Дабужынскі. Аўтапартрэт

Выстава працаў Мсьціслава Дабужынскага «Старая Літва» прысьвечаная супярэчліваму й кароткаму пэрыяду жыцьця мастака ў Літве.

Мсьціслаў Дабужынскі нарадзіўся ў Ноўгарадзе ў 1875. У яго радаводзе былі й полацкія князі. Ён — адзін з «клясічных» прадстаўнікоў пецярбурзкага «Мира Искусства», таварыства мастакоў, артыстаў і пубіцыстаў, у чыёй творчасьці адбіўся стыль мадэрн. .Сярод іншага, Дабужынскі быў адным з настаўнікаў Шагала, калі той вучыўся ў славутай прыватнай школе Званцавай.

Затым удзячны вучань запрасіў настаўніка выкладаць ужо ў сваю школу: у 1918—19 г. Дабужынскі жыў у Віцебску і працаваў у Віцебскай мастацкай школе. У сваіх творах таго часу ён увасобіў вобраз Віцебску, яго дзівосны калярыт, прыхаваны, але адчувальны драматызм. Самыя вядомыя зь іх: «Віцебск» (1919, акварэль), «Віцебск. Цырк» (1919, малюнак, 1923, літаграфія) «Віцебск. Лесвіца» (1919, малюнак, 1923, літаграфія). Пэўны час Дабужынскі жыў у Вільні, дзе шчыльна сышоўся зь беларускай інтэлігенцыяй. Ён, які сябраваў з Ластоўскім, Луцкевічамі, Дуж‑Душэўскім, таксама вычуваў сябе як беларус. І калі ён пераехаў у Літву, у 1924 г., дык уліўся ў беларускі нацыянальны асяродак у Коўне. Тут ён ўдзельнічаў у афармленьні тэатральных пастановак, афармляў часопіс «Крывіч», іншыя беларускія выданьні. Але, перадусім, варта назваць ягоны шэдэўр — аздобу «Гісторыі крыўскае кнігі» Ластоўскага. Тутсама ён рабіў замалёўкі ў ваколіцах Коўна. Але не спыняў шчыльных кантактаў і з колішнім пецярбурскім асяродкам. У СССР працягвалі друкаваць кнігі ў ягонай аздобе. Гэтак у 1926 ён стварыў клясычнае мастацкае ўвасабленьне «Меднага вершніка» Пушкіна… Пасьля ён зьязджае зь Літвы ў Эўропу, а ў 1939 перабіраецца за акіян. Менавіта там, у Амэрыцы, дзе ён пражыў яшчэ доўгае жыцьцё (да 1957), Дабужынскі й падсумаваў свой творчы даробак, што расьцярушаны быў між Пецярбургам і Вільняю, Віцебскам і Коўнам. Выстава «Старая Літва», на якой прадстаўленыя шкіцы й замалёўкі літоўскіх краявідаў пачатку 1930‑х — зусім невядомая ў Беларусі старонка творчасьці славутага майстра. Гэтая выстава, безумоўна, стане адной з самых важных падзеяў году.

Сяргей Харэўскі


Мсьціслаў Дабужынскі. Каўнас. Старыя вуліцы. 1931
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0