Грамадзянам забароняць забіраць з лесу дзікіх жывёл. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў нумар 674 ад 12 ліпеня бягучага года. Дакумент уступіць у сілу пасля афіцыйнага апублікавання.

«Цяпер, калі чалавек знайшоў у прыродных умовах траўміраваную, параненую або хворую жывёлу, ён мае права забраць яе дадому і толькі праз некаторы час праінфармаваць раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя аб знаходцы, — растлумачыла начальнік упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Наталля Мінчанка. — Пры гэтым спагадлівыя грамадзяне нярэдка забіраюць з месц пражывання жывёл, якія ў гэтым не маюць патрэбы». Напрыклад, птушаня вучыцца лятаць, а чалавек думае, што ён выпаў з гнязда і яму патрэбна дапамога.

Цяпер асоба, якая знайшла хворую, параненую або траўміраваную дзікую жывёлу, павінна будзе адразу ж паведамляць аб гэтым карыстальніку паляўнічых угоддзяў, або ў аператыўна-дзяжурную службу тэрытарыяльнага органа ўнутраных спраў, або ў дзяжурную службу раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Пасля гэтага інфармацыя аб знаходжанні жывёлы перадаецца ў адпаведны тэрытарыяльны орган Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі і раённую, гарадскую ветэрынарную станцыю, а прадстаўнікі дзяржорганаў выязджаюць на месца знаходжання хворай, параненай або траўміраванай жывёлы. Далей у залежнасці ад абставін прымаецца рашэнне аб далейшым лёсе жывёлы і пры неабходнасці яе забіранні.

Адлоўленая дзікая жывёла па рашэнні прадстаўнікоў можа быць перададзена на ўтрыманне грамадзяніну, індывідуальнаму прадпрымальніку або юрыдычнай асобе з яе згоды, гаворыцца ў дакуменце. 

Дакументам прадугледжана яшчэ адно новаўвядзенне. У прыватнасці, тэрытарыяльныя органы Мінпрыроды атрымліваюць магчымасць выдаваць грамадзянам, ІП і юрыдычным асобам дазвол на адлоў дзікіх жывёл для іх далейшага ўтрымання і развядзення толькі пры наяўнасці адпаведных умоў пражывання адлоўленай жывёлы (напрыклад, прасторнага вальера).

У пастанове таксама ўдакладнена працэдура выдачы дазволу на забіранне дзікай жывёлы з прыроднага асяроддзя, больш дэталёва прапісаны патрабаванні да працэдуры забірання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?