Ізраільскія вайскоўцы пачалі ў чацвер наземную вайсковую аперацыю ў сектары Газа. Распараджэнне аб гэтым аддаў прэм’ер-міністр Біньямін Нетаньяху.

Агенцтва Reuters паведамляе са спасылкай на відавочцаў, што Ізраіль вядзе агонь з цяжкіх артылерыйскіх гармат, з вайсковых караблёў і верталётаў. Армія Ізраілю заявіла, што галоўная мэта новага этапу аперацыі «Непарушная скала», якая пачалася 8 ліпеня, — абараніць ізраільцян і знішчыць аб’екты баевікоў групоўкі ХАМАС.

Раней у чацвер, як толькі скончылася 5-гадзіннае «гуманітарнае замірэнне» паміж Ізраілем і баевікамі ХАМАС, ізраільская тэрыторыя была зноў абстраляная з сектару Газа.

Ізраільскія вайскоўцы паведамілі, што па Ізраілі выпушчана ўжо 1300 ракет.

Паводле палесцінскага боку, ахвярамі ізраільскіх паветраных удараў сталі 240 чалавек, сотні параненых. Паводле дадзеных ААН, большасць іх — мірныя жыхары.

У чацвер Ізраіль паведаміў пра тое, што афіцыйна прад’яўленыя абвінавачанні ў забойстве палестынскага падлетка.

Судзіць будуць трох габрэйскіх радыкалаў — членаў адной сям’і. Яны прызналі, што спалілі хлопчыка жыўцом у адказ на забойства траіх выкрадзеных палестынскімі баевікамі ізраільскіх школьнікаў.

З гэтых забойстваў і пачаўся цяперашні ваенны канфлікт у рэгіёне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?