Да пасольства Расіі ў Мінску ніхто не прыносіць кветкі і свечкі ў сувязі з трагедыяй у маскоўскім метро. Аб гэтым паведаміў саветнік пасольства Уладзімір Марчукоў.

«Не, нічога няма каля пасольства», — сказаў ён.

Варта адзначыць, што да расійскага пасольства ў Кіеве, нягледзячы на напружаныя адносіны паміж Расіяй і Украінай, кіяўляне яшчэ з вечара 15 ліпеня прыносяць кветкі і свечкі.

На просьбу выказаць меркаванне, чаму ўкраінцы нясуць кветкі да пасольства, а грамадзяне Беларусі, якая з'яўляецца найбліжэйшым саюзнікам Расіі, ніяк не адрэагавалі на трагедыю, Марчукоў сказаў: «Не ведаю, нічога не магу сказаць наконт гэтага. Звычайна беларусы заўсёды самыя першыя адгукаюцца на падобныя трагічныя падзеі».

Ён таксама паведаміў, што пасольства не будзе адкрываць кнігу спачуванняў. «Жалоба аб'яўленая ў адным з суб'ектаў Расійскай Федэрацыі. У гэтых выпадках кніга не адкрываецца», — сказаў саветнік пасольства. Ён не выключыў, што пазней кніга спачуванняў можа быць адкрытая ў Доме Масквы ў Мінску.

Паводле апошніх звестак, колькасць загінулых у выніку сыходу трох вагонаў з рэек у маскоўскім метро, найбуйнейшай па колькасці ахвяр за ўсю гісторыю існавання маскоўскай падземкі аварыі, узрасла да 22 чалавек. Агульная колькасці загінулых і траўмаваных складае 162 чалавекі. 16 ліпеня ў Маскве аб'яўлена днём жалобы.

Паводле звестак прэс-сакратара пасольства Беларусі ў Расіі Аляксандра Гардзейчыка, сярод загінулых у аварыі ў маскоўскім метро грамадзян Беларусі няма. «Супрацоўнікі консульства знаходзяцца на пастаяннай сувязі з МНС і медыкамі. Некаторыя з пацярпелых, дастаўленых у бальніцы, знаходзяцца ў стане непрытомнасці, ідэнтыфікаваць іх цяпер складана», — сказаў прэс-сакратар.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?