Гурт «Крама» прадставіла на Tuzin.fm кліп на песню «Дзяўчынка». Музыкі называюць яго першым сур’ёзным кліпам за ўсю гісторыю існавання каманды.

Відэа зняў малады рэжысёр Андрэй Ляўковіч.

«Я абраў «Дзяўчынку» без ваганьняў, бо яна больш меладычная і добра падыходзіць для візуалізацыі, — кажа рэжысёр. — Паколькі гэтая песня звязана з асабістымі перажываннямі, то я пастараўся стварыць атмасферны кінаматаграфічны эмацыйны відэакліп».

Матэрыял для відэа здымалі ў два дні. «Мы падышлі грунтоўна, як ніколі: узялі ў арэнду на ноч Тэатр беларускай драматургіі, паставілі святло і гук і здымалі да раніцы. Сюжэтную лінію з дзяўчынай Андрэй здымаў ужо без нас на вуліцах Мінска», ­–апавядае гітарыст «Крамы» Сяргей Трухановіч.

Песня «Дзяўчынка» увойдзе ў новы альбом «Крамы» пад назваю «Белая вада», праца над якім практычна завершаная. Лідар «Крамы» Ігар Варашкевіч з задавальненнем апавядае пра будучы рэліз: «Альбом абяцае быць вельмі моцным і сур’ёзным, бо ён ужо прайшоў праверку часам. Аніводнай прахадной песні ў ім не будзе. Як не дзіўна, у дыск увойдзе нямала лірычных твораў. Ён пачаў стварацца ў няпросты час (пасля сьнежня 2010 года), але песні будуць не пра гэта. Як у «Океана Ельзи», якія спяваюць пра каханне, але з'яўляюцца пры гэтым сімвалам свабоды ва Украіне. Жартую, канечне, але мушу сказаць дакладна: альбом будзе добры!».

Рэліз альбому «Белая вада» запланаваны на восень.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?