У гэтай школе Савецкага раёну сёньня толькі й размоваў што пра інцыдэнт, які здарыўся ў пятніцу падчас трэцяга ўроку другой зьмены.

Два п’яныя дзецюкі ўламіліся ў школу а 16.30. Адпіхнуўшы вахцёра, яны падняліся на другі паверх. Тут іх дагнаў дзяжурны настаўнік. Дарэчы, псыхоляг паводле адукацыі. Але суцішыць п’яных ён ня змог — адзін зь дзецюкоў выхапіў пісталет і прыставіў рулю да скроні пэдагога.

Буяноў удалося вывесьці на вуліцу. Але не пасьпеў вахцёр зачыніць дзьверы на зашчапку, як яны зноў уварваліся ўсярэдзіну. І, падняўшыся на другі паверх, пачалі ламіцца ва ўсе кабінэты запар. У кабінэце геаграфіі на іх дарозе стала настаўніца з швабрай у руках. А ў наступным кабінэце яны ўсчалі страляніну.

— У нас была беларуская, — ахвотна дзеляцца падрабязнасьцямі васьміклясьніцы Аня і Каця. — Раптам чуем, у калідоры сталі ляпаць дзьверы, пасьля раздаліся нейкія крыкі. І тут расчыняюцца нашы дзьверы і ўвальваецца нейкі мужчына. П’яны, смурод ад яго на ўсю клясу. Настаўніца яму: «Выйдзіце!». А ён пачаў крычаць, што шукае свайго пляменьніка. Настаўніца яго выштурхнула ў калідор, і мы пачулі стрэлы. Адна куля трапіла ў настаўніцу.

Як высьветлілася, стралялі з пнэўматычнага пісталета. Але настаўніцы ад гэтага не лягчэй. Куля ўсё адно трапіла ёй у плячо. А дзеці? Яны хоць і ўспрымаюць цяпер усю гэтую гісторыю як эпізод зь фільму, але прызнаюцца, што ў той момант было не да жартаў.

— Пісталет быў як сапраўдны, — робяць вялікія вочы дзяўчынкі.

Налётчыкаў затрымаў атрад міліцыі. Пра людзей зь пісталетам на прыступках школы паведаміў нейкі мінак. Праўда, за стралком давялося пабегаць па школьных калідорах і прыбіральнях. Калі ўцякаў ад міліцыянтаў, той разьбіў акно і выкінуў зброю.

— Калі мы садзілі ў машыну затрыманых, — расказвае міліцыянт 7‑й роты палка ППСМ Яўген Пучко, — дзяцей тут шмат сабралося. Дзяўчынкі нам казалі, што гэтыя двое ўжо падстрэлілі нейкага школьніка. Пасьля і хлопец гэты да нас падыходзіў і паказваў дзірку ад кулі ў куртцы на сьпіне. Зрэшты, гэтым сьледзтва цяпер займаецца.

Як паведаміў «Камсамолцы» прэсавы афіцэр Савецкага РУУС Сяргей Ермачонак, у дачыненьні да неаднаразова судзімага 26‑гадовага менчука ўсчатая крымінальная справа па факце асабліва злоснага хуліганства. Яго таварыш пакуль праходзіць як сьведка.

А вось адміністрацыя школы ў экстраным парадку зьбірае агульнашкольны бацькоўскі сход. На павестцы дня адно пытаньне: арганізацыя аховы навучальнага працэсу. Бацькам бясьпека дзяцей абыдзецца каля трыццаці тысяч у месяц. Усе, напэўна, пагодзяцца.

«Комсомольская правда» в Белоруссии»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0