Дзяржаўны міністар міністэрства замежных спраў Нямеччыны Гернат Эрлер наведае з 21 па 23 лістападу Маскву і Менск. Як паведамляюць у нямецкім замежнапалітычным ведамстве, у чацьвер 22 лістапада нямецкі дзяржміністар адкрые традыцыйную, дзясятую па ліку беларуска‑нямецкую імпрэзу «Менскі форум», мэта якой спрыяць дыялёгу паміж палітыкамі, экспэртамі, няўрадавымі арганізацыямі Беларусі, Нямеччыны і іншых суседніх дзяржаў. Па завяршэньні канфэрэнцыі плянуецца сустрэча паміж Гернатам Эрлерам і намесьнікам міністра беларускага МЗС Валер’ем Варанецкім.

Напярэдадні паездкі ў інтэрвію «Deutsche Welle» Гернат Эрлер заявіў, што

«дачыненьні паміж Эўропай і сёньняшняй — афіцыйнай — Беларусьсю нельга назваць добрымі».

Аднак, нягледзячы на гэта, Нямеччына імкнецца праводзіць палітыку адкрытых дзьвярэй для Беларусі.

«Калі пазыцыя кіраўніцтва ў Менску зьменіцца, калі мы адчуем, што там ізноў узьнікае інтарэс да супрацоўніцтва, і, у першую чаргу, зьменіцца стаўленьне да апазыцыі, то ў такім выпадку Эўразьвяз будзе гатовы супрацоўнічаць, нават зьняць санкцыі, уключна з забаронай на ўезд у Эўразьвяз цэламу шэрагу чальцоў менскага кіраўніцтва», сказаў Гернат Эрлер.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0