Беларуска, якую ў 1997 годзе маці прывезла ў Малдову ў чатыры годзікі і пакінула ў гэтай краіне, выхоўвалася ў цыганскай сям'і.

Пра гэта яна распавядае ў інтэрв'ю, відэа якога размешчана на сайце Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.

«Мяне гадавала бабуля-цыганка. У дзяцінстве мяне за грошы прадалі ў цыганскую сям'ю, у якой не было дзяўчатак-дзяцей. Я жыла ў гэтай сям'і, мяне любілі, трэсліся над мной, але я адчувала, што гэта не маё, што я іншая», — распавяла дзяўчына.

«Для цыганоў я была «рускай», а для рускіх — цыганкай», — успамінае яна. Але яна прабілася ў жыцці, вывучылася ў каледжы на цырульніцу і нават перамагла на мясцовым конкурсе хараства. І, самае галоўнае, ёй удалося адшукаць і даказаць свае карані…

Дзякуючы цеснаму ўзаемадзеянню беларускіх міліцыянераў з паліцыяй Малдовы ўстаноўлена месцазнаходжанне 21-гадовай мінчанкі, якая з 1997 года жыла ў чужой сям'і, паведамляе МУС Беларусі.

У 1997 годзе жыхарка Мінска разам з чатырохгадовай дачкой паводле запрашэння знаёмых адправілася ў Малдову. Некалькі месяцаў яна жыла разам з дзіцем у прыгарадзе Кішынёва, дзе займалася папрашайніцтвам. Затым пры нявысветленых акалічнасцях дзяўчынка знікла, а жанчына вярнулася дадому адна. Не выключана, што магла быць выкрадзеная прадстаўнікамі цыганскай дыяспары, лічыць следства.

Аператыўныя супрацоўнікі крымінальнага вышуку Беларусі мелі нязначную інфармацыю пра магчымае месцазнаходжанне дзіцяці. Доўгі час аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, запыты на адрас малдаўскіх праваахоўнікаў вынікаў не давалі. 

«Дзяўчынку некалькі разоў перапрадавалі з сям'і ў сям'ю, у яе было іншае імя і іншае прозвішча, — сказаў намеснік начальніка ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязей МУС Беларусі Георгій Еўчар. — Зніклая была абвешчаная ў міждзяржаўны вышук і міжнародны вышук па лініі Інтэрпола».

У чэрвені 2014 года супрацоўнікам міліцыі ўдалося ўстанавіць, што ў невялікім гарадку Сарокі ў Малдове жыве дзяўчына па імені Марыя, якая вонкава вельмі адрозніваецца ад «сваякоў». Высветлілася, што ў яе захавалася фатаграфія з чатырохгадовага ўзросту. Па ёй сваякі той, што адшуквалася, пацвердзілі значнае падабенства з малой, якая знікла без вестак у 1997 годзе. 

У Мінску супрацоўнікі Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз правялі генатыпаскапічную экспертызу. Яна пацвердзіла, што жыхарка Малдовы і беларуска, якая адшукваецца, — адна і тая ж асоба. 

Паводле слоў дзяўчыны, якая прадставілася Вольгай, у дзяцінстве новыя «бацькі» прадалі яе знаёмым ў сям'ю, дзе не было дзяўчынак.

«У пашпарце мяне назвалі Марыяй. Выгадавала мяне бабуля, я вучыла цыганскую мову, малдаўскую. Вучылася 9 класаў у рускай школе, паступіла ў каледж, вучылася на цырульніка, кухара, зараз скончыла курс манікюру, — распавяла яна. — Мяне любілі вельмі, выхавалі як сваю. Але я адчувала, што гэта не маё, я была не такая як усе, іншая — ні цыганка, ні руская — нешта сярэдняе. У мяне былі пытанні: хто я такая, адкуль я родам?»

У Мінску супрацоўнікі Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз правялі генатыпаскапічную экспертызу, якая пацвердзіла, што жыхарка Малдовы і дзяўчына, якую шукае МУС Беларусі — адна і тая ж асоба.

«Калі дзяўчына выкажа жаданне застацца ў Беларусі, на радзіме, безумоўна, будзе праводзіцца комплекс мерапрыемстваў і неабходных працэдур па пацвярджэнні яе асобы і дакументаванні», — заявіў Еўчар.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?