Аляксандр Хадакоўскі — перабежчык з «Альфы» СБУ.
Як паведамляюць сайты баевікоў, начальнік Службы бяспекі (аналаг КДБ) так званай Данецкай Народнай Рэспублікі Аляксандр Хадакоўскі з вернымі яму баевікамі ўкрыўся ў горадзе Макееўка. З ім сышла часць байцоў батальёна «Усход». Яны занялі будынак трэста «Макееўвугаль» і акапаліся на пазіцыях вакол яго.
Батальён «Усход» — адно з самых баяздольных падраздзяленняў тэрарыстаў. Яно складалася з расійскіх спецназаўцаў і былых супрацоўнікаў данецкіх сілавых структур. Сам Хадакоўскі — былы кіраўнік данецкай «Альфы», атрада спецпрызначэння Службы бяспекі Украіны. Ён здрадзіў прысязе, прычым пад ягоным кіраўніцтвам 17 красавіка пад Славянскам былі з засады расстраляныя былыя пабрацімы з «Альфы» кіеўскай.
На мінулым тыдні між прыхільнікамі Хадакоўскага і Стралкова разгарэлася інфармацыйная вайна. Прастралкоўскія сайты, сярод якіх і Imperiya.by, вінавацілі Хадакоўскага ў правальнай аперацыі ў Данецкім аэрапорце, у выніку якой загінула больш за 50 баевікоў. Хадакоўскаму закідалі некампетэнтнасць, а мо і здраду. Вядома, што гэты чалавек доўга і верна служыў Рынату Ахметаву.
У сваю чаргу, Стралкова абвінавачвалі ў фюрэрстве і здачы Славянска без боя.