На першых палосах практычна ўсіх брытанскіх газет — навіны аб крушэнні пасажырскага «Боінга» авіякампаніі Malaysia Airlines на паўднёвым усходзе Украіны. Прыводзім агляд брытанскай прэсы, падрыхтаваны Бі-Бі-Сі.

Аглядальнік Daily Telegraph па пытаннях абароны Кон Коўлін адзначае, што сёння сепаратысты маюць магутны арсенал ракет, які ўяўляе пагрозу як для ваеннай авіяцыі, так і для грамадзянскіх самалётаў, якія пралятаюць над гэтымі тэрыторыямі.

Усяго некалькі дзён таму прарасійскія сепаратысты збілі ўкраінскі транспартны самалёт Ан-26. Неўзабаве пасля гэтага яны заявілі, што ім удалося збіць яшчэ некалькі ваенных самалётаў украінскіх ВПС.

«Пакуль яшчэ занадта рана з упэўненасцю казаць, што катастрофа звязаная з выкарыстаннем перавезенай ва Украіну расійскай зброі.

Аднак той факт, што гэтая тэрыторыя больш не з'яўляецца бяспечнай для любых самалётаў, павінен заахвоціць сусветную супольнасць аказаць ціск на Уладзіміра Пуціна, каб пакласці канец яго безадказным дзеянням на ўкраінскай тэрыторыі», — адзначае аглядальнік.

Раней на гэтым тыдні ЗША ўжо ўвялі шэраг новых санкцыяў у дачыненні да Расіі. На думку Кона Коўліна, калі высветліцца, што за авіякатастрофай пад Данецкам стаіць Расія, то можна чакаць яшчэ больш жорсткіх мер супраць Масквы з боку Захаду.

«Тэорыі змовы»

Млявая грамадзянская вайна на ўсходзе Украіны ўжо ператварылася ў крызіс сусветнага маштабу, лічыць калумніст газеты Times Роджэр Боес.

Крушэнне малайзійскага «Боінга» выклікае ў памяці авіякатастрофу 1983 года, калі савецкім знішчальнікам «Су-15» быў збіты пасажырскі «Боінг 747» паўднёвакарэйскай авіякампаніі Korean Air Lines.

Той інцыдэнт вельмі абвастрыў і без таго няпростыя адносіны паміж СССР і краінамі Захаду, нагадвае Боес.

Інцыдэнт з рэйсам MH17, які пацярпеў крушэнне ў Данецкай вобласці, можа стварыць такі ж эфект і прывесці да поўнага перагляду адносін паміж Усходам і Захадам, мяркуе журналіст.

На яго думку, пасля падзення самалёта кампаніі Malaysia Airlines могуць ускладніцца адносіны Расіі не толькі з ЗША і Еўрасаюзам.

Цяпер і азіяцкія краіны будуць коса глядзець на Уладзіміра Пуціна.

Хоць Крэмль і адмаўляе сваю датычнасць да інцыдэнту, той факт, што сепаратысты ўжо рыхтуюцца адправіць «чорныя скрыні» збітага самалёта ў Маскву, не гаворыць на карысць Расіі, адзначае Боес.

Крамлю трэба, нарэшце, растлумачыць свае дзеянні на ўсходзе Украіны. Калі Масква хоча хаця б часткова вярнуць давер да сябе, яна павінна даць зразумець, ці працягваюць знаходзіцца прарасейскія баевікі пад яе кантролем, ці яна гэты кантроль страціла.

Ні адзін з гэтых варыянтаў не дасць палягчэння заходнім лідарам, аднак, калі нявызначанасць будзе доўжыцца, гэта яшчэ горш.

Цана, якую давядзецца заплаціць Расіі ў гэтым крызісе, велізарная, падкрэслівае аўтар артыкула.

Паколькі ўсход Украіны ўважліва адсочваецца са спадарожнікаў НАТА, то ўжо ў найбліжэйшай будучыні можна будзе дакладна вызначыць, адкуль вылецела ракета, якая трапіла ў «Боінг».

Аднак, як лічыць Роджэр Боес, Крэмль у любым выпадку можа даць «доказы» таго, што ў катастрофе нібыта вінаваты ўкраінскі бок, таму варта прыгатавацца да «месяцаў канспіратыўных тэорый».

Палёты над канфліктамі

Каля двух месяцаў таму Федэральнае кіраванне грамадзянскай авіяцыі ЗША выпусціла прадпісанне амерыканскім пілотам праяўляць максімальную асцярожнасць пры палётах над тэрыторыяй Украіны.

Аднак грамадзянскія самалёты ўсё роўна працягвалі лятаць над зонай канфлікту, перавозячы дзясяткі тысяч пасажыраў, адзначае карэспандэнт Independent Сайман Калдэр.

Такія палёты адбываюцца штодня ў руцінным рэжыме, у тым ліку над Іракам, Афганістанам і Лівіяй.

Звычайна лайнеры пры гэтым не падвяргаюцца небяспецы, бо ляцяць на вялікай вышыні і знаходзяцца па-за дасяжнасці прымітыўных ракетных комплексаў, якія звычайна выкарыстоўваюцца ў лакальных канфліктах.

Але еўрапейскім авіяцыйным рэгулятарам яшчэ трэба будзе адказаць на пытанне, чаму збіты самалёт не быў накіраваны ў абыход небяспечнай зоны.

Усе папярэднія выпадкі, калі буйныя транспартныя самалёты былі збітыя падчас рэйсаў, адбываліся ў выніку трагічных памылак або пралікаў, нагадвае журналіст. Так было і з паўднёвакарэйскім «Боінгам», збітым савецкім знішчальнікам ў 1983 годзе, і з іранскім Airbus A300, збітым праз пяць гадоў ракетай з амерыканскага ваеннага карабля ў Персідскім заліве.

Крушэнне «Боінга» на паўднёвым усходзе Украіны пагражае авіякампаніі Malaysia Airlines сур'ёзнымі наступствамі, нават калі сама кампанія будзе прызнаная невінаватай у тым, што здарылася, заключае Сайман Калдэр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?