У дні святкавання 600-х угодкаў Глыбокага, якое ладзілася 3-5 ліпеня было мноства розных мерапрыемстваў. Ахвотныя, якіх не было адбою, за прымальны кошт у 160 тыс. беларускіх рублёў, маглі зрабіць захапляльнае падарожжа вакол Глыбокага на верталёце. Ладзіў яго Віцебскі аэраклуб. На борт бралі 7 чалавек. То можаце падлічыць, колькі аэраклуб зарабіў за адзін палёт, які цягнуўся не болей за 7 хвілінаў.

– Сабекошт эксплуатацыі адной гадзіны верталёта – 1000 даляраў,– патлумачыў аўтару фотаздымкаў прадстаўнік аэраклуба, які арганізоўваў пасадку пасажыраў. – Асаблівага прыбытку за 2 дні знаходжання ў Глыбокім мы не атрымаем, але і стратаў не будзе, выйдзем па нулях.

Я маю ў тэчках нямала здымкаў Глыбокага з верталёта розных гадоў. Але скажу толькі адно – Глыбокае за апошнія 3-5 гадоў змянілася радыкальна. Відавочна, на гэта паўплываў 2012 год, калі праводзіўся Дзень беларускага пісьменства і друку, тады і былі праведзеныя вялізныя працы па добраўпарадкаванні гораду. Мноства дамоў і розных вытворчых і адміністрацыйных будынкаў цяпер накрыта рознакаляровай дахоўкаў, шэры шыфер паступова адыходзіць у нябыт. Раней шыферныя дахі зліваліся ў адну шэрую пляму, што вельмі псавала агульнае ўспрыманне панарамы горада, ён выглядаў занадна неахайным. Нібыта і не райцэнтр, горад, а закінутая вёска…

Цяпер файна глядзець на горад з вышыні, які добраўпарадкаваны, дагледжаны, аточаны мноствам азёраў, шкада што ў аб’ектыў можа патрапіць не болей за пяць.

Я доўга думаў, які напісаць загаловак… І ўспомніў Кастуся Акулу, яго аповесці, трылогію «Гараватка»… Яго персанажы едуць на фурманцы па пыльнай дарозе з Крулеўшчыны ў Глыбокае. Перад імі з гары раптам паўстае панарама Глыбокага з храмамі і азёрамі.

- Пекны горад! Не? - пытае адзін у аднаго.
- Пекны!

(Заўвага: якасць здымкаў залежыць ад чысціні шыбаў у салоне верталёта)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?