У мінулую пятніцу ў магілёўскім сьледчым ізалятары адбылася сустрэча палітвязьня Артура Фінькевіча з адвакаткай Ганнай Рыбалка

«Сьледзтва ў справе Артура ўжо скончылася, яшчэ ў панядзелак яе павінны былі накіраваць у пракуратуру, а цягам тыдня перадаць у суд», — кажа Ганна Рыбалка.

Артура Фінькевіча зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар 26 кастрычніка. Супраць яго завялі крымінальную справу па арт. 415 КК РБ «Адмова ад адбываньня пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі». Паводле гэтага артыкулу Артуру можа пагражаць ад паўгоду да трох гадоў зьняволеньня.

Ганна Рыбалка не бярэцца прагназаваць, чым можа скончыцца суд: «Калі б гэта была звычайная крымінальная справа, то, найхутчэй, Артуру далі б сем ці адзінаццаць месяцаў арышту, але ж вы самі разумееце, што тут ня ўсё так проста».

Адвакатка кажа, што Артур прызнаў часткова сваю віну, але паказаньні яшчэ не даваў. Адносна ўмоваў утрыманьня палітвязьня ў СІЗА Ганна Рыбалка сказала, што Артур ні на што ня скардзіцца.

«Кажа, што там нават лепей, чым на Валадарцы. Ён рэгулярна атрымлівае перадачы. У ягонай камэры нямнога людзей, таксама мае прыязныя стасункі з адміністрацыяй ізалятара. Артур прасіў перадаць усім на волю прывітаньне, а таксама аддзячыць усім, хто яго падтрымлівае ў гэтыя нялёгкія дні», — сказала Г.Рыбалка.

Зьміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0