Беларускія дыпламаты павінны шукаць перспектыўных партнёраў у розных рэгіёнах свету, каб развіваць з імі такое ж супрацоўніцтва, як з Венесуэлай. Пра гэта заявіў сёння Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з кіраўнікамі дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў Беларусі.

«Мала хто верыў у поспех маштабнага краінавага праекта пад назвай «Венесуэла». Але мы даказалі, што можам на іншым паўшар'і выконваць найскладанейшыя тэхнічныя задачы. Вопыт, набыты «крывёй і потам» у Венесуэле, трэба выкарыстоўваць у іншых рэгіёнах. Трэба шукаць і знаходзіць свае «венесуэлы» ў Азіі, Афрыцы, дый у той жа Лацінскай Амерыцы», — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Ва ўмовах адкрытай, арыентаванай на экспарт эканомікі Беларусі яе знешнеэканамічны складнік мае ключавое значэнне, падкрэсліў ён. «Залог стабільнасці краіны ў тым, як мы спрацуем на знешніх рынках, а поспех знешнеэканамічнай дзейнасці залежыць ад узгодненых дзеянняў усяго рэальнага сектара эканомікі», — заявіў кіраўнік дзяржавы. 

Зазначыўшы, што беларускім экспарцёрам даводзіцца канкурыраваць з вядучымі замежнымі кампаніямі і транснацыянальнымі карпарацыямі, Лукашэнка сказаў: «Значыць, трэба шукаць свае нішы, дзе беларуская прадукцыя была б запатрабаваная. Там, дзе мы гэтыя нішы знаходзім, у тым ліку і з дапамогай пасольстваў, наша тэхніка і іншыя тавары высока цэняцца і нямала каштуюць. Зафіксаваныя нават факты падробак беларускіх брэндаў».

На думку кіраўніка дзяржавы, сучасная знешняя палітыка Беларусі павінна быць прамым увасабленнем формулы «дыпламатыя — гэта майстэрства магчымага». «Але не ў сэнсе «адпачываць на лаўрах» або «спаць у шапку», апраўдваючыся знешнімі неспрыяльнымі ўмовамі. Неабходна ставіць максімальныя мэты, прычым на ўсіх кірунках. І толькі тады можна разлічваць на нейкі прымальны вынік», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?