З месяц таму дзёрнуў нячысты зайсці на старонку сацыяльнай сеткі «Аднакласнікі» (адзін мой сябра называе яе «Ад»).

Пабачыў, што былая аднагрупніца «палічыла класным» наступны пост: «Смотрю на Украину, и думаю. ….какое счастье, что у нас есть БАТЬКА! Ему корову худую на ферме показать бояться, а не то что такое творить…» Вырашыў пачытаць каменты, так і захраснуў там на пару гадзін, а потым яшчэ вяртаўся ў іншыя дні да гэтых каментаў.

«Аднакласнікі» – гэта ўвогуле асобны свет. Укантакце» – там коцікі, сардэчкі і крылатыя фразы вялікіх людзей. З «Аднакласнікамі» складаней – гэта нейкая грымучая сумесь праваслаўя, сталінізму і антысеметызму. Якая шчодра дадаецца статусамі кшталту: «Калі ты хочаш, каб я зрабіла аперацыю па павелічэнні цыцак, стаў клас».

З пачаткам інфармацыйнай вайны ва Украіне «Аднакласнікі» сталі не меншай зброяй прапаганды, чым тэлеканалы. З цікавасцю назіраю, як адзін мой зямляк, настаўнік беларускай мовы, былы сувядучы мегапапулярнай у 90-я перадачы «Запрашаем на вячоркі» лайкае допісы, у якіх заклікаюць «не дапусціць ачарнення нашага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна» ці «сысці з рускамоўнага сайта «Аднакласнікі» ўсім, каму не падабаюцца рускія». Ці ўрэшце такую карцінку, што, на мой погляд, увогуле па-за межамі дабра і зла.

Дыскусія адносна Лукашэнкі зацікавіла мяне найперш праз ягоную пазіцыю па Украіне. Кіраўнік Беларусі добра выказваўся аб Турчынаву і Парашэнку (прынамсі ў маёй стужцы «Аднакласнікаў» сябры лічаць, што ўкраінскае кіраўніцтва асабіста п’е кроў данбаскіх немаўлят), заклікаў украінцаў знішчаць тэрарыстаў на Усходзе ды паспрабаваць вярнуць Крым.

Дзеля эксперыменту вырашыў выкарыстоўваць як аргументы толькі цытаты Лукашэнкі. Не дапамагло, вынікі наступныя: Лукашэнка – маладзец, Пуцін – маладзец, апалчэнцы – малайцы. Амерыка, Гейропа і Парашэнка – упыры.

Удзельнікі падабраныя паказальна. Шмат людзей з відавочна фэйкавымі акаўнтамі. Іхнія фатаздымкі на аватарках лёгка знаходзяцца ў Гугле, і належаць выявы, натуральна, зусім іншым людзям. Гэтыя тролі і вядуць рэй, яны і ствараюць «думку большасці». Канечне, яны якраз і пяюць, як у Беларусі зараз усё добра і другой долі нам трэба, а ва Украіне — бардак. Характэрна, што гэтыя людзі, якія называюць сябе беларусамі, актыўна ўжываюць назву краіны «Белоруссія», пераконваючы, што ў іх у Магілёве ўсе так кажуць. Магілёўцы, праўда?

Сама аўтарка паста называе ўкраінскіх лідараў «гнілью продажной», іншая каментатарка – «шелупонью».

Калі прыходзяць рэальныя настаўніцы, называючы свае заробкі ў два мільёны, ідзе адказ: «Хто на што вучыўся». І заклікаюць «не заціклівацца на сваім заробку» ў часы, калі ў Еўропе Канчыта Вурст перамагае на «Еўрабачанне».

Ну як жа не ўзгадаць Гейропу і духоўны заняпад. Ну куды ёй да Расіі, у якой першае месца ў Еўропе па колькасці наўмысных забойстваў і апошняе месца ў Еўропе (на ўзроўні Зімбабвэ і Батсванай) па індэксе якасці жыцця.

Дарэчы, у выніку статус сабраў 27 тысяч лайкаў. Лічба немалая, таму дазволю сабе пару высноваў, хай і нікчэмных з пункту гледжання сацыялогіі.

Падчас прачытанняў усёй гэтай галіны каментароў у мяне не пакідала ўражанне, што сам Лукашэнка вядзе сябе адэкватней, чым выгадаваны ім уласнаручна электарат.

Уласна кажучы, ва ўкраінскім канфлікце афіцыйны Мінск можна папракнуць толькі галасаваннем у ААН па Крыме. У астатнім пазіцыя дзяржавы была вытрыманай ці нават праўкраінскай.

Электарат жа Лукашэнкі займае зусім іншую пазіцыю. Ён за «рускі мір», неад’емнай часткай якога, натуральна, з’яўляецца Беларусь. І гэта вынік шматгадовай палітыкі дэнацыяналізацыі, якую праводзіў усё той жа Лукашэнка.

Як бы парадаксальна ні было, найбольшыя пагрозы для Лукашэнкі сыходзяць не ад загнанай у кут праеўрапейскай апазіцыі, а ад ягоных жа прыхільнікаў. Яны не хочуць ніяіх заходніх каштоўнасцяў, бо прапаганда ўбіла ім у галовы, што яны зводзяцца да свабоды гомасэксуалізму. А што ж яны хочуць? Хочуць тут і цяпер рускі рубль, заробкі як у Расіі. І Пуціна-прэзідэнта ўрэшце.

Не так даўно рэдактар «Советской Белоруссіі» Павел Якубовіч назваў Големам расійскае грамадства, узбуджанае Пуціным. А ў нас, хіба ў нас — інакш?

У такіх умовах Лукашэнку застаюцца два варыянты: ці задаволіць жаданні людзей, што прывядзе да канчатковай страты суверэнітэту і ўлады, ці паспрабаваць перавыхаваць свой электарат. Хаця, магчыма, я занадта ўсё драматызую.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?