Але з дапамогай Рагулі, які ўсюды, дзе б ні быў, ствараў на прысутных цудоўнае ўражаньне, мяне вызвалілі ды накіравалі ў нямецкую школу афіцэраў пад Ростак, у зямлю Мэкленбург.

***

Пасьля вайны многія беларусы, якія перабіраліся ў ЗША, з той нагоды, што тым ці іншым чынам былі далучаны да немцаў, баяліся праблем. Жыды зрабілі так, што нас пачалі называць нямецкімі калябарантамі. А я нічога не баяўся, бо ведаў: мая біяграфія чыстая. Ніколі, ніводнага разу мяне не вінавацілі, што я быццам зрабіў штосьці благое для свайго народу. Калі даваў нямецкаму журналісту інтэрвію, сказаў наступнае: «З чортам кроўю падпішу дамоўленасьць, каб толькі яны далі мне зброю і я змог бы бараніць Беларусь».

Скончыўшы мэдыцынскі факультэт Марбурскага ўнівэрсытэту, на ваенным караблі накіраваліся з жонкай у ЗША. Шчыра кажучы, хацеў ехаць у Аргентыну ці Аўстралію, аднак жонка, у якой у ЗША жыў дзядзька, настаяла.

Цікавая размова адбылася, калі мы ўжо заходзілі на карабель. Правяральшчык глядзіць у мой пашпарт і кажа: «Хто Вы па нацыянальнасьці?» — «Беларус». Той зьдзіўляецца: «Дык беларусы ж сталіся вольным народам, вяртайцеся на радзіму». Я не губляюся: «А я камуністаў не люблю». Мне ў лоб: «Ты што, — фашыст?» — «Чаму ж, я — дэмакрат». Той зарагатаў: «Тады, канешне, праходзь — будзеш у ЗША за нашую дэмакратычную партыю галасаваць». У той час пры ўладзе былі рэспубліканцы...

У Амэрыцы я працаваў па спэцыяльнасьці — доктарам-анэстэзіёлягам. Дачка Гелена нарадзілася, калі я яшчэ быў студэнтам у Нямеччыне. А сын Юзік зьявіўся на сьвет, калі мне было 44 гады! Я хацеў, каб ён таксама стаў лекарам, аднак сын выбраў іншы шлях — сьвятарскі. Цяпер Юзік — знакаміты тэоляг, як місіянэр нават да Беларусі дабраўся. Праўда, пратэстант.

Ёсьць у мяне ўнукі, якіх я страшэнна люблю. У Фларыду перабраўся 15 гадоў назад: тут цудоўны клімат, цеплыня, мора. Дачка кажа, каб вяртаўся назад: «Буду цябе даглядаць». Аднак я і сам рады яшчэ даю, дый прызвычаіўся да Фларыды.

Прыехаўшы ў Дэтройт, адразу ж працягнулі нацыянальную справу. Мая жонка, якая раптоўна памерла ад раку, калі ёй было трохі больш за 50 гадоў, таксама была палымянай патрыёткай Бацькаўшчыны. Як і ўся яе інтэлігентная сям’я. Дарэчы, яе сястра яшчэ жыве ў Дэтройце, яна замужам за доктарам-беларусам Жывікам. Ведаеш, чалавеча, калі б я ня быў у Дэтройце, ніхто б там ня ведаў, што такое Беларусь і хто такія беларусы. Справу сваю мы рабілі шчыра, самааддана, самаахвярна. Менавіта я заснаваў у Дэтройце праваслаўную парафію Сьвятога Духа. Потым царкву напаткала бяда. Пра раскол у беларускім царкоўным жыцьці сказана-пісана шмат, таму спыняць на ім увагу ня буду . Скажу адно: я заўсёды падтрымліваў беларускую аўтакефалію. Яна, а не вуніяцтва, мусіць быць нашай нацыянальнай рэлігіяй. Дарэчы, мяне хацелі высьвяціць на сьвятара, асабліва пасьля сьмерці жонкі. Высьвяціўся б — мог разьлічваць стаць япіскапам. Але ўмяшаліся справы палітычныя, і я сказаў «выбачайце». І добра, бо я ня веру ў Сьвятую Тройцу...

Шчыра кажучы, я не зьбіраўся займацца палітыкай. Аднак у 1982 г. мяне нечакана абралі на пасаду старшыні Рады БНР. Хоць былы старшыня Вінцэнт Жук-Грышкевіч мяне не любіў, галасы за мяне падалі 70 % дэлегатаў. Раней Жук-Грышкевіч зрабіў мяне сакратаром па справах вэтэранаў, заўсёды казаў, што палітычна я — няграматны.

Граматны, няграматны, але ж кіраваў 15 гадоў. Час майго праўленьня хтосьці ахрысьціў «брэжнеўскім застоем», але, паверце, гэта хлусьня. Калі сыходзіў, галасаваў супраць цяперашняй старшыні Івонкі Сурвіллы, і яна пра гэта ведае — хацеў, каб маё месца заняў Рагуля. Калі яе выбралі, я сказаў: «Івонка, будзеш нашай Маргарэт Тэтчэр». Лічу, што яна добра кіруе справамі: усюды піша, прамаўляе. Сваім найвялікшым дасягненьнем я лічу візыт на Радзіму ў 1993 г., калі сьвяткаваліся 75-я ўгодкі БНР. Ніколі не забуду гэтага гістарычнага моманту: я раблю прамову перад трыма тысячамі чалавек, усе скандуюць «Жыве Беларусь!» — і ў мяне цякуць сьлёзы... Езьдзіў тады і ў Вільню, дзе адбыўся заклад магілы братоў Луцкевічаў. І ў Беларусі, і ў Літве за мной бегала прэса, усё пытала пра БНР. Я адказваў коратка: «Калі б не БНР, не было б БССР. Калі б не было БССР, не было б незалежнай Беларусі». Вось так, братка. Спаткаўся з нашымі адметнымі дзеячамі. Напрыклад, зь Пятром Краўчанкам у добрым рэстаране пілі каньяк, зь мітрапалітам Філарэтам. Апошні, дарэчы, абяцаў, што зь цягам часу абавязкова пяройдзе на беларускую мову... Антыбеларускасьць — страшэннае гора сучаснай Беларусі. Лукашэнка — хітры і здольны палітык. І сярод апазыцыі я сёньня ня бачу такіх жа здольных ды хітрых. Але ж, нягледзячы ні на што, Беларусь мусіць адрадзіцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0