Вялікабрытанія адмовіла ў выдачы віз членам расійскай дэлегацыі, якая павінна была прадстаўляць Маскву на авіяшоў у Фарнбара (Farnborough Air Show), паведамляе Agence France-Press.

Гэты авіясалон з'яўляецца ключавой падзеяй для авіяцыйнай прамысловасці і мае важнае значэнне для Расіі, якая імкнецца экспартаваць сваю прадукцыю.

Міністэрства замежных спраў Вялікабрытаніі патлумачыла, што яно запрашае прадстаўнікоў замежных дзяржаў для ўдзелу ў Фарнбара ў якасці гасцей дзяржавы, хоць гэта і камерцыйнае мерапрыемства.

«Але ў сувязі з дзеяннямі Расіі ва Украіне нікому з прадстаўнікоў расійскай дзяржавы не было накіравана запрашэнне ад імя ўрада Яе Вялікасці на Фарнбара-2014», — заявіў прадстаўнік брытанскіх уладаў.

Брытанія ў ходзе крызісу заняла пазіцыю цвёрдага прыхільніка ўвядзення санкцыйных мер, якія заключаюцца ў замарожванні актываў і забароне на паездкі ў сувязі з «расійскім умяшаннем у канфлікт на ўсходзе Украіны».

Крыніца ў расійскай дэлегацыі таксама паведаміла РІА Навіны, што ўдзел дзяржкампаніі «Росабаронэкспарт» у авіясалоне сарвана з-за адсутнасці брытанскіх віз.

Пасольства Расіі ў Вялікабрытаніі звярнулася з нотай ў МЗС краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?