Перавага

Жанр: фантастыка, трылер, драма

Рэжысёр: Уолі Пфістэр

У ролях: Джоні Дэп, Рэбека Хол, Пол Бетані, Кіліян Мёрфі, Кейт Мара, Коўл Хаўзер, Морган Фрыман

Вялікабрытанія, Кітай, ЗША, 119 хв.

Навуковец Уіл Кастэр (Джоні Дэп) спецыялізуецца ў вывучэнні штучнага інтэлекту і працуе над стварэннем камп’ютара, які зможа ўсвядоміць сваё існаванне і ўвабраць досвед усяго чалавецтва. Ён так імкліва рухаецца ў сваіх даследаваннях, што набывае вядомасць геніяльнага навукоўца, а таксама становіцца небяспечным аб’ектам у вачах антытэхналагічнай тэрарыстычнай групоўкі.

Яе адэпты здзяйсняюць напад на шэраг лабараторый і самога Кастэра. Смяротна паранены навуковец разам з жонкай Эвелін і калегам Максам Вотэрсам вырашаюць зрабіць тэхналагічны прарыў: алічбаваць мозг Кастэра, стварыўшы яго віртуальную копію, падмацаваную магчымасцямі штучнага інтэлекту. На пачатку эксперыменту яны не да канца ўсведамляюць, куды гэта завя-дзе і Кастэра, і ўвесь свет.

Сталы аператар Крыстафера Нолана («Цёмны рыцар» (2008, 2012), «Пачатак» (2010)), аскараносны Уолі Пфістэр дэбютаваў як рэжысёр з навукова-фантастычнай стужкай. Сюжэт апавядае пра машынны апакаліпсіс, але мае свае асаблівасці: бяздушная машына набывае рысы чалавека і дзейнічае як іншая, новая істота.

Паводзіны яе тым не менш прадказальныя, але да чаго яны прывядуць у перспектыве — адназначнага адказу няма, ды і быць не можа. Пфістэр ставіць складаныя пытанні як экалагічныя, так і этычныя; Дэп не мяняе свайго амплуа фрыка, цяпер — фрыка ад навукі.

Моцны, стылёвы фільм, які адсылае да сюжэтаў класічнай фантастыкі, але прапануе новы погляд, прадыктаваны сучаснасцю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?