Спатрэбілася сёньня мне адна лічба: які ў нас валавы ўнутраны прадукт паводле парытэту пакупной здольнасьці (ППЗ). Ёсьць такі цікавы паказчык, і ў Беларусі ён адносна высокі.

Пошук у Сеціве сьвежых зьвестак ня даў (сайты нашых дзяржаўных органаў — гэта ўвогуле песьня!). Тэлефаную эканамісту Яраславу Раманчуку. Той па памяці кажа: па выніках году мусіць быць прыкладна 9 700 даляраў.

Нічога сабе! Аляксандар Лукашэнка быў, трэба сказаць, недалёкі ад ісьціны, калі на кастрычніцкай прэсавай канфэрэнцыі даводзіў расейцам, што паводле ППЗ наш валавы ўнутраны прадукт сягае пад сто мільярдаў даляраў. Без такога пераліку, нагадаю, ён — пад сорак мільярдаў. Чаму гэтакія нажніцы — асобнае пытаньне, вынесем яго за дужкі, тут лепей патлумачаць мэтры эканамічнае навукі.

Але фішка вось у чым: мы ўжо значна перасягнулі Рубікон дэмакратыі.

Тлумачу: навукоўцы Нью-Ёркскага ўнівэрсытэту на падставе грунтоўнага аналізу разьвіцьця дзесяткаў краін за апошнія дзесяцігодзьдзі зрабілі выснову: там, дзе ВУП паводле ППЗ ня меншы за шэсьць тысячаў, дэмакратыя становіцца практычна непахіснай.

Падкрэсьлю: гэта не азначае, што пры такім паказчыку дэмакратыя перамагае аўтаматам. Напрыклад, у Эміратах, пры ўсёй іхняй раскошы, увогуле забароненая дзейнасьць палітычных партый. Соль у іншым: пры пэўным узроўні дабрабыту вяртаньне ад ужо ўсталяванай дэмакратыі да дыктатуры (ці нават "звычайнага" аўтарытарызму) становіцца немагчымым.

Дарэчы, ці ня ёсьць ілюстрацыяй вынікі "каляровых рэвалюцыяў"? Сэрбія ўсталявала трывалую дэмакратыю, Украіна, хай сабе і не без хістаньня, перайшла цераз майдан, а вось болей бедныя Грузія ды Кыргызстан ня могуць выбрацца з зачараванага кола.

Канешне, у кожным канкрэтным выпадку спрацоўвае яшчэ і шэраг спэцыфічных чыньнікаў. Але, мусіць, у гіпотэзе амэрыканцаў нешта ёсьць.

Карацей, мы ўжо ў паўтара разы перавысілі патрэбны паказчык. І калі ў Беларусі ўсталюецца дэмакратычны лад, то рэванш — хочацца верыць заакіянскім навукоўцам :) — будзе немагчымы.

Засталася дробязь — заваяваць дэмакратыю :)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?