Калегія па крымінальных справах Мінскага абласнога суда 16 ліпеня вынесла прыгавор абвінавачваным па справе аб жорсткім забойстве мінчанкі Таццяны Слонімскай.

Галоўны абвінавачваны, Яўген Кулік, прыгавораны да пажыццёвага зняволення з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах асаблівага рэжыму. Яго хаўруснік Мікалай Лотыш атрымаў сем гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Ён будзе адпраўлены на прымусовае лячэнне ад алкагалізму.

Пацярпелымі па справе праходзілі сын і дачка Таццяны Слонімскай, якая прапала 3 ліпеня 2013 года. Відавочцы сведчылі, што яна прыязджала ў вёску Малы Трасцянец (Мінскі раён) да маці, а затым паехала на аўтамашыне «Мазда-3» збіраць ягады. 18 ліпеня ў лясным масіве паблізу вёскі Дворац закапаным у зямлю быў знойдзены труп жанчыны са шматлікімі (не менш чым 14) нажавымі раненнямі. Пры ўзаемадзеянні з праваахоўнікамі Расіі ў Маскве быў знойдзены аўтамабіль, што належаў Слонімскай.

Дзякуючы своечасова праведзеным следчым дзеянням і аператыўна-вышуковым мерапрыемствам праваахоўнікі ўстанавілі падазроных ва ўчыненні злачынства. Імі аказаліся раней неаднаразова судзімыя мінчане 1992 і 1994 гадоў нараджэння. Яны былі затрыманы 17 ліпеня.

Кулік абвінавачваўся ва ўчыненні злачынстваў па ч. 1 арт. 14, ч. 2 арт. 205, ч. 3 арт. 205, ч. 3 арт. 207, пп. 6, 12 ч. 2 арт. 139, ч. 1 арт. 377, ч. 1 арт. 380, ч. 1 арт. 381 КК; раней судзімы Мікалай Лотыш — ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 6 арт. 16, пп. 6, 12 ч. 2 арт. 139, ч. 2 арт. 205, ч. 3 арт. 205, ч. 6 арт. 16, ч. 3 арт. 207 КК.

Падчас следства па справе аб забойстве стала вядома таксама аб крадзяжах, учыненых Куліком з Лотышам. Менавіта падчас прыезду 3 ліпеня ў лес каля вёскі Прылессе для раздзелу і вывазу раней украдзенай маёмасці на аўтамабілі «ЗАЗ» Кулік і Лотыш сустрэлі ў лесе Слонімскую, якая збірала ягады. Бачачы, што жанчына не збіраецца з'язджаць, Кулік прапанаваў Лотышу забіць яе і завалодаць яе машынай «Мазда-3». Забіваць Кулік вырашыў сам. Лотыш быў патрэбен на ўсякі выпадак для дапамогі.

Слонімская была забіта ўдарамі нажом у шыю і іншыя верхнія часткі цела, калі падышла да сваёй машыны. Першы ўдар Кулік нанёс, падкраўшыся ззаду. Пакуль ён забіваў жанчыну, Лотыш назіраў за абстаноўкай, закрыў анучамі нумарны знак іх машыны «ЗАЗ». Злачынцы пагрузілі труп у «Мазду» і выехалі з лесу. Лотыш рухаўся першым на «ЗАЗе» і па тэлефоне паведамляў Куліку на «Маздзе» аб непажаданых сведках.

Труп Кулік закапаў у лясным масіве каля вёскі Дворац. Папярэдне ён зняў з забітай дарагія пярсцёнкі з брыльянтамі і забраў дакументы. Апошнія вечарам спаліў. Адзенне Куліка, выпацканае ў кроў Слонімскай, выкінуў удалечыні ад месца жыхарства абодвух Лотыш.

У ноч з 3 на 4 ліпеня Кулік выехаў у Маскву і па падробленых дакументах і рэгістрацыйных знаках прадаў «Мазду». Вярнуўшыся ў Мінск, даў Лотышу 500 долараў за дапамогу ў разбойным нападзе і забойстве і ўтойванні злачынства. Усяго ў Слонімскай было ўкрадзена маёмасці больш як на 126 млн. рублёў. 

1 ліпеня дзяржабвінаваўца папрасіў суд прыгаварыць галоўнага фігуранта гэтай справы да пажыццёвага зняволення з канфіскацыяй маёмасці, яго памагатага — да 25 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

У судзе Кулік поўнасцю прызнаў сваю віну ў злачынствах, якія яму інкрымінуюцца, у прыватнасці ў крадзяжах, разбойным нападзе на Слонімскую і яе забойстве. Пры гэтым ён не згадзіўся з трактоўкай следствам дзеянняў Мікалая Лотыша як дапамаганне.

Лотыш заявіў суду, што абвінавачанне прызнае часткова. Дапамогу ў забойстве, паводле слоў абвінавачванага, ён сапраўды аказваў, але не ў такіх аб'ёмах, як вынікае з абвінавачання, і не пры такіх абставінах.

У апошнім слове 14 ліпеня Кулік папрасіў прабачэння ў сваякоў Таццяны Слонімскай і папрасіў суд вынесці справядлівы прыгавор.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?