Спачатку цытата з вучэбнага дапаможніка для Х класа «Гісторыя Беларусі, 1917—1945 гг» (2012): «У 1944 г. Чырвоная Армія нанесла шэраг удараў па ворагу… У ліку гэтых удараў быў і разгром гітлераўскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі».

Як на каго, а на мяне так і патыхнула сталіншчынай.

Праўда, заносіцца сталіншчына ў свядомасць школьнікаў кантрабандай, бо аўтар вучэбнага дапаможніка, Яўген Новік, абачліва не прыставіў да слова «ўдараў» азначэнне «сталінскіх», хоць, відавочна, і меў на ўвазе тыя «сталінскія ўдары».

«Дзесяць сталінскіх удараў» 1944­-га пры жыцці «бацькі народаў» павінны былі ведаць і школьнікі, і выдатнікі баявой і палітычнай падрыхтоўкі ў Савецкай Арміі, і камсамольцы ды члены партыі Леніна—Сталіна. Паводле гэтай ідэалагемы, Беларуская наступальная аперацыя, аперацыя «Баграціён», мела сярод «сталінскіх удараў» нумар пяты. І вось, праз дзесяцігоддзі беларускія школьнікі зноў чытаюць не проста пра наступальную аперацыю, а пра адзін з «удараў», якія Чырвоная Армія (РСЧА) нанесла «па ворагу».

Пытанні без адказу

Тое, як асвятляе Я. Новік падзеі Другой сусветнай і нямецка­савецкай войнаў, заслугоўвае цэлай дысертацыі. У ягонай кнізе праўда перамяшаная з няпоўнай праўдай, няпраўда з замоўчваннямі, а ўсё гэта выканана ў духу сталінскай гістарыяграфіі.

Я, напрыклад, не знайшоў у гэтай кнізе адказу на пытанне: чаму РСЧА прыйшла ў Мінск на дзясяты дзень наступальнай аперацыі, а ад Мінска да Брэста ішла 25 дзён?

І гэта пры тым, што на беларускім кірунку саветы мелі, як піша Я. Новік, жывой сілы ўдвая, самалётаў — амаль у 4 разы, танкаў і самаходных артылерыйскіх установак — амаль у 5 разоў, а мінамётаў і гармат — у 3,7 раза больш, чым праціўнік. Нейкае ўяўленне пра зацятасць баёў на захад ад Мінска дае гродзенская гісторыя. РСЧА падышла да Нёмана ў гэтым горадзе 16 ліпеня, а ў занёманскую частку пераправілася толькі 24­га.

Паўстае і такое пытанне: наколькі эфектыўныя былі дзеянні чырвоных партызанаў у нямецкім тыле, асабліва ў Заходняй Беларусі?

І тут я не магу не ўспомніць эсэ партызанскага камандзіра Уладзіміра Калесніка «Час вызвалення», у якім ён прызнаваўся, што яны са сваімі «пукалкамі» не шмат маглі супраць рэгулярнай арміі.

Пішацца ў літаратуры і пра «катлы» 1944-­га: Віцебскі, Бабруйскі, Мінскі… Браць праціўніка ў «кацёл» чырвоныя камандзіры навучыліся ў немцаў. І пры ўсім пры тым ім не ўдалося стварыць у Беларусі такі «кацёл», як немцам у 1941-­м. Тады, нагадаю, Вермахт узяў у абцугі тры арміі, а адлегласць ад Брэста да Мінска адолеў за 6 дзён.

Калі ўжо згаданы Мінскі «кацёл», дык нельга не задаць і такое пытанне: а ці ўсе аточаныя немцы трапілі ў палон, ці не вырываліся асобныя падраздзяленні з акружэння да сваіх?

Кажуць мне знаўцы, што тыя акружэнцы нават праз заняты саветамі Мінск праходзілі. Ды ў баявым парадку, а не панічна ўцякаючы. І чуў я, што немцы яшчэ колькі дзён пасля 3 ліпеня заставаліся ў асобных пунктах Мінска.

А яшчэ, кажуць мне, пасля 3 ліпеня сталіцу БССР бамбілі доблесныя сталінскія сокалы. Праўда гэта ці няпраўда?

Кірунак — Варшава, Берлін

Ведама, аўтар школьнага дапаможніка не абавязаны асвятляць усе гэтыя падзеі і даваць адказы на ўсе гэтыя пытанні. Не яму, а сабе я задаю і такое пытанне: чаму РСЧА не зрабіла немцам Беларускі «кацёл»? Паводле логікі, саветы павінны былі б разгарнуць у 1944-­м наступальныя аперацыі перш ва Украіне і ў Балтыі. Выцесніўшы немцаў з Валыні, Латвіі і Літвы, РСЧА магла ўзяць у абцугі групу армій «Цэнтр» на чале з генерал­фельдмаршалам Эрнстам Бушам.

Той, хто глядзеў савецкі фільм «Вызваленне», пэўна, запомніў, як маршал Георгі Жукаў і генерал арміі Канстанцін Ракасоўскі «пераканалі» Сталіна, што галоўны ўдар па немцах трэба нанесці ў Беларусі: маўляў, нас там не чакаюць — а мы іх знянацку; да таго ж праз Беларусь пралягае самы кароткі шлях на Берлін. Пры гэтым і Жукаў і Ракасоўскі (маршалам стане 29 чэрвеня, калі РСЧА увойдзе ў Бабруйск) ледзь не ўчынілі Сталіну фронду. У што­што, а ў такое не верыцца. Гэта Эрых фон Манштайн, Герд фон Рундштэт, Вальтэр Модэль (28 чэрвеня замяніў Эрнста Буша) маглі пікіравацца з Гітлерам, а савецкіх генералаў, таго ж Ракасоўскага, які пабываў за кратамі і зведаў катаванні, 1937—1938 гады навучылі не пярэчыць «правадыру і настаўніку». Па­другое, маецца сведчанне самога Ракасоўскага, што ён ажыццяўляў задуму Вярхоўнага.

У чым была задума Сталіна? Адказ на гэтае пытанне трэба шукаць не толькі ў польскай і заходняй літаратуры, але і ў гісторыі бальшавізму ды ў перапісцы Франкліна Рузвельта, Іосіфа Сталіна і Уінстана Чэрчыля.

Было відавочна, што Сталін паставіў далёкасяжныя мэты ў Цэнтральна-Усходняй і Паўднёва-­Усходняй Еўропе. У прыватнасці, яго клопатам было ўсталяванне прасавецкага рэжыму ў Польшчы, а потым і ў Нямеччыне. А таму патрабавалася, каб РСЧА акупавала тэрыторыі гэтых краін. Гэтай мэце і былі падпарадкаваныя Беларуская і Львоўска­-Сандамірская аперацыі РСЧА. Другая з іх («шосты сталінскі ўдар») пачалася 13 ліпеня.

Сталін дасягнуў свае першае мэты.

Створаны ў Маскве 22 ліпеня Польскі камітэт нацыянальнага вызвалення апублікаваў тамсама (але напісана было, што ў Холме) маніфест. Гэтым маніфестам касавалася канстытуцыя Польшчы 1935 г., а польскі эміграцыйны ўрад быў абвешчаны самазваным і нелегальным. Легальнаю ж часоваю ўладай Польшчы камітэт абвяшчаў сябе. Праўда, саюзнікі яшчэ змусяць Сталіна пайсці на пэўныя саступкі, але фундамент для ператварэння Польшчы ў савецкі сатэліт быў закладзены.

Праз тыдзень пасля польскай акцыі, у дзень завяршэння Беларускай і Львоўска­-Сандамірскай аперацый, Сталін мог узнагародзіць сябе ордэнам Перамогі.

Мэта апраўдвае сродкі. Апалогія сталінізму

Аўтар школьнага дапаможніка, Я. Новікаў, не піша пра далёкасяжныя мэты Сталіна. Ён праводзіць ледзь не «кіношную» версію Беларускай аперацыі. І робіць гэта з высокай доляй цынізму. «Тое, што кірункам галоўнага ўдару была выбрана Беларусь, — піша ён, — як і тое, што войскі 1­га Беларускага фронту змаглі прайсці праз палескія балоты і нанесці ўдар там, дзе вораг не чакаў, з’яўлялася, на думку нямецкіх генералаў, дзеяннямі «насуперак логіцы здаровага сэнсу». Але на вайне ёсць адна логіка — логіка перамагаць».

Помніце кадры з фільма «Вызваленне»? На Парычы ісці нельга, бо там немцы маюць моцную абарону, пойдзем «лявей», бо там балоты і немцы не гэтак акапаліся. І каб нейк «гуманізаваць» такое рашэнне, паказваюць ледзь не на ўвесь экран «макраступы», якія, маўляў, не дадуць чырвонаармейцам патануць у багне. Новік жа абыходзіцца без «макраступаў» і цалкам апраўдвае рашэнне штабоў гнаць байцоў праз балоты.

Чаму «гнаць»? А таму, што за перадавымі воінскімі падраздзяленнямі ідуць знакамітыя заградатрады, СМЕРШ, трыбуналы і пракуратуры са сваімі сахно і гарбацюкамі («Мёртвым не баліць» Васіля Быкава помніце?). Пра гэта ў беларускіх падручніках гісторыі не пішуць, затое, як відаць, кіруюцца вядомым выказваннем «пераможцаў не судзяць». І вось, Я. Новік сцвярджае: «Хто перамагае, у таго і «больш логікі», больш дасканалая ваенная стратэгія і тактыка».

Пра што яшчэ не пішуць у падручніках?

Пішучы летась (глядзіце «НН» № 26 за 2013) пра тое, як дзякуючы наступальнай аперацыі саюзнікаў у Італіі саветам удалося дасягнуць поспеху пад Курскам і Белгарадам і ўзяць стратэгічную ініцыятыву на сябе, я не патлумачыў, чаму ў танкавай бітве пад Прохараўкай РСЧА было вельмі цяжка. Калі ў няўдачах савецкіх танкістаў і была віна генерала Паўла Ротмістрава, дык вельмі ўскосная. Галоўная ж прычына была ў тэхнічнай адсталасці. Мала таго, што «тыгры» былі моцныя танкі, — яны былі аснашчаныя перадавымі сродкамі сувязі. Гэта давала нямецкаму камандаванню магчымасць каардынаваць дзеянні як асобных экіпажаў, так і цэлых падраздзяленняў. Да таго ж знакаміты «Карл Цэйс» вырабляў класную оптыку.

Пераадолець тэхнічнае адставанне дапамагалі саветам Злучаныя Штаты і Злучанае Каралеўства.

Яны паставілі больш як 45 тыс. радыёстанцый. Гэта дало магчымасць генералам Канстанціну Вяршыніну, Мікалаю Скрыпко і Мікалаю Хрукіну падчас Беларускай аперацыі перанацэльваць блізкія і далёкія бамбавікі проста ў паветры. А калі дадаць да гэтага амерыканскія і брытанскія самалёты (іх было атрымана не менш як 21 тыс.)? Адначасова моцную падтрымку атрымала савецкая супрацьпаветраная абарона — больш за 2 тыс. радыёлакатараў і 8,5 тыс. зенітных гармат. Само сабой, новыя магчымасці з’явіліся і ў танкавых войскаў. І ў пяхоты, якая атрымала ад саюзнікаў больш як 400 тыс. тэлефонаў і за 2 млн км тэлефоннага кабелю. Да гэтага дадайма супрацьтанкавыя ружжы і гарматы, аўтаматычную стралковую зброю (больш за 133 тыс. адзінак), пісталеты, матацыклы, джыпы, грузавыя аўтамабілі (амаль 376 тыс.)… А яшчэ паравозы, вагоны і платформы. І медыкаменты з харчамі не забудзьма. І абутак (амаль 15,5 млн пар).

Памятайма таксама, што ў ліпені 1943­-га саюзнікі адкрылі немцам другі фронт у Італіі, а за 17 дзён да Беларускай аперацыі пачалі наступальную аперацыю ў Нармандыі.

24 чэрвеня 1944 г. «Савецкая Беларусь» (так з кастрычніка 1941­га называлася «Советская Белоруссия») паведамляла, што напярэдадні РСЧА здзейсніла прарыў у раёне Віцебска, узяла Шуміліна і Сіроціна. 25 чэрвеня ў газеце з’явіліся загады Сталіна генералу арміі Івану Баграмяну (1­шы Прыбалтыйскі фронт) і генерал­палкоўніку Івану Чарняхоўскаму (3­ці Беларускі). З іх мы даведваемся, што гэтыя франты прарвалі абарону праціўніка на ўчастках шырынёю да 80 км і прайшлі каля 35 км наперад. Тым часам, чытаем мы ў «Савецкай Беларусі», саюзнікі штурмуюць крэпасць Шэрбур, іх авіяцыя ўчыняе налёты на чыгуначныя лініі і станцыі; працягвалася барацьба і на моры. Асобна цяжкія бамбавікі атакавалі нямецкія базы «самалёта­снарадаў» у раёне Па­дэ­Кале (13 чэрвеня немцы пачалі так званае беспілотнае бамбардаванне Брытаніі; у ваеннай тэхніцы пачыналася новая эпоха).

27 чэрвеня публікуюцца загады Сталіна генерал-­палкоўніку Георгію Захараву (2-­гі Беларускі) і генералу арміі Ракасоўскаму (1-­шы Беларускі). У Захарава за 3 дні байцы прайшлі на 30 км і пашырылі прарыў да 75 км, узялі Чавусы. У Ракасоўскага на паўднёвым захадзе ад Жлобіна за 2 дні чырвонаармейцы прайшлі 30 км і пашырылі прарыў да 8 км фронту, а на поўнач ад Рагачова прарвалі паласу шырынёю 30 км і прайшлі 12 км. Таксама перарэзана чыгунка Бабруйск—Лунінец. У тым жа нумары газеты публікуецца загад Чарняхоўскаму, чые войскі авалодалі 26 чэрвеня Віцебскам. Тут жа і загад Ракасоўскаму, у якім адзначаецца, што 26 чэрвеня зноў савецкім стаў Жлобін. А тым часам на Заходнім фронце баі ідуць ужо на вуліцах Шэрбура. Паведамляецца таксама аб дзеяннях 5­й амерыканскай і 8­й брытанскай армій на італьянскім фронце. З італьянскай тэрыторыі цяжкія бамбавікі ўчыняюць налёты на нямецкія аб’екты ў Паўднёвая Францыі. У ноч з 25 на 26 чэрвеня саюзная авіяцыя ўчыніла налёт «на варожыя аб’екты ў Будапешце». У тую ж ноч на Заходнім фронце брытанцы бамбілі прамысловыя аб’екты непадалёк ад Дуйсбурга, а амерыканцы — масты на ўсход ад Парыжа і аэрадромы ў Брэтані.

27 чэрвеня, паведамляе «Савецкая Беларусь», узята Орша. Авіяцыя бамбіць станцыі Асіповічы, Полацк, Барысаў, Лунінец, Пінск. Саюзнікі ж узялі Шэрбур.

У палон трапілі камандуючы войскамі шэрбурскага гарнізона генерал­лейтэнант Карл Вільгельм фон Шлібэн і камандуючы нямецкай марской абаронай контр­адмірал Вальтэр Генеке. Праўда, пра тое, што Сталін павіншаваў «доблесныя амерыканскія і брытанскія войскі з нагоды бліскучага поспеху», газета не паведамляе. Затое даведваемся, што робяць саюзнікі ў Італіі.

Як яны вярталіся

Шмат пра што мы можам даведацца з газет 1944­га. Не тое што з падручнікаў. Шмат інфармацыі даюць і дакументы, якія захоўваюцца ў архівах.

Увесну 1944­-га бальшавікі пачуваліся настолькі ўпэўнена, што ўжо пачалі фармаваць органы ўлады для пакуль што паднямецкіх абласцей і раёнаў Беларусі. Так, у маі бюро ЦК КП(б)Б прызначыла старшыню Вілейскага аблвыканкама і яго намесніка, кіраўніцтва Баранавіцкай вобласці, г. Баранавічы, Лідскага, Стаўпецкага, Мірскага, Слонімскага, Нясвіжскага, Ляхавіцкага, Валожынскага, Навамышскага, Клецкага, Наваградскага і Любчанскага раёнаў. 7 чэрвеня прызначаны 1­ыя сакратары Брэсцкага і Вілейскага абкамаў і начальнік НКГБ у Вілейскую вобласць. Было нават вядома, дзе будуць размяшчацца дарожна­-эксплуатацыйныя ўчасткі (ДЭУ) упраўлення шашэйных дарог НКВД: Браслаў, Ашмяны, Гадуцішкі, Глыбокае, Маладзечна, Баранавічы, Наваградак, Шчучын, Ліда і нават Ломжа, Аўгустаў, Беласток, Саколка і Бельск, не кажучы пра Кобрын, Брэст, Высокае і Пружаны (а вось у Пінскай вобласці — пэўна, з прычыны палескага бездарожжа — адзін Пінск).

Не трэба думаць, што першыя сакратары абкамаў ды старшыні аблвыканкамаў так і кінуліся ў занятыя РСЧА абласныя і раённыя цэнтры.

Спачатку туды следам за арміяй прыходзілі аператыўныя групы, якія складаліся з партыйных і савецкіх чыноўнікаў і з лю­дзей НКГБ і НКВД. Такія групы для Мінска і Мінскай вобласці, для г. Барысава і кожнага раёна ў вобласці і Мінску бюро ЦК КП(б)Б стварыла 27 чэрвеня.

Бальшавікі разумелі, што на тэрыторыі, ачышчанай ад немцаў, яны могуць сустрэць супраціў. Таму за 10 дзён да аперацыі «Баграціён» бюро ЦК прыняло пастанову аб знішчальных батальёнах. Прадпісвалася, што такія батальёны сакратары гарадскіх і раённых камітэтаў, старшыні выканкамаў і начальнікі райаддзелаў НКВД павінны ўкамплектаваць да 30 чэрвеня. У кожны батальён належала мабілізаваць ад 100 да 200 чалавек. Камісарамі (намеснікамі камандзіраў па палітчастцы) належала прызначаць другіх або трэціх сакратароў гарадскіх і раённых камітэтаў партыі. Кіраўніцтва службай батальёнаў ускладалася на вайсковыя аддзелы партыйных камітэтаў і органы НКВД.

Што ж тычыцца ўрада БССР і кіраўніцтва КП(б)Б, дык аператыўная група СНК і ЦК была створана 3 ліпеня. У яе склад увайшлі намеснік старшыні Саўнаркама Іван Былінскі, сакратар ЦК камсамола Міхаіл Зімянін, наркам камунальнай гаспадаркі В. Забела, сакратар Прэзідыума Вярхоўнага Савета Л. Папкоў, упаўнаважаны наркамату сувязі СССР у БССР Ф. Краўчук, намеснік наркама дзяржбяспекі П. Палітыка і намеснік наркама ўнутарных спраў І. Івашчанка. Вось гэтыя людзі і павінны былі рыхтаваць належную базу для вяртання і працы сваіх кіраўнікоў. Звяртае ўвагу тое, што ў аператыўную групу СНК і ЦК не ўвайшоў ніводзін высокапастаўлены партыйны чыноўнік.

Дзве «неўміручыя» ідэалагемы

У бальшавікоў, якія вярталіся ў Мінск і раёны, было шмат першарадных задач. Але бальшавікі не былі б бальшавікамі, калі б не дбалі перш­наперш аб прамыўцы мазгоў. Як ім было не наладзіць вывучэнне ў школах і працоўных калектывах, у партыйных ды камсамольскіх арганізацыях кнігі Сталіна «Аб Вялікай Айчыннай вайне Савецкага Саюза»? Яна дапамагала выпрацаваць «правільны» погляд на падзеі. Што ў партыйных кабінетах гэты погляд даўно ўжо выпрацаваны, сведчыць апублікаваны 27 ліпеня доўгі ліст «Ад працоўных горада Мінска, ад мінскіх партызанаў і партызанак Вялікаму правадыру народаў — Вярхоўнаму Галоўнакамандуючаму Маршала Савецкага Саюза Іосіфу Вісарыёнавічу СТАЛІНУ». Ліст гэты прыняты на мітынгу 16 ліпеня. Мусіць, дзесяць дзён спатрэбілася на яго «падгонку». Мяне ж у гэтай гісторыі цікавіць, колькі сярод мітынгоўцаў было тых, хто выходзіў у 1942—1944 г. на першамайскія дэманстрацыі ў Мінску і вітаў «Гітлера­асвабадзіцеля».

Раней жа, чым ліст «Вялікаму правадыру», у партыйных кабінетах быў складзены «Зварот да Беларускага народа», падпісаны старшынёю Саўнаркама Панцеляймонам Панамарэнкам, старшынёю Прэзідыума Вярхоўнага Савета Нічыпарам Наталевічам і сакратаром ЦК КП(б)Б Пятром Калініным.

У гэтым лісце былі закладзеныя дзве ідэалагемы.

Першая з ідэалагемаў гучала так: «Партызанскі рух у Беларусі стаў усенародным». Гэтая ідэалагема будзе замацаваная ў складзенай для міністра дзяржбяспекі БССР Лаўрэнція Цанавы кнізе «Всенародная партизанская война в Белоруссии против фашистских захватчиков: зарождение и развитие партизанского движения» (1949). З таго часу ніхто з савецкіх і постсавецкіх казённых гісторыкаў не мог і не можа адступіцца ад гэтае догмы.

Другая ідэалагема была на доўгі час пахаваная, пэўна, таму што была ўвязаная з імем Сталіна. Сфармулявана яна гэтак: «Вечна будзе жыць бязмежная ўдзячнасць беларускага народа любімаму правадыру і настаўніку таварышу Сталіну і ўзначаленай ім Чырвонай Арміі, якая вызваліла і вярнула народу свабоду і незалежнасць».

Ведама, аўтары «Звароту да Беларускага народа», пішучы пра вяртанне свабоды і незалежнасці, мелі на ўвазе, што Беларусь стала «свабоднаю і незалежнаю» 1 студзеня 1919 г.,

калі быў апублікаваны Маніфест Часовага рабоча­сялянскага савецкага ўрада Беларусі, або 11 ліпеня 1920 г., калі Чырвоная Армія выгнала палякаў з Мінска (да вайны менавіта гэты дзень урачыста адзначаўся ў БССР). І вось, у 1995 годзе ідэалагему пра тое, што вяртанне саветаў у Беларусь у 1944 г. азначала вяртанне незалежнасці, выцягнулі з архіва, сказілі і ўзвялі ў ранг афіцыёзу: дзень 3 ліпеня сталі адзначаць як свята незалежнасці.

Наколькі БССР была незалежнаю, ведае кожны.

Тут жа хочацца нагадаць адзін факт. У «Советской Белоруссии» за 6 жніўня 1944 г. змешчана віншаванне Нічыпару Наталевічу з прычыны вызвалення Мінска. Але віншаванне адрасавана яму не як старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, а як намесніку старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР. Не ведаю, ці сапраўды так напісана ў арыгінале. Спа­дзяюся, з часам гісторыкі знойдуць тэкст тае тэлеграмы, якую прэзідэнт Чэхаславацкай Рэспублікі і даўні сябар нашага народа Эдвард Бенеш пасылаў у Мінск. Тут жа больш важна адзначыць, што сам Наталевіч, пасылаючы тэлеграму Бенешу ў адказ, падпісаўся як намеснік старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР. Нельга было яму выступаць у якасці «прэзідэнта» хоць бы і квазідзяржавы. Вось такую «незалежнасць» атрымала на справе Беларусь 3 ліпеня 1944­га.

***

Аперацыя «Баграціён» (Беларуская аперацыя)

23 чэрвеня — 29 жніўня 1944. Адна з найбуйнейшых вайсковых аперацый у гісторыі чалавецтва. У яе выніку была вызвалена ад немцаў тэрыторыя Беларусі, усходняй Польшчы і частка Балтыі і разгромленая нямецкая група армій «Цэнтр». З савецкага боку ў ёй бралі ўдзел 1 млн 200 тыс. чалавек (без улікутылавых частак), з нямецкага — 850—900 тысяч (з іх 400 тыс. у тылавых частках). План аперацыі быў у тым, каб галоўны ўдар нанесці ў Беларусі і акружыць нямецкую групу армій усходней Мінска. У той час як нямецкае камандаванне чакала, што наступ савецкіх войскаў разгорнецца ва Украіне.

Людскія страты савецкага боку склалі 178 507 забітымі і 587 308 параненымі (для параўнання: падчас Берлінскай аперацыі загінула 81 тысяа салдатаў), з нямецкага боку было 26 397 забітых, 109 776 параненых, 262 929 палонных і зніклых.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?