Скандальны аўстрыйскі выканаўца Томас Нойвірт, які перамог на «Еўрабачанні-2014» дзякуючы вобразу Канчыты Вурст, з'явіўся на Тыдні высокай моды ў Парыжы.

Барадаты спявак, які нарабіў шмат шуму ў свеце дзякуючы свайму нестандартнаму выгляду, прыняў удзел у паказе новай калекцыі дызайнера адзення Жан-Поля Гацье. Падчас дэфіле Канчыта Вурст дэманстравала вясельную сукенку, аднак яна была не звыклага белага колеру, а мела чорна-чырвоную расфарбоўку. Зрэшты, уся калекцыя была выканана ў чорна-чырвоных колерах.

З'яўленне Канчыты было паднесена як неверагодны сюрпрыз гасцям моднага паказу. Выхад зоркі «Еўрабачання» завяршаў паказ і выклікаў у наведвальнікаў шоу бурныя эмоцыі. Дарэчы, магчымасць завяршаць паказ звычайна прадастаўляецца самым знакамітым мадэлям.

Жан-Поль Гацье прызнаўся, што быў знаёмы з выканаўцам яшчэ да «Еўрабачання» і так апісаў першую сустрэчу: «Я сустрэў Канчыту два гады таму на адным з маіх паказаў. Яе вобраз мне спадабаўся. Калі я даведаўся, што яна прадставіць Аўстрыю на «Еўрабачанні», то ўзрадаваўся. І быў вельмі шчаслівы, калі яна перамагла».

Гацье адзначыў, што ён задаволены тым, як Канчыта Вурст глядзелася ў яго сукенцы. Паводле яго слоў, прыгажосць заключаецца ў адрозненнях. «Канчыта паказала нам сваю нястрымнасць. У вопратцы от куцюр яна выглядае цудоўна, яна для гэтага створана», — сказаў вялікі дызайнер.

Між тым Гацье адным з першых (сярод знакамітасцяў) даслаў Вурст віншаванне з перамогай у спеўным конкурсе. Мадэльер галантна даслаў Вурст букет кветак і эксклюзіўную сукенку. Зорка «Еўрабачання-2014» у адказ прызналася ў любові да французскага майстра. Далей былі сумесныя сустрэчы на мерапрыемствах, дзе барадатая зорка прымярала на сябе новыя творы Жана.

Паказы Жан-Поля Гацье звычайна адрозніваюцца асаблівай атмасферай і запрашэннем на подыум скандальных знакамітасцяў. Раней у яго дэфіле ўжо ўдзельнічалі фотамадэль Дыта фон Тыз і аўстралійскі манекенщик Андрэй Пежыч, які прымае ўдзел у паказах як мужчынскіх, так і жаночых калекцый мадэльераў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?