Вядучыя камерцыйныя банкі, у якіх знаходзіцца больш як 80% рублёвых зберажэнняў насельніцтва, прынялі рашэнне знізіць працэнтныя стаўкі па тэрміновых дэпазітах.

Паводле інфармацыі БелаПАН, банкіры чакаюць, што трэнд на зніжэнне ставак па ўкладах працягнецца да верасня. 

Большасць банкаў прынялі рашэнне знізіць стаўкі па рублёвых укладах насельніцтва ў першай дэкадзе ліпеня. Так, «Белаграпрамбанк» з 9 ліпеня знізіў на 1 працэнтны пункт да 32% гадавых даходнасць па ўкладзе «Старт!» з фіксаванай працэнтнай стаўкай. Па ўкладзе «Вялікія грошы» стаўка была зменшаная на два працэнтныя пункты да 30% гадавых. 

Крыху раней, з 1 ліпеня, знізіў працэнтную стаўку па рублёвых укладах «Беларусбанк» — найбуйнейшы трымальнік сродкаў насельніцтва. З гэтага месяца даходнасць па ўкладзе «Прыярытэт» з фіксаванай працэнтнай стаўкай зменшана на 1,5 працэнтнага пункта да 31,5% гадавых. 

Таксама ў ліпені знізіў даходнасць па рублёвым укладзе з фіксаванай працэнтнай стаўкай яшчэ адзін буйны банк Беларусі — «БПС-Ашчадбанк». Па трохмесячным укладзе «Час сюрпрызаў» стаўка зніжана на адзін працэнтны пункт да 33—35% гадавых (у залежнасці ад тэрміну размяшчэння сродкаў). Яшчэ адзін буйны трымальнік сродкаў насельніцтва — «Белінвестбанк» — знізіў стаўкі па рублёвых укладах насельніцтва ў апошні дзень чэрвеня. 

Такім чынам, найбуйнейшыя банкі Беларусі, якія з'яўляюцца асноўнымі трымальнікамі рублёвых укладаў, за апошнюю дэкаду знізілі даходнасць па дэпазітах. Варта зазначыць, што рашэнні аб зніжэнні працэнтных ставак па рублёвых укладах банкі прынялі пасля паступлення ў склад золатавалютных рэзерваў брыдж-крэдыту «Банка ВТБ» (Расія) на 2 млрд. долараў. 

На фоне павелічэння рэзерваў, якія забяспечваюць стабільнасць курсу рубля, насельніцтва дастаткова спакойна ўспрымае рашэнні банкаў аб зніжэнні даходнасці па рублёвых укладах, канстатуюць банкіры. 

«Насельніцтва пакуль спакойна рэагуе на зніжэнне ставак — адтоку рублёвых укладаў мы пакуль не назіраем.

Датуль, пакуль стаўкі па тэрміновых укладах будуць заставацца вышэйшымі за 30% гадавых, насельніцтва будзе працягваць захоўваць зберажэнні ў рублях», — заявіў у гутарцы з карэспандэнтам БелаПАН топ-менеджар аднаго з камерцыйных банкаў. Паводле яго слоў, чакаючы некаторага працягу зніжэння працэнтных ставак, укладчыкі імкнуцца зафіксаваць цяперашні ўзровень даходнасці па дэпазітах. 

«Банкі сёння пераводзяць дэпазіты «ў даўжыню» — аб'яўляюць пра доўгатэрміновыя прадукты, якія дазваляюць укладчыкам зафіксаваць стаўкі на адносна працяглы тэрмін. Відавочна, што, прынамсі, да канца года ў нас дакладна захаваецца кіраваная дэвальвацыя рубля і захоўваць зберажэнні ў нацвалюце ўсё яшчэ будзе выгадна», — мяркуе топ-менеджар аднаго з банкаў. 

Нагадаем, у чэрвені Нацбанк прыняў рашэнне аб рэалізацыі грашова-крэдытнай палітыкі да канца года. Паводле інфармацыі БелаПАН, ацэнкі Нацбанка прадугледжваюць, што ў 2014 годзе курс рубля ў дачыненні да долара знізіцца на 12-13%, сярэдняя стаўка па рублёвых дэпазітах да канца года знізіцца да 30% гадавых, а стаўка рэфінансавання да 18-20%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?