Удзельнікі Форуму грамадскіх арганізацый і грамадзянскіх ініцыятыў падпісалі 10 ліпеня ў Мінску дэкларацыю аб супрацоўніцтве. Прэзентацыя і абмеркаванне дэкларацыі і плана дзеянняў форуму прайшлі ў офісе прафсаюза РЭП. 

Дэкларацыю падпісалі прадстаўнікі мінскай гарадской арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі, мінскай гарадской арганізацыі аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», мінскай гарадской арганізацыі прафсаюза РЭП, зарэгістраванай у Літве Лігі развіцця дэмакратыі «Грамадзянскі вердыкт», ініцыятывы «Наша Кунцаўшчына» і шэрагу іншых арганізацый. 

У якасці базавых каштоўнасцей дзейнасці форуму ўстаноўлены свабоды і годнасць чалавечай асобы, развіццё мясцовага самакіравання, захаванне і развіццё беларускай мовы і культуры, абарона навакольнага асяроддзя і інтэгральная экалогія, трывалыя сем'і і здаровы лад жыцця. 

Сваёй асноўнай місіяй падпісанты дэкларацыі назвалі «фарміраванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі і працэс прыняцця рашэнняў, сумеснае вырашэнне сацыяльна значных для горада праблем, далучэнне жыхароў Мінска да дзейных грамадзянскіх ініцыятыў, павелічэнне папулярнасці няўрадавых арганізацый і іх лідараў сярод грамадзян». 

Адкрываючы пасяжэнне форуму, яго каардынатар Вольга Кавалькова заявіла: «Праблема Мінска, як і іншых рэгіёнаў, у тым, што выбараў, на жаль, няма. І мясцовая ўлада не выконвае тую функцыю, якую яна павінна выконваць, — вырашэнне праблем жыхароў гарадоў. Для таго каб больш цесна супрацоўнічаць, мабілізаваць тыя дэмакратычныя сілы, якія ёсць у Мінску, і ўзнікла ідэя гэтага форуму». 

Першым кірункам сумеснай працы ўдзельнікі форуму выбралі вырашэнне праблем сістэмы аховы здароўя. На жнівень-верасень запланавана экспертна-аналітычная распрацоўка прыярытэтаў працы на гэтым кірунку, падрыхтоўка сумеснай агульнагарадской кампаніі «За якасную даступную медыцыну». У межах кампаніі плануецца правядзенне адукацыйных акцый, семінараў, круглых сталоў, падрыхтоўка прапаноў па рэформе сістэмы аховы здароўя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?