Беларусі і Расіі неабходна ствараць сумесныя кампаніі ў ваенна-прамысловым комплексе. Аб гэтым заявіў сёння журналістам прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч на Міжнароднай выстаўцы ўзбраення і ваеннай тэхнікі MILEX-2014.

«Зразумела, трэба рабіць сумесныя кампаніі, а не працаваць праз прамкааперацыю. Мы плануем знаходзіць вырашэнне тых пытанняў, якія дзесьці яшчэ можа правісалі ў чыноўніцкіх кабінетах», — сказаў Міхаіл Мясніковіч. Ён дадаў, што для такіх сумесных кампаній ужо не спатрэбяцца ніякія дазволы на высокім узроўні або ўзроўні ўзгадняльных інстанцый. Прэм'ер-міністр падкрэсліў, што перспектыва менавіта за сумеснымі праектамі.

У гэтай сферы, у тым ліку і ў шматбаковым фармаце, назіраюцца пазітыўныя тэндэнцыі. «Цяпер мы даволі шчыльна разглядаем пару прадпрыемстваў, пачынаючы ад інтэлектуальных сістэм, радараў і оптыка-механічных рэчаў, заканчваючы пытаннямі, напрыклад, верталётаў, бранятэхнікі і г.д. Тут яшчэ вельмі шмат работы», — удакладніў прэм'ер.

Адказваючы на пытанне наконт сумесных праектаў у галіне сродкаў сувязі, Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў, што беларуска-расійская, а таксама расійская і беларуская прадукцыя гэтага профілю магла б быць больш канкурэнтаздольнай на сусветным рынку. Як лічыць прэм'ер-міністр, пакуль яна яшчэ не такая высокая. «І гэта сапраўды праблема і для вучоных, і для канструктараў, каб сур'ёзна зрушыць вось гэты напрамак», — дадаў Міхаіл Мясніковіч. Пры гэтым ён адзначыў, што зрухі ў гэтым напрамку ёсць, але і іншыя вытворцы таксама не стаяць на месцы.

«Сёння так атрымліваецца, што не ўсе нашы прадпрыемствы могуць працаваць у кааперацыі для вытворчасці адпаведных вырабаў абаронна-прамысловага комплексу Расійскай Федэрацыі. Але зрухі ёсць», — сказаў прэм'ер-міністр. Ён нагадаў, што нядаўна абмяркоўваў гэту тэму з расійскім віцэ-прэм'ерам Дзмітрыем Рагозіным. «Дадзены адпаведныя даручэнні для таго, каб пералік вырабаў беларускіх кампаній уключыць у спіс, дазволеных для рэалізацыі ў адпаведных вырабах для патрэб абаронна-прамысловага комплексу Расійскай Федэрацыі», — дадаў прэм'ер-міністр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?