Еўразійскі эканамічны саюз (ЕАЭС) не нясе ніякага ўрону суверэнітэту Беларусі. Такое меркаванне выказаў намеснік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі (ЛДП) Алег Гайдукевіч, выступаючы на пасяджэнні круглага стала «Еўразійскі саюз: праблемы станаўлення і перспектывы развіцця» ў Мінску 11 ліпеня. 

«Асноўны папрок да еўразійскай інтэграцыі ў тым, што Беларусь страціць свой суверэнітэт. Натуральна, 99% беларускага насельніцтва ніколі не падтрымаюць здачу суверэнітэту — гэта святое», — заўважыў Гайдукевіч. 

На думку палітыка, ніякага ўрону суверэнітэту Беларусі няма: «У чым мы скаваныя? Нацыянальная валюта свая, палітычная пазіцыя свая. Эканоміку нам перашкаджаюць мадэрнізаваць? Не, ніхто нам не перашкаджае». 

Паводле слоў Гайдукевіча, Еўрасаюз у большай ступені ўшчамляе суверэнітэт краін, якія ў яго ўваходзяць. «Еўрапейскія палітычныя сілы гавораць, што нацыянальныя валюты трэба вяртаць, што суверэнітэт трэба вяртаць», — сказаў намеснік старшыні ЛДП, дадаўшы, што такое меркаванне склалася ў яго пасля паездак па розных краінах ЕС і сустрэч з еўрапейскімі палітыкамі. 

Гайдукевіч таксама лічыць, што падпісаны дагавор аб ЕАЭС не аддаляе Беларусь ад Еўропы, а набліжае краіну да яе. «Разам Беларусь, Расія і Казахстан, іншыя краіны, якія хочуць далучыцца да аб'яднання, — мы разам дамовімся з Еўрапейскім саюзам, таму што гэта будзе сіла, з якой яны будуць вымушаныя лічыцца», — мяркуе ён. 

Пры гэтым палітык адзначыў: «Наша партыя вельмі незадаволеная тым, як адстойваюцца нацыянальныя інтарэсы Беларусі пасля падпісання ўсіх пагадненняў (па стварэнні ЕАЭС). Больш жорстка трэба іх адстойваць, гэта нармальна: Казахстан і Расія жорстка гэта робяць». 

Гайдукевіч прапанаваў прыцягваць буйны і сярэдні бізнес да выпрацоўкі пазіцыі Беларусі ў перамовах з партнёрамі па ЕАЭС. Ён таксама лічыць, што для захавання суверэнітэту Беларусі неабходна «расціць нацыянальную эліту, праводзіць рэформы, развіваць грамадзянскую супольнасць і палітычныя партыі». 

Намеснік старшыні партыі паведаміў, што ЛДП ініцыюе правядзенне ў Мінску «кангрэсу патрыятычных партый Еўропы». 

Круглы стол «Еўразійскі саюз: праблемы станаўлення і перспектывы развіцця» арганізаваны інфармацыйна-асветнай установай «Актуальная канцэпцыя» пры падтрымцы пасольства РФ у Беларусі. Акрамя экспертаў з Беларусі, Расіі і Арменіі на мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі дыпламатычных місій Расіі, Казахстана, Таджыкістана і Еўрапейскага саюза.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?