Арганізацыя Аб’яднаных Нацый асуджае Беларусь за парушэнне правоў чалавека. Адпаведная рэзалюцыя была прынятая 21 лістапада. У падтрымку дакумента прагаласавалі 68 дзяржаваў, супраць — 32.

Нягледзячы на тое, што 76 краінаў устрымаліся пры галасаванні, рэзалюцыя лічыцца прынятай, бо галасы «за» перавышаюць галасы «супраць».

Дакумент, суаўтарамі якога выступілі 33 дзяржавы, выказвае «глыбокую занепакоенасць з нагоды далейшага выкарыстання сістэмы крымінальнага правасуддзя для таго, каб прымусіць замаўчаць палітычную апазіцыю і праваабаронцаў».

У праекце рэзалюцыі гаворыцца пра «далейшую эрозію дэмакратычнага працэсу» і сцвярджаецца, што мясцовыя выбары ў Беларусі ў 2007 годзе прайшлі з выкарыстаннем метадаў запалохвання апазіцыі і ўціску незалежных СМІ.

Аўтары праекту, сярод якіх ЗША, краіны ЕС і Японія, нагадалі Мінску пра гвалтоўнае знікненне трох палітычных апанентаў прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі ў 1999 годзе і журналіста ў 2000 годзе.

У віну Беларусі пастаўлена прыцясненне і закрыццё няўрадавых арганізацый, арганізацый нацыянальных меншасцяў, незалежных СМІ, рэлігійных групаў, апазіцыйных палітычных партый, незалежных прафсаюзаў і студэнцкіх арганізацый. У рэзалюцыі згадваецца Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, які пераследуецца ўладамі.

РИА «Новости» via Еўрапейскае радыё для Беларусі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0