Беларусь прадала на знешнім рынку ўзбраенне і вайсковы рыштунак на $338 мільёнаў у 2013 годзе, увайшоўшы ў 20-ку найбольш буйных экспарцёраў вайсковай тэхнікі, сведчаць дадзеныя, сабраныя Стакгольмскім міжнародным інстытутам даследвання праблем міру (SIPRI). 

Па той жа інфармацыі, купцамі беларускай зброі сталі Кітай і Судан, якія набылі ўзбраення і рыштунку на $170 мільёнаў і $168 мільёнаў адпаведна. Годам раней Беларусь прадала вайсковай прадукцыі на $97 мільёнаў — на $69 мільёнаў Азербайджану і на $28 мільёнаў Йемену.

Крыніца: SIPRI Arms Transfers Database

Крыніца: SIPRI Arms Transfers Database

Лідарам міжнароднага рынка зброі ў 2013 годзе стала Расія, аб'ём паставак якой дасягнуў $8,3 мільярда, на другім месцы ЗША, якія прадалі тэхнікі на $6,2 мільярда, за імі ідуць Кітай, Францыя і Вялікабрытанія з пастаўкамі ў $1,8 мільярда, $1,5 мільярда і $1,4 мільярда адпаведна.

Беларусь, па дадзеных SIPRI, задавальняе 1% агульнага сусветнага экспарту зброі, што тым не менш дэманструе даволі высокае месца беларускага вайскова-прамысловага комплексу (ВПК) на вельмі канкурэнтным рынку.

Больш за тое, як адзначыў беларускі вайсковы эксперт Аляксандр Алесін, значная частка нашага ваеннага экспарту не падпадае пад «маніторы» міжнародных арганізацый. Бо Беларусь - буйны вытворца і прадавец вайсковай электронікі, высокатэхналагічных камплектуючых і сістэм кіравання, а гэтыя пастаўкі не ўлічваюцца, напрыклад, Арганізацыяй аб'яднаных нацый, якая патрабуе інфармаваць толькі пра трансфер самастойных адзінак ваеннай тэхнікі — самалётаў, танкаў, караблёў і гэтак далей.

Таксама не ўлічваюцца праграмы мадэрнізацыі вайсковай тэхнікі, якія праводзяцца беларускімі заводамі для замежных кліентаў.

«Гатовую зброю мы практычна не робім. Аднак электроніка хутка старэе, і гэта дае нам вялікую перавагу за кошт праграмаў мадэрнізацыі, адчыняе і магчымасці для экспарту», - растлумачыў аналітык. Ён ацаніў беларускі абаронны экспарт у $300-400 мільёнаў і лічыць, што той можа вырасці да паловы мільярду долараў.

І такія ацэнкі не выклікаюць вялікіх сумневаў, бо аб'ём вытворчасці прадпрыемстваў беларускага ВПК у 2013 годзе вырас на 51,4%, згодна з інфармацыяй беларускага Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэта

Увогуле на экспарт ідзе да 70% прадукцыі беларускага ВПК, паведаміў у нядзелю кіраўнік Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэта Сяргей Гурулёў. Назіральнікі звязваюць гэтую сітуацыю з нізкім узроўнем фінансавання беларускай арміі, якой не хапае сродкау на паўнавартаснае пераўзбраенне.

Няўтульныя «абдымкі»

«Вузкім» альбо, магчыма, наадварот, занадта «шырокім» месцам для нашага ВПК застаецца вельмі высокі ўзровень залежнасці ад Расіі, лічыць Аляксандр Алесін.

«Беларускі ВПК — частка савецкага, не вельмі вялікая, але ў прынцыпе вельмі тэхналагічна прасунутая. Наш ВПК адсоткаў на 80 арыентаваны на Расію. Пакуль яна - наш асноўны пакупнік і пастаўшчык», — адзначае ён.

Узаемная тэхналагічная залежнасць Беларусі і РФ настолькі высокая, што пастаўкі ў Расію, хутчэй за ўсё не ўваходзяць у лічбы экспарта і праходзяць па асаблівым разлікам, кажа эксперт.

Такі ўзровень залежнасці, магчыма, нервуе беларускае кіраўніцтва, асабліва на фоне падзеяў ва Украіне.

Блеф альбо новы курс?

Аляксандр Лукашэнка вясной-летам 2014 году зрабіў некалькі гучных заяваў на тэму развіцця беларускай абароннай прамысловасьці - у тым ліку пра планы стварэння шэрагу новых самастойных беларускіх узораў зброі.

Да гэтага змушаюць не толькі фактары міжнароднай палітыкі, але і паступовае старэнне той зброі, якая засталася ў Беларусі пасля распаду СССР. Верагодна, падае і мадэрнізацыйны патэнцыял савецкай тэхнікі.

Лукашэнка наведвае 558-ы Авіяцыйны рамонтны завод. Красавік, 2014. Фота: president.gov.by

Лукашэнка наведвае 558-ы Авіяцыйны рамонтны завод. Красавік, 2014. Фота: president.gov.by

«Мы не павінны сядзець у майстэрні і нешта старое кляпаць. Армія сярэдзіны мінулага стагоддзя нам не патрэбная», - заявіў Лукашэнка ў красавіку на 558-м Авіяцыйным рамонтным заводзе.

Былі агучаны планы стварэння беларускай сістэмы супрацьпаветранай абароны, беларускай лёгкай баявой тэхнікі, верталётаў, і нават баявых самалётаў.

«Вайскова-паветраныя сілы мы павінны трымаць у добрым стане, каб не паўтарыць сумны вопыт нашых братоў-украінцаў… Калі спатрэбілася ваяваць, аказалася, што арміі няма», — дадаў Лукашэнка. Канешне, было заяўлена, што ўсё гэта магчыма ў кааперацыі з Расіяй, аднак тут жа былі згаданыя Украіна і Еўропа. «Давайце паспрабуем з украінцамі дамовіцца і разам паспрабаваць… Дый і еўрапейцы і іншыя сёння зацікаўленыя з намі працаваць. Момант сёння адпаведны», - сказаў Лукашэнка. 

Са свайго боку Масква адначасова стараецца максімальна прывязаць да сябе беларускі ВПК, прапаноўваючы свае праекты, і не дазволіць Беларусі павялічыць супрацоўніцтва з украінскімі прадпрыемствамі.

Пры вайсковай кааперацыі Беларусі і Украіны для ВПК нашага ўсходняга суседа можа паўстаць заўважны канкурэнт, а самастойнасць гэтых краінаў вырасце. «Расія не хоча, каб Беларусь і Украіна распрацоўвалі свае гатовыя ўзбраенні, гэта датычыцца такіх праектаў, як беларуска-ўкраінскі сумесны супрацьпаветраны комплекс «Стылет», супрацьтанкавыя — «Скіф» і «Шэршань», — кажа Аляксандр Алесін.

«Скіф» на ўзбраенні арміі Азербайджана

«Скіф» на ўзбраенні арміі Азербайджана

Супрацьпаветраны комплекс «Стылет». Фота: belarmy.by

Супрацьпаветраны комплекс «Стылет». Фота: belarmy.by

Стварэнне моцнага і самадастатковага беларускага ВПК, у якім Беларусь будзе на роўным узроўні з партнёрамі, да таго ж дазволіць з меншымі выдаткамі фінансаваць сваю армію і навуку, бо вялікая частка грошаў будзе вяртацца ў сваю ж эканоміку, а развіццё вайсковых тэхналогій звычайна спрыяе і цывільнаму сектару навукі.

Аднак, магчыма, беларускае кіраўніцтва гучнымі заявамі хоча проста папужаць РФ, каб «выбіць» з яе больш прэферэнцый, але захаваць традыцыйную сістэму адносін, лічыць эксперт. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?