21.11.2007 / 10:11

Аляксандар Кульлінковіч: Выцерлі ногі 13

Лідэр Neuro Dubel пра забарону прэзэнтацыі новага альбому яго гурту і фэсту «Рок‑Кола».

Лідэр Neuro Dubel пра забарону прэзэнтацыі новага альбому яго гурту і фэсту «Рок‑Кола».

Шок. Гэта была не звычайная ўжо для беларускіх музыкаў адмена канцэрту, гэта быў цынічны удар ніжэй пупка. Птушкафабрыкі адпачываюць.

Прайшлі канцэрты «Крамы» і N.R.M. Усім — і прыхільнікам, і музыкантам — хацелася верыць, што, нарэшце, голас розуму перамог! Улады зразумелі, што пагроза цёпламу ды вільготнаму клімату сыходзіць ня з боку рок‑музыкі. Упс!.. — як казала мая ўлюбёная сьпявачка Брытні Сьпірс.

Тэлефон разрываўся, сэрца таксама. Дзюбеля ў шоку, мае калегі‑музыканты шчыра спачуваюць. Сорамна перад публікай, да чырвані. Аб нас усіх у чарговы раз выцерлі ногі. Забарона невялікага канцэрта ў прыватным клюбе сыходзіла з такіх вяршыняў! Калі б не было так жудасна і крыўдна, гэтым можна б было ганарыцца. Людзям, бачна, няма чым сябе заняць: у адміністрацыі, у мэрыі, у ГБ — усё нармальна, мяцем па клюбах, шукаем ворагаў там, дзе іх няма па вызначэньні!

Я заўжды з павагаю ставіўся да рэальнай працы спэцслужбаў. Я лічу, што небясьпека краіны — гэта не пусты гук, але, відавочна, у нашай краіне ўсе надта прыстойна (а я ў гэта ня веру!), калі ТАКІЯ арганізацыі займаюцца такой дробязьзю.

На вясельлях ж таксама сьпяваюць — мо, нашаму Міністэрству Культуры і там выдаваць гастрольныя пасьведчаньні?

Мы музыкі, мы жадаем граць тое, што падабаецца нам і нашым слухачам, мы ня хочам быць пудзілам ні пад якім зь вядомых мне сьцягоў. Нашым гуртам больш за дзясятак гадоў, мы заслужылі любоў нашых любімых, наш мастацкі ўзровень мусіць цікавіць толькі нас і нашу публіку. Не міністэрствы і не камітэты. Беларускі гурт ня можа правесьці канцэрт у Беларусі без наяўнасьці ў яго спэцыяльнага дазволу — «гастрольнае пасьведчаньне». Само па сабе гэта маразм. Але няхай — усе адказы на атрыманьне гастрольных пасьведчаньняў і правядзеньне канцэртаў тычацца толькі прыватных клюбаў…

На вясельлях ж таксама сьпяваюць — мо, нашаму Міністэрству Культуры і там выдаваць гастрольныя пасьведчаньні? Альбо адмаўляць празь іх нізкі мастацкі ўзровень? Упэўнены, добрая ідэя. Мне працэнт.

Лепшыя людзі бягуць адсюль, іх прымушаюць. А ўвесь афіцыёз крычыць пра ўцечку мазгоў. Дзяржава сама рые каналы, па якіх і бягуць гэтыя плыні. Але МЫ не жадаем, тут наша Радзіма, мы яе любім і помнім. Я самаўпэўнена кажу за ўсіх музыкаў. Музыка — наша жыцьцё, канцэрты, твары людзей — самы галоўны стымул да жыцьця, для жыцьця ўвогуле і жыцьця ў грамадзтве. За што нас гоняць з нашай (гэта бачна па прапісцы) краіны? За заклікі да гвалту? Іх няма і быць ня можа. За палітыку? Яе няма ў нашых сьпевах. За заклікі да зьвяржэньня існуючага ладу? І гэтага ў нашых песьнях няма. Мы сьпяваем пра каханьне, пра вясельле і смутак. Усё. Забаронены гурт «Палац» выконвае прыгожыя старажытныя песьні… Пад нож. Drum Ecstasy ўвогуле не сьпявае — туды ж. Мо, справа ў року? Мяне прыбіла фраза з фармулёўкі адмовы ў правядзеньні «Рок‑Кола» — «лічыць немэтазгодным правядзеньне фэстывалю «Рок‑Кола«, бо яно не падпадае гістарычнай, духоўнай спадчыне горада Полацка і праваслаўю». Можа справа менавіта ў гэтай жудаснай фразе пра праваслаўе? Музыка антыхрыста? У якім стагодзьдзі мы жывем? Мо, спалім пару вядзьмарак? Кася Камоцкая (даруй, сонейка, гэтак трэба) падыйдзе?

Мо, спалім пару вядзьмарак? Кася Камоцкая (даруй, сонейка, гэтак трэба) падыйдзе?

«Рок‑Кола» — яшчэ адзін шок. Каму яно перашкаджала? Ізноў пытаю — за што? 17 год, амаль СССР. Няма на вас крыжа. Пакутую.

Мабыць, больш ня будзе ў Neuro Dubel канцэртаў, дзе можна было б паскакаць, павесяліцца і паглядзець у бінокль на тое, што адбываецца на сцэне:)

Мы будзем граць па‑маленькаму, прэзэнтацыя ўсё адно адбудзецца, усе ведаюць, дзе і як. «Па‑бальшому» няхай іншыя ходзяць. Хто пакуль (упэўнены, пакуль) не патрапіў пад нож. Мы не жадаем змагацца зь ветракамі, для сьляпых чыноўнікаў мы самі імі зьяўляемся. Ваююць з намі. Мы прагнем размовы з адэкватнымі людзьмі, мы хочам высьветліць сытуацыю, мы прагнем міру і музыкі.

Дарэчы, было сьмешнае (а што ў БССР сьмешна і нерэальна?) меркаваньне, што забарона была з‑за назвы альбома — «Stasi». Разьведка. Уууу, б*я! Можа і так, аднак Stasi наўрад ці б займалася забаронамі канцэртаў, у іх былі справы дзяржаўнай важнасьці.

P.S. Спадзяюся, гэты ліст прачытаюць нармальныя людзі, людзі, што пакуль ня страцілі розум.

Аляксандар Кульлінковіч, мастацкі кіраўнік гурта Neuro Dubel, «Тузін гітоў»

0
цётка / Адказаць
21.11.2007 / 10:54
Трымайцеся, музыкі! З 10 снежня рушыць Белсат, будзем вас слухаць і нават бачыць!Хай зграя спадзяецца на горшае, а мы з вамі на лепшае! Маразм ня можа крапчэць вечна.А ў вас яшчэ ўсё наперадзе, так што рыхтуйцеся!
0
Хрысьціна / Адказаць
21.11.2007 / 11:46
Сардэчна спачуваю. Маразм...... Трымайцеся! Хай варожыць гадзючнік варожы, усё роўна мы пераможам!
0
pan Brudas / Адказаць
21.11.2007 / 11:50
Калі забараняюць - значыць, баяцца! А калі баюцца - значыць неўпэўнена сябе пачываюць. Вельмі неўпэўнена.
Паказаць усе каментары/ 13 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру