15 ліпеня на чыгуначным пераездзе «Хараброва» пры ўездзе ў Оршу былі затрыманыя распаўсюднікі расійскіх сцяжкоў.

Высветлілася, што распаўсюджвалі сцяжкі жыхары Барысава — Максім Андрэевіч Ціханаў, 1989 нараджэння, і Павел Васільевіч Жыльцоў, 1977 года нараджэння, абодва глуханямыя. Іх чакае суд.

«Наша Ніва» пагутарыла праз чат з адным з фігурантаў справы, Максімам Ціханавым. Недапасаванні ў склонах, адрывістасць адказаў можа тлумачыцца тым, што чалавек глуханямы. Падаём ягоныя адказы даслоўна.

— Вы займаліся распаўсюдам сцягоў у якасці бізнэсу ці проста сыходзячы са сваіх перакананняў?

— Проста для сябе.

— А чаму менавіта расійскія?

— Я ж не толькі РФ. А разам РФ і РБ. Гэта ж не фашысцкая схватка.

— Але ўсё ж у нас у краіне ў адносінах да Расіі ці вельмі «за», ці радыкальна «супраць». Вы з гэтым не сутыкаліся?

— Адзін чалавек супраць у Оршы. Людзі былі задаволеныя браць сцяжкі. Самі пытаюцца, дзе РФ.

— А апошнія падзеі «Украіна-Расія» неяк паўплывалі на попыт? Сталі больш браць ці менш?

— Я не збіраюся супраць Украіна. Проста ў нас саюз РБ і РФ. Я нават капейчыну атрымліваю, чым на заводзе.

— Я не гэта меў на ўвазе. Як людзі ў апошні час адрэагавалі на палітычную сітуацыю ў Расіі? Яны сталі купляць больш сцяжкоў? Ці наадварот, расчаваліся ў Расіі і купляюць менш?

— Бывае дрэнна, бывае добра.

— А як вы ў цэлым лічыце, ці патрэбная справа прадаваць сцягі РФ ў нашай краіне? Ці ў гэтым можа быць нешта негатыўнае?

— Гэта проста ўпрыгожванне для машын. Але ў мяне будзе ў суд.

— Але суд, як я разумею, за продаж без ліцэнзіі? Самі сцягі тут ні пры чым.

— Але ў нас канфлікт. Адзін з пакупнікоў падаў заяву з-за РФ, а я на яго за тое, што ён пагражаў і псіхаваў.

— А сцягі іншых краін не карыстаюцца попытам? Вы не думалі пра гэта? Польшчы? Літвы? Еўрасаюза?

— Ім не трэба. У нас толькі саюз РФ і РБ.

— А як вы думаеце, гэта не пагражае нашай незалежнасці? Такая, не зразумейце няправільна, прапаганда РФ.

— Я так не думаю.

— А колькі каштавалі ў вас сцяжкі?

— 20 тысяч, а сабе 5 тысяч на харчаванне. Оптам дорага каштуе. У Расіі там робяць РБ і РФ

— У інтэрнэце была інфармацыя, што вам іх прывозілі бясплатна.

— Няма ніякай бясплатна. Я напісаў заяву, што ездзіў у РФ, там, дзе оптам, і купіў.

— А ў вас не было пачуцця страху пры продажы? У Мiнску ходзяць гісторыі, што не ўсе вельмі прыязна ставіліся да прадаўцоў расійскіх сцягоў.

— Я ні за што не прадам адзін сцяг РФ. Толькі разам РБ і РФ. У мяне няма страху.

— А наогул мэта вашага бізнэсу гэта фінансавая выгада або проста агітацыя за «Расія і Беларусь разам»?

— Проста за Расія і Беларусь. Для выжыванне, а не мэта бізнэс. Я не так ужо добра зарабляю. У паперы напісана, што для таго каб выжыць

— А якія ў вас планы на будучыню? Збіраецеся атрымліваць ліцэнзію і працягваць гэтым займацца? Ці ўжо ўсё, пасля гэтай гісторыі?

— Да канца лета і ўсё. Толькі сцяжкі РБ. А РФ больш не прадаю. Я выдаляюся «Укантакце», бо мне пішуць чужыя людзі. І непрыемныя словы.

* * *

Ад рэдактара

У тлумачэннях Максіма за кадрам застаецца самае важнае. Сцяжкі — менавіта расійскія і адразу ва ўсёй краіне — пачалі раздаваць глуханямыя. За гэтай ідэяй і тэхналогіяй раздачы, як бачыцца, стаіць нехта ў спецслужбах Расіі. Той, хто першым аддаў сцяжкі ў рукі глуханямых. Попыту на тыя сцяжкі раней не было ніякага. Пакуль не пачалі раздаваць. Прывучаючы, фактычна, беларусаў да наяўнасці расійскіх сцяжкоў паўсюль.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?