Асноўны галкіпер зборнай Беларусі Сяргей Верамко падпісаў гадавы кантракт з навічком расійскай прэм`ер-лігі — футбольным клубам «Уфа». 

Кар`ера 31-гадовага галкіпера пачалася ў дублі мінскага «Дынама», пасля чаго Верамко на тры сезоны перабраўся ва Украіну, дзе ў другім па рангу дывізіёне абараняў колеры харкаўскага «Арсенала». На радзіму вяртаўся ў брэсцкае «Дынама», дзе з ім спачатку падпісалі кантракт, а затым таямнічым чынам разарвалі дагавор. Аб гэтым потым, напэўна, пашкадавалі: Верамко хутка стаў асноўным галкіперам гродзенскага «Нёмана» і быў прызнаны лепшым варатаром чэмпіянату краіны, падпісаў кантракт з БАТЭ. Тут Верамко стаў лепшым варатаром краіны — у Барысаве ён выйграў тры чэмпіёнскія званні, Кубак і Суперкубак Беларусі, стабільна заняў пасаду № 1 у варотах нацыянальнай зборнай. 

З БАТЭ Верамко зноў падаўся за мяжу: правёўшы сезон ва ўкраінскім «Севастопалі» і тры — у самарскіх «Крылах Саветаў», ён бы прадоўжыў гуляць на берагах Волгі і далей, калі б самарскі клуб нечакана не прайграў у стыкавых матчах за права быць у эліце маскоўскаму «Тарпеда» і пакінуў прэм`ер-лігу. 

У выніку Верамко і яго зямляк абаронца Дзмітрый Верхаўцоў адмовіліся выступаць у другім па рангу дывізіёне Расіі і перабраліся ва «Уфу», якая прабілася ў прэм`ер-лігу, у стыкавых матчах з агульным лікам 8:1 разграміла томскую «Томь». 

Яшчэ два гульцы зборнай Беларусі — хаўбек Станіслаў Драгун і нападаючы Сяргей Карніленка — засталіся ў Самары. 

Заўважым, «Уфа» праяўляе цікавасць яшчэ да аднаго гульца зборнай Беларусі — хаўбека Сяргея Балановіча, які пабываў ва Уфе на праглядзе і згуляў у спарынгу супраць маскоўскага «Тарпеда».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?