ria.ru

ria.ru

Пісьменнік-франтавік Васіль Быкаў у пачатку 70-х не надта разбіраўся ў палітыцы. Разабраўся пасля 50 гадоў, бо падарваўся на міне: не падумаўшы, ён аўтаматычна падпісаў ліст супраць «літаратурнага ўласаўца» Салжаніцына.

19 чэрвеня Васілю Быкаву споўнілася б 90. Ён сышоў у 2003-м, у 79. І да апошняга дня раскайваўся за гэты подпіс, да апошняга дня яго выкупляў.

У героя, франтавіка, быў жорсткі лёс:

яму давялося правесці канец жыцця па-за сваёй «бацькаўшчынай», на зямлі праціўніка, у Германіі. Там цяпер было больш свабоды і дабра. З Лукашэнкам ён ужыцца не мог, вярнуўся толькі на апошнім месяцы жыцця: легчы ў родную зямлю.

Васіль Быкаў уварваўся ў наша невясёлае савецкае жыццё сваёй цяжкай вайной у раннія 60-я.

Зеляненькая «Юность» за 1964 год. «Пастка». Ня нямецкая — свая. Лейтэнант Клімчанка трапляе ў палон. Паводзіць сябе гераічна, гатовы да расстрэлу. Але эсэсавец Шварц (Чарноў), знайшоўшы ў яго спісы роты, робіць правакацыю нібыта ад яго імя, заклікаючы здавацца камсамольцаў, з якіх камсорг Клімчанка ўнёскі збіраў. А потым лейтэнанта адпускаюць. Ведаюць «абстановачку» ў савецкіх войсках. І тут жа асабіст спрабуе арыштаваць Клімчанку. На яго шчасце пачынаецца атака. Але лейтэнант паспявае паслаць мэсэдж Шварцу: «Ты перамог, сволач!» Надзея ў Клімчанкі адна: быць забітым ці цяжка параненым у гэтай атацы. І выратавацца ў магіле або ў шпіталі. Інакш - трыбунал.

У 1966 годзе з «Нового міра» нас шарахнулі аповесцю «Мёртвым не баліць». Яшчэ адзін лейтэнант Васілевіч успамінае, як капітан Сахно пагнаў на міннае поле санітарку Кацю, як прымусіў застрэліцца яго сябра лейтэнанта Юрку, а потым мітусіўся перад немцамі ў палоне. Але вось скончылася вайна, а Васілевіча і студэнтаў, якія заступаюцца за яго, цягне ў міліцыю былы старшыня ваеннага трыбунала. За непавагу да органаў.

А тут яшчэ з'яўляецца «Круглянскі мост» (1968). Аказваецца, за выбух моста любая цана добрая, у тым ліку і смерць сына паліцая Міці, які узарваў мост.

Мы даведаліся, што на вайне свае страляюць у сваіх.

Поўнае атачэнне: немцы і гэткія «свае».

Калі ж з'явіліся такія рэчы, як «Кар'ер» (1987), то аказалася, што страляе і мінулае. Страляе ў спіну, бо незразумела, ці варта працягваць жыць пасля вайны. Адкуль бяруцца сілы змагацца з немцамі ў пападдзі Варвары Мікалаеўны? Яе муж, айцец Кірыл, быў арыштаваны і загінуў у 30-я, а сын Алежка адрокся ад бацькі, каб вывучыцца, а потым трапіў пад бамбёжку. Выпаленая зямля. Пекла.

Героі Быкава жывуць, як у рамане каталіка Жоржа Бернаноса «Пад сонцам Сатаны». І калі яны захоўваюць чалавечнасць, як Варвара Мікалаеўна, Пятрок і Сцепаніда з «Знака бяды» (1983) і Сцёпка з «Круглянскага моста», то яны святыя.

У 80-я мы даведаліся ад Быкава, што сыны раскулачвалі бацькоў («Аблава», 1986); што саджалі «нацдэмаў» (патрыётаў нацыянальных ускраін СССР), такіх як Дарошка ў «Сцюжы» (1991); што ў паліцаі ішлі раскулачаныя (як Гуж з «Знака бяды»); што «ворагаў народа» выбіралі галасаваннем на сходзе, была норма па іх «выкрыцці» («Чырвоныя пятліцы», 2001).

А пасля вайны стала яшчэ горш: даносяць адзін на аднаго з-за страху героі, навуковыя работнікі з «Бедных людзей» (1998). Гіне ад радыяцыі згвалтаваны «дзядамі» дэзерцір, забіўшыся ў зону; усіх вярбуюць ў сексоты, а Валера Сарокін, які не стаў стукачом, губляе ўсё, співаецца і памірае ў газпромаўскай трубе («Труба», 1998).

Наша вайна не скончылася і не скончыцца цяпер ужо ніколі. Ні для нас, ні для Васіля Быкава.

Аднак пісьменнік раіў паміраць па-чалавечы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?