У Гродне затрыманы 21-гадовы малады чалавек, які ўчыняў хуліганскія дзеянні ў лясным масіве Румлёва. 

Паводле інфармацыі УУС Гродзенскага аблвыканкама, хлопец дэманстраваў дзяўчынам палавыя органы, а ў адным выпадку нават учыніў гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару ў дачыненні да заведама малалетняй дзяўчынкі. Галоўная складанасць у затрыманні гэтага чалавека заключалася ў тым, што пацярпелыя, перажыўшы стрэс, вельмі няясна памяталі прыкметы нападніка.

Як паведаміў начальнік аддзела па раскрыцці злачынстваў супраць асобы ўпраўлення крымінальнага вышуку УУС Гродзенскага аблвыканкама Сяргей Апалонік, у дзяжурную частку Кастрычніцкага РАУС Гродна патэлефанаваў мужчына, які сказаў, што ў Румлёўскім лесапарку малады чалавек дэманструе інтымныя часткі цела дзяўчынам. 

Дзяжурны накіраваў на месца здарэння найбліжэйшы нарад аховы, які і затрымаў хулігана. Пазней, падчас вобыску ў яго дома, міліцыянеры знайшлі прадметы адзення, якія запомніліся пацярпелым: красоўкі з зялёнымі шнуркамі, спартыўную куртку і г. д. 

У дачыненні да маладога чалавека распачатыя чатыры справы на падставе арт. 339 (хуліганства) і арт. 167 (гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару) Крымінальнага кодэкса. Такія дзеянні ў дачыненні да заведама малалетняй цягнуць пакаранне ад 8 да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?